ЦВК зарэгістравала першыя тры ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта

На сённяшнім пасяджэнні Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнку, старшыні Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргея Калякіна і старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ЛДП) Сяргея Гайдукевіча.



cik2_245.jpg

Рашэнне аб рэгістрацыі ўсіх трох груп было прынята аднагалосна — усімі дванаццаццю членамі ЦВК. 


Пры гэтым са складу ініцыятыўнай групы Калякіна выключаны адзін чалавек, які не мае беларускага грамадзянства, а з групы Гайдукевіча — трое: двое непаўналетніх і грамадзянка Расіі. 


Нагадаем, на гэты час дакументы на рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных груп у ЦВК падалі дзесяць прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. Акрамя Лукашэнкі, Калякіна і Гайдукевіча, гэта: бізнесмен з Наваполацка Андрэй Канавец; актывістка кампаніі "Гавары праўду" Таццяна Караткевіч, якая вылучаецца ад кааліцыі "Народны рэферэндум"; старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька; лідар аргкамітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, палітзняволены Мікалай Статкевіч, а таксама Жанна Раманоўская, Ірына Першына і Сяргей Заблоцкі, пра якіх практычна нічога невядома. 


Як заявіла журналістам 17 ліпеня пасля пасяджэння ЦВК старшыня камісіі Лідзія Ярмошына, яна пакуль бачыць падставы для рэгістрацыі толькі пяці ініцыятыўных груп, тры з якіх ужо зарэгістраваныя сёння. Удакладніць, чые яшчэ ініцыятыўныя групы пройдуць рэгістрацыю, Ярмошына адмовілася. 


Паводле слоў кіраўніка ЦВК, некаторыя прэтэндэнты ўключылі ў свае ініцыятыўныя групы менш як 100 чалавек (неабходны для рэгістрацыі мінімум), але паабяцалі яшчэ ўнесці ў іх сваіх прадстаўнікоў дадаткова. Ярмошына таксама не бачыць падставы для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Сяргея Заблоцкага, які даслаў свае дакументы ў ЦВК па пошце — гэта ўжо з'яўляецца падставай для адмовы ў рэгістрацыі. 


Дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Таццяны Караткевіч, паводле слоў Ярмошынай, адрозніваюцца ад дакументаў, пададзеных двума іншымі прэтэндэнтамі-жанчынамі. "Як мінімум, яна (ініцыятыўная група. — БелаПАН.) большая па колькасці", — сказала старшыня ЦВК. 


Сёння ў Цэнтрвыбаркаме чакаюць падачу дакументаў на рэгістрацыю прынамсі яшчэ трох ініцыятыўных груп. 


Плануецца, што ўсе астатнія дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп будуць разгледжаныя ЦВК на пасяджэнні 20 чэрвеня. 


17 ліпеня мінае тэрмін падачы ў ЦВК дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. 


Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаны на 11 кастрычніка.
БелаПАН