БНФ «на маршы»

Сённа Партыі БНФ, а ўласна Беларускаму Народнаму Фронту «Адраджэньне», споўнілася 25 год. Але, нягледзячы на гэтую дату, партыя працуе: у Мінску адбыўся Сойм. Партыя абмяркоўвала свой удзел у выбарах, праблемы кааліцыйнага будаўніцтва і супрацы, а таксама пытанні «народнага рэферэндума».



1327826171_0.jpg

Як заўсёды, усё было галосна. Аж занадта. Сойм яшчэ не пачаўся, а журналістам ужо была разасланая віншавальная прамова лідара ПБНФ Аляксея Янукевіча. На ягоную думку, 19 кастрычніка 1988 года быў дадзены старт арганізацыйнаму афармленню беларускай нацыянальнай дэмакратыі як палітычнай сілы. «Паўстанне БНФ было паваротнай з’явай у гісторыі нашай Бацькаўшчыны: у 1988 годзе былі ізноў пакліканыя да жыцця праграмы палітычнай незалежнасці Беларусі. Гэта з’явілася падмуркам да наступнага гістарычнага чыну — здабыцця Рэспублікай Беларусь суверэнітэту. Менавіта БНФ стаўся той сілай, праз якую была ясна, дзейсна і пераможна выяўленая палітычная воля беларускай нацыі да самавызначэння і стварэньня суверэннай дзяржавы», — лічыць Янукевіч.

Сапраўды, без БНФ цяжка ўявіць суверэнную і самастойную Рэспубліку Беларусь. Калі б не было фракцыі БНФ у парламенце, можа, не было б ані Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі, ані бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня», ані краіны ўвогуле.

Праўда, святочны настрой быў некалькі не тое што сапсаваны — крыху азмрочаны. Зусім нядаўна памёр ветэран Фронту Віктар Івашкевіч. Таму першае, што зрабілі сябры Сойму — ушанавалі хвілінай маўчання памяць Івашкевіча і ўсіх ветэранаў арганізацыі, якіх зараз няма з аднапартыйцамі.

Пытанняў сапраўды ў БНФ зараз шмат. Янукевіч адзначыў, што зараз БНФ, канешне, можа аглядвацца назад — не ўсе падзеі апошняга часу былі для БНФ правальныя. Але, на яго думку, трэба глядзець наперад, бо зараз у краіне адбываецца шмат чаго, што хутка будзе радыкальна ўплываць на становішча Беларусі ў свеце.

Напрыклад, ваенныя манеўры «Захад–2013». У іх, па меркаванні Янукевіча, адпрацоўваўся сцэнар удзелу беларускіх вайскоўцаў за межамі краіны — хутчэй, на азіяцкім накірунку. Напрыклад, на мяжы з Афганістанам, адкуль у хуткім часе будуць выведзеныя амерыканскія войскі. Тады Расія атрымае «кропку напружанасці» на мяжы з Афганістанам, і не абыдзецца без жаўнераў Беларусі.

Увогуле, «імперскасць» Расіі дагэтуль застаецца небяспекай для грамадства. «Заявы Лукашэнкі пра суверэннасць дзяржавы адбываюцца ў час здачы беларускай дзяржаўнасці. Усе больш і больш Беларусь уцягваецца ў інтэграцыйныя працэсы з Расіяй. У 2015 годзе падтрымка Лукашэнкі Расіяй на выбарах будзе абумоўлена ўвядзеннем у дзеянне Еўразійскага Саюза. Нашая задача — стварыць кропуку напружання ў грамадстве, каб ціск на Лукашэнку быў такі, каб ён адмовіўся ад уваходжання ў АЭС, альбо стварыў такія магчымасці, каб ЕАС не дзейнічаў», — лічыць Янукевіч.

Таксама Партыя БНФ будзе працягваць барацьбу супраць расійскіх вайсковых баз. Першыя крокі — падачы заяўкі на пікеты, адкрытыя слуханні па гэтай праблеме — атрымалі вялікі рэзананс. І ўлады адчулі, што такія праекты не падтрымліваюцца народам.

Улада адчувае, што яна губляе падтрымку насельніцтва. І таму імкнецца стварыць перашкоды для дзейнасці альтэрнатыўных сіл. На гэта скіраваныя апошнія змены ў выбарчае заканадаўства.

Тое, што Лукашэнка некалькі раз «папярэджваў» пра дэвальвацыю азнначае, што дэвальвацыя будзе. Рост коштаў таксама будзе ствараць незадаволенасць насельніцтва сітуацыяй. Партыя БНФ мае намер гэтым скарыстацца. Але новы чынам: не казаць пра тое, які кепскі ўрад, а паказваць, якім чынам можна змяніць гэтую сітуацыю, і што для гэтага трэба зрабіць.

Канешне, ПБНФ сама не здолее абудзіць грамадства. Таму Янукевіч выступіў за стварэнне кааліцыі нацыянальна-дэмакратычных сілаў. Пакуль што такой кааліцыі не створана, але працягваецца справа ў межах «Народнага рэферэндума».

ПБНФ мае намер фармальна вынесці на «Народны рэферэндум» пяць пытанняў. Першае: ці згодныя грамадзяне з тым, што мэры гарадоў і кіраўнікі адміністрацый мястэчак павінны абірацца жыхарамі гэтых тэрытарыяльных адзінак на наўпростауым галасаванні? Зараз, як вядома, кіраўнікі прызначаюцца «зверху», без абмеркавання кандыдатураў з народам.

Другое пытанне тычыцца замежных вайсковых баз у Беларусі. ПБНФ запытаецца, ці падтрымліваюць грамадзяне забарону размяшчэння ў Беларусі такіх аб’ектаў.

Трэцяе пытанне — пытанне старое. ПБНФ прапануе вярнуцца да «старой» рэдакцыі артыкула Канстытуцыі аб выбарах прэзідэнта: ці падтрымаюць грамадзяне ўвядзенне абмежавання на колькасць прэзідэнцкіх срокаў у два разы па пяць год.

Народ павінен таксама адказаць, ці падтрымае ён захады па стварэнні зоны свабоднага гандлю з ЕС. Бо зразумела, што да сяброўства ў ЕС нам, як да Месяца, але вызначыцца з геапалітычным прыярытэтам нам трэба.

Ну і апошняе пытанне — пытанне прыярытэту. Ці згодныя жыхары Беларусі з тым, што ў выпадку разыходжання дэкрэта і закона найпершую сілу павінен мець закон.

Як адзначыў Янукевіч, гэта не азначае, што менавіта гэтыя пытанні будуць на «Народным рэферэндуме». Вырашацца гэта будзе ў межах кааліцыі. «Але мы будзем мець ясны мандат ад кіраўніцтва партыі на абмеркаванне», — адзначыў Янукевіч.

Сябры Сойму былі незадаволеныя тым, што ўсе пытанні маюць нейкі «стратэгічны» напрамак, але няма «сацыяльнага» накірунку ў пытаннях. Маўляў, ізноў размаўляем пра заканадаўства, а пра тое, што хвалюе людзей — нічога. Навошта вы тады ездзілі па рэгіёнах?

Прагучала здаровая думка ад Аляксея Кавальца і пра тое, што ніякага рэферэндуму ўлада не дазволіць. Таму не трэба нават і казаць пра Канстытуцыю, яе змены і пераўтварэнні. Патрэбныя пытанні правакацыйныя і, можа быць, папулісцкія, каб ісці з імі да людзей, і распавядаць пра тое, што творыцца з адукацыяй і медыцынай.

Не менш актуальнае пытанне прапанаваў Вадзім Канапацкі. «Аляксандр Лукашэнка шмат казаў пра тое, што ён сыдзе, калі народ яму скажа, што Лукашэнка надакучыў. Я прапаную паставіць пытанне на рэферэндуме такім чынам: «Ці надакучыў вам Аляксандр Лукашэнка?» — прапанаваў Канапацкі.

Вось гэта было б на рэферэндуме пытанне з пытанняў. Але Сойм чамусьці вырашыў, што гэта нейкае хуліганства ці сцёб. Таму пад увагу не прыняў. А дарэмна. Менавіта гэтае пытанне людзям было б зразумелае.

На жаль, гэтае пытанне на галасаванні не прайшло. Пятае пытанне — пра дэкрэты і законы, было знятае. Замест яго дадалося пытанне  пра тое, каб на ахову здароў’я ішло не менш за 8% ад ВУП у год.

Ну і Сойм БНФ выступіў за тое, каб змены ў Выбарчы кодэкс былі адкладзеныя. Канешне, у першым чытанні змены прынятыя, але мусіць адбыцца і другое чытанне. Дык вос, ПБНФ лічыць, што гэтыя змены «відавочна скіраваныя на процідзеянне дэмакратычным партыям і кандыдатам».

 «Мэтай гэтай рэформы мы бачы ліквідаванне тых магчымасцяў, што дазвалялі выкарыстоўваць выбарчыя кампаніі для папулярызацыі дэмакратычнай альтэрнатывы дзеючаму рэжыму», — кажа ПБНФ. Да таго ж законапраект не быў апублікаваны і не прайшоў грамадскае абмеркаванне.

Тым не менш, БНФ разлічвае выставіць на мясцовыя выбары не менш за 100 кандыдатаў у дэпутаты (праца па іх навучанні ўжо пачалася), а таксама назіраць за галасаваннем не менш чым у 750 акругах.

Святочнага настрою пад час Сойму не было. Была звычайная працоўная сустрэча: з пытаннямі, адказамі і прынятымі рашэннямі. Так што ПБНФ нават у свой «дзень нараджэння» працавала даволі напружана. Але менавіта гэта паказвае, што БНФ жыве і плануе выжыць і працаваць надалей.