У ЦВК ініцыятыўную групу рэгіструе чарговы патэнцыйны кандыдат — Андрэй Канавец

У ЦВК паступілі дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы яшчэ аднаго прэтэндэнта ў прэзідэнты Беларусі — Андрэя Канаўца



timthumb_php8.jpg

Як паведамляе сайт ЦВК, дакументы паступілі 16 ліпеня ў 10.00. Кіраўніком ініцыятыўнай групы з'яўляецца Дзмітрый Піліпчук.

Канавец распавёў TUT.BY, што з'яўляецца дырэктарам турыстычнай кампаніі Love Tour і транспартнай кампаніі Love Logistics.

Па словах прэтэндэнта, ніякую палітычную сілу ён не ўяўляе, а ў яго ініцыятыўнай групе — неабходныя 100 чалавек.

На пытанне, ці верыць ён, што збярэ 100 тысяч подпісаў, неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам Канавец адказаў: «Як атрымаецца. Гэта жыццё. Нічога нельга гарантаваць на 100 %».

Андрэй Канавец ідзе ў прэзідэнты, каб «пабудаваць новае жыццё ў Беларусі».

-hjay8grwpi.jpg

Канавец — дзясяты прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта. Раней пра свае прэзідэнцкія амбіцыі заявілі Аляксандр Лукашэнка, Сяргей Калякін, Сяргей Гайдукевіч, Анатоль Лябедзька, Таццяна Караткевіч, Юрый Радзькоў, Уладзіслаў Цітовіч, Віктар Цярэшчанка, Юрый Шульган.

Акрамя таго, прадстаўнікі шэрагу апазіцыйных структур стварылі адзіны аргкамітэт па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты палітвязня Мікалая Статкевіча. Дакументы на рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных груп у ЦВК раней падалі Лукашэнка, Калякін і Гайдукевіч.

Чарговыя выбары прэзідэнта Беларусі прызначаныя на 11 кастрычніка. Апошні дзень падачы ў ЦВК дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты — 17 ліпеня.
 

БелаПАН