Кандыдат-тунеядзец Шульган пакідае выбарчую гонку

"Выбарчы штаб Юрыя Шульган афіцыйна з горыччу вымушаны паведаміць, што Юрый Шульган спыняе свой удзел у перадвыбарнай гонцы ў якасці кандыдата на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па прычыне адсутнасці ў пашпарце штампа аб рэгістрацыі месца жыхарства", — так гаворыцца ў афіцыйнай заяве штабу.



tune_20_1.jpg

Як гаворыцца ў адпаведнай заяве, праблема была выяўленая ў момант атрымання пашпарта на рукі, пошук прымальных варыянтаў па яе вырашэнню ў самыя кароткія тэрміны не даў вынікаў.

Сябры выбарчага штаба і Юры Шульган асабіста дзякуюць усім, хто, валодаючы грамадзянскай мужнасцю, запісаліся ў ініцыятыўную групу кандыдата-дармаеда.

Разам з тым, выбарчы штаб Юрыя Шульган публічна заяўляе аб сваёй рэарганізацыі ў грамадзянскую ініцыятыву "Незалежнае Назіранне Юрыя Шульган", якая будзе ўважліва сачыць за ходам далейшай выбарчай кампаніі, паводзінамі іншых кандыдатаў, выкрываць абуральныя парушэнні выбарчага заканадаўства і даносіць ўсе факты да шырокай грамадскасці.

Юрый Шульган паходзіць з Брэсцкай вобласці. Пасля заканчэння школы паступіў у Брэсцкі дзяржаўны універсітэт на спецыяльнасць "Гісторыя і гісторыя сучаснай культуры», але быў адлічаны, як ён сам заяўляе, «за грамадскую дзейнасць і палітычную нядобранадзейнасць». З 2002 года Юрый Шульган, па яго словах, жыве ў Мінску «у шматлікіх сяброў з прадстаўнікоў сталічнай багемы».

Балатавацца ў прэзідэнты Шульган вырашыў пасля выхаду дэкрэта № 3  «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», яго вылучэнне падтрымала Беларуская партыя "Зялёныя".