Беларускі народны фронт адзначае 25-гадовы юбілей

Аргкамітэт БНФ за перабудову “Адраджэнне” быў утвораны 19 кастрычніка 1988 года на сходзе ў Чырвоным касцёле ў Мінску. Устаноўчы з’езд арганізацыі адбыўся ў Вільні 24–25 чэрвеня 1989 года. БНФ стала першай дэмакратычнай партыяй у Беларусі, выступала за незалежнасць краіны, дэмакратызацыю ўлады, адраджэнне беларускай мовы і культуры. Лідарам партыі ў яе першапачатковым складзе быў Зянон Пазняк. 



b_ch_b_sciah.jpg

БНФ карыстаўся значнай папулярнасцю ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў. Аднак пасля здабыцця Беларуссю незалежнасці папулярнасць партыі стала паступова памяншацца. На выбарах у Вярхоўны Савет XIII-га склікання ў 1995 годзе партыя не заваявала ніводнага мандата. Пасля правалу на гэтых выбарах частка кіраўніцтва партыі падала ў адстаўку, у тым ліку Вінцук Вячорка — кіраўнік палітычнай камісіі БНФ. 10 лютага 1996 на сойме партыі было заяўлена аб пераходзе да непарламенцкай формы дзейнасці з мэтай адстаўкі прэзідэнта.

У 1999 годзе ўнутры партыі адбыўся раскол, і гэта прывяло да з’яўлення дзвюх новых арганізацыяў — Партыі БНФ (на чале з Вінцуком Вячоркам) і Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ (на чале з Зянонам Пязняком, які ў той час ужо знаходзіўся за мяжой).

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 года Партыя БНФ зноў апынулася на мяжы расколу. У ёй выявіліся супярэчнасці паміж кіраўніцтвам партыі і прадстаўнікамі больш радыкальнай плыні — рухам “Малады фронт”, які падтрымліваў намеснік старшыні БНФ Вячаслаў Сіўчык.

Першапачатковай прычынай канфлікту стала пастанова сойма БНФ аб скасаванні 30% квоты для “Маладога фронту” на з'ездзе партыі. Гэта прывяло да таго, што ў 2003 годзе партыя разарвала стасункі з моладзевай арганізацыяй “Малады фронт” і, урэшце, адзін з лідараў маладафронтаўцаў Павел Севярынец быў выключаны з партыі.

Супярэчнасці ўнутры БНФ праявіліся зноў у верасні 2002, калі група рэгіянальных кіраўнікоў выступіла з адкрытым лістом, дзе выказваўся недавер кіраўніцттву партыі, якое звінавачвалася ў непадкантрольнасці фінансавай дзейнасці, непаслядоўнасці ў адстойванні інтарэсаў партыі і ў мэтанакіраваным “выцісканні” з партыі апанентаў кіраўніцтва. Кіраўніцтва БНФ успрыняло гэту крытыку як спробу расколу партыі, у чым зноў звінаваціла Вячаслава Сіўчыка. У выніку ў лютым 2003 года Сіўчык быў выключаны з арганізацыі.

У 2009 годзе Партыя БНФ змяніла кіраўніцтва — старшынёй арганізацыі стаў Аляксей Янукевіч.

euroradio.fm