Кандыдат-дармаед атрымаў пашпарт, але застаўся без рэгістрацыі
Юрый Шульган нарэшце здолеў атрымаць новы пашпарт.
Няпростая працэдура па аднаўленні асноўнага дакумента грамадзяніна сталася, аднак, не да канца паспяховай — пашпарт быў выдадзены без адзнакі аб рэгістрацыі месца жыхарства. Іншымі словамі, кандыдат-дармаед афіцыйна прызнаны "асобай без пэўнага месца жыхарства", а папросту бамжом, паведамляе прэс-служба Юрыя Шульгана.
Як высветлілася, Юрый Шульган быў выпісаны па сваім ранейшым адрасе без яго асабістай прысутнасці яшчэ 9 гадоў таму з фармулёўкай "з'ехаў па месцы вучобы". Між тым, у базах дадзеных МУС ён значыцца як асоба, што пражывае менавіта там. Аднаўленню ж ранейшай рэгістрацыі перашкаджаюць шэраг розных абставінаў і бюракратычных працэдур.
Гэта стала непрыемным сюрпрызам для выбарчага штаба Юрыя Шульган, вымушанага цяпер у найкарацейшыя тэрміны шукаць афіцыйнае месца жыхарства для свайго кандыдата-бамжа. На гэтым тыдні заканчваецца падача дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп кандыдатаў, а наяўнасць афіцыйнага месца жыхарства кандыдата з'яўляецца абавязковай умовай для рэгістрацыі.