Радзькоў: У Беларусі няма палітычнай фігуры, параўнальнай з Лукашэнкам

На прэзідэнцкіх выбарах, якія адбудуцца 11 кастрычніка, РГА "Белая Русь" будзе актыўна падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку. Пра гэта заявіў старшыня арганізацыі Аляксандр Радзькоў, выступаючы 11 ліпеня ў Мінску на пашыраным пасяджэнні рэспубліканскага савета аб'яднання.



6f7bc8cea2194171f98c5e2cb856c872.jpg

"Ключавым звяном, якія забяспечваюць згуртаванасць і салідарнасць беларускага народа, з'яўляецца наш лідэр — прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Члены РГА "Белая Русь" з'яўляюцца яго паслядоўнымі прыхільнікамі, патрыётамі сваёй радзімы.

Усведамляючы сваю гістарычную адказнасць за сучаснасць і будучыню беларускага народа і дзяржавы, мы гатовыя прыкласці ўсе намаганні для захавання стабільнасці, міру і згоды на нашай зямлі", — падкрэсліў Радзькоў.

Паводле слоў Радзькова, "агульнай адказнасцю" "Белай Русі" з'яўляецца "захаванне галоўных каштоўнасцяў: незалежнасці, палітычнай стабільнасці, міру і спакою ў грамадстве". "Дасягненне гэтых высокіх мэтаў магчыма толькі на базе захавання дзяржаўнага суверэнітэту, удасканалення сацыяльна-эканамічных адносін, павышэння канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі, а таксама захавання адзінства грамадзян рэспублікі, кансалідацыі ўсіх структур грамадзянскай супольнасці", — сказаў ён.

"За гады незалежнасці ў Беларусі зацвердзілася мудрасць, што мір і згода — .. Гэта галоўны агульнанародны здабытак. Яго трэба абараняць і ўмацоўваць штодзённай працай. Стабільнасць, мір і згода — гэта наш выбар, гэта галоўная формула паспяховага развіцця нашай Айчыны", — заявіў Радзькоў.

На яго думку, у Беларусі дагэтуль няма палітычнай фігуры, якую можна было б супаставіць з Лукашэнкам, "падабаецца гэта каму-небудзь ці не". "Белая Русь" мае намер за пяць дзён сабраць сто тысяч подпісаў у падтрымку яго вылучэння прэзідэнтам на будучых выбарах.

Колькасць РГА "Белая Русь" складае больш за 155 тысяч чалавек. На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года Радзькоў узначальваў перадвыбарчы штаб Лукашэнкі.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН