Ахвочых стаць прэзідэнтам Беларусі набралася 12 чалавек
Сярод іх ёсць дзеючы кіраўнік краіны, а таксама палітвязень.
Цэнтральная выбарчая камісія завяршыла прыём заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары. Адпаведныя дакументы ў ЦВК паступілі ад 12 патэнцыйных прэтэндэнтаў. Гэта Віктар Цярэшчанка, Тамара Бірукова, Сяргей Заблоцкі, Ірына Першына, Жанна Раманоўская, Мікола Статкевіч, Анатоль Лябедзька, Таццяна Караткевіч, Андрэй Канавец, Сяргей Калякін, Сяргей Гайдукевіч іАляксандр Лукашэнка.
Падаць дакументы на рэгістрацыю сваёй групы спрабаваў і беспрацоўны Юрый Шульган, але яго нават не пусцілі ў ЦВК, бо ён выглядаў нецвярозым. Спроба падаць заяву скончылася для яго затрыманнем. Яшчэ адзін кур’ёзны — спроба зарэгістраваць ініцыятыўную групу ката Барсіка.
Пра свае прэзідэнцкія амбіцыі раней выказваліся прадпрымальнікі Уладзіслаў Цітовіч і Юрый Радзькоў, але сёння, у апошні дзень падачы дакументаў у ЦВК, яны заявілі, што не будуць удзельнічаць у выбарчай кампаніі.
Сёння ж Цэнтрвыбаркам паведаміў, што ўжо зарэгістраваў ініцыятыўныя групы Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна і Сяргея Гайдукевіча.