Калякін: У некаторых месцах улады перашкаджаюць фарміраванню ініцыятыўных груп альтэрнатыўным кандыдатам

Каля паўтары тысячы чалавек увойдуць у ініцыятыўную групу па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты лідара Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргея Калякіна на маючых адбыцца
11 кастрычніка выбарах. 



Пра гэта ён паведаміў БелаПАН па выніках пленума цэнтральнага камітэта партыі, які адбыўся 12 ліпеня ў Мінску.
 

Паводле слоў Калякіна, на пасяджэнні былі падведзены вынікі фарміравання ініцыятыўнай групы. "На 11 ліпеня было 1.453 чалавекі, якія ўключаны ў склад групы, сёння на пасяджэнні падаваліся дадатковыя звесткі. Думаю, у канчатковы склад ініцыятыўнай групы ўвойдуць больш як паўтары тысячы чалавек", — сказаў ён. 



Калякін паведаміў, што пры фарміраванні ініцыятыўнай групы партыя сутыкалася з пэўнымі праблемамі, а людзі паведамлялі аб іх запалохванні ўладамі. 


"У некаторых месцах адзначаецца заўзятасць мясцовых улад, яны папярэджваюць людзей, каб яны не запісваліся ў склад ініцыятыўнай групы, каб не былі заўважаныя ў кампаніях альтэрнатыўных кандыдатаў. Гэта ўсё адбіваецца на тым, што актыўнасць людзей па ўключэнні ў ініцыятыўную групу не такая высокая. Калі размаўляеш, чалавек пагаджаецца ўступіць у групу. Але калі кажаш, што трэба запісаць пашпартныя даныя, ён паведамляе, што яго на працы папярэдзілі, і ён уступаць не будзе, таму што могуць быць праблемы", — сказаў ён. 



"Разам з жаданнем перамен прысутнічае страх, што яму за гэта нешта будзе. Гэта, на жаль, не вельмі станоўчая з'ява, якая не дапамагае вядзенню выбарчай кампаніі", — зазначыў Калякін.



Лідар партыі таксама паведаміў, што кіраўнікам яго перадвыбарнага штаба і ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў прызначаны намеснік старшыні партыі Валерый Ухналёў.

 
Сяргей Каралевіч, БелаПАН
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: