«Былі зробленыя пэўныя высновы». Ідэолаг патлумачыў, чаму беларусаў выклікаюць у ваенкаматы

«Прадстаўнікі недружалюбных краін бачаць, які ўзровень гатоўнасці паказваюць нашы грамадзяне, прыбываючы ў ваенныя камісарыяты, і гэта зніжае верагоднасць, што яны распачнуць нейкія недружалюбныя крокі ў дачыненні да Беларусі».

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Начальнік кірунку сацыяльнай абароны і ідэалагічнай работы ваенкамата Мінска Уладзімір Ігнацік расказаў, чаму ў Беларусі раптоўна ўзяліся праводзіць праверку ваеннабавязаных і што азначаюць усе гэтыя выклікі ў ваенкаматы.

Улады прааналізавалі досвед частковай мабілізацыі ў Расіі і мабілізацыі ва Украіне і «зрабілі пэўныя высновы», піша дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва «БелТА».


«Неабходна разумець, што ўсе ваеннаабавязаныя дзеляцца на тры катэгорыі. Тыя, хто ідуць у асноўны склад, рэзерв, і хто знаходзяцца ў свабодным астатку. Калі ўзяць агульную колькасць ваеннаабавязаных Мінска за 100%, то асноўны склад — гэта 20%. Да яго дадаецца 30% рэзерву. Такім чынам, з года ў год, паступова і на планавай аснове, мы працавалі з 30%. А на сённяшні дзень кіраўнік дзяржавы паставіў задачу правесці зверку ўліковых даных тых, хто знаходзіцца ў свабодным астатку. І зверку ўліковых даных нам было неабходна правесці за кароткі прамежак у два месяцы», — заявіў Ігнацік.

Але навошта ў Беларусі можа спатрэбіцца мабілізацыя, ён так і не патлумачыў. Затое не ўпусціў шанцу прадэманстраваць уяўным ворагам уяўную моц беларускай арміі:

«На сённяшні дзень мы зверылі ўліковыя даныя каля 85% ваеннаабавязаных. Прадстаўнікі недружалюбных краін бачаць, які ўзровень гатоўнасці паказваюць нашы грамадзяне, прыбываючы ў ваенныя камісарыяты, і гэта зніжае верагоднасць, што яны распачнуць нейкія недружалюбныя крокі ў дачыненні да Беларусі».


Нагадаем, акрамя праверкі даных ваеннаабавязаных, нядаўна ў краіне прайшла праверка сістэмы дзяржаўнага рэагавання. Каментуючы яе вынікі, сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовічзаявіў, што «беларускія вайскоўцы спраўляюццца з пастаўленымі задачамі» і што праверкі боегатоўнасці ў Беларусі будуць працягвацца і далей.