Чалы: «Усё, што мы зараз назіраем, — усведамленне, што ні адзін плебісцыт Лукашэнка больш не выйграе»

Эканаміст тлумачыць, чаму дзеянні ўлад укладваюцца ў адзін вобразны выраз — «бамбіць Валожын».

05_chalyy.jpg


— Аперацыя па прымусе да любові, якая пачалася 9 жніўня (2020 года), ні да якога поспеху не прывяла. Яна прывяла да таго, што гэта ўжо не аперацыя па прымусе да любові, а спроба «канчатковага вырашэння беларускага пытання», — аналізуе апошнія падзеі на сваім канале эканамічны аналітык Сяргей Чалы, піша «Салідарнасць».

Ён тлумачыць, чаму цяпер становішча улад можна лічыць бязвыхадным:

— Яны цяпер знаходзяцца ў бязвыхаднай сітуацыі, звязанай з тым, што, з аднаго боку, наперад ісці небяспечна, таму што, чым далей ты рухаешся ў напрамку максімальнага страху, тым далей ты апускаешся ў шэраг сусветных лідараў-ізгояў, чаго Лукашэнка хацеў бы пазбегнуць. Але яго ўласны страх паказаць слабіну падганяе ў гэты бок.

З іншага боку, відавочная немагчымасць выйграць ні адзін плебісцыт менавіта па той прычыне, што рэйтынг нікуды не дзеўся, ён не вырас, любоў не вярнулася.

Усе меры, прынятыя ўладай у спробе супрацьстаяць санкцыям, Сяргей Чалы характарызуе словазлучэннем «бамбіць Валожын». Пры гэтым нават такіх інструментаў, на яго думку, засталося надзвычай мала.

— Што яшчэ можа зрабіць ўлада ў адказ на санкцыі? Толькі «бамбіць Валожын», што ўжо і адбываецца. Мы цяпер назіраем, як удар наносіцца па грамадзянскай супольнасці. Макей гэта анансаваў, называючы грамадзянскую супольнасць «любімай цацкай Захаду». Няўжо гэтыя людзі сур'ёзна думаюць, што Захаду патрэбна наша грамадзянская супольнасць, а не нам самім?

Прыходзяць па бізнесах. Зразумела, да тых, хто можа заплаціць пару дзясяткаў мільёнаў за сваё вызваленне. Гэта даволі простая схема, і гэта будзе такое акунанне ў рэальнасць людзей, якія да гэтага часу лічылі, што ў нас усё добра, што адбываюцца рэформы і для бізнесу ўсё выдатна.

Са спробай закрываць любыя грамадскія арганізацыі працуе вельмі просты прынцып: усё, што так ці інакш можа раздаваць грошы, будзе разглядацца як вораг, як фінансаванне пратэставых дзеянняў. А для ўлады ўсё цяпер успрымаецца як пратэставае дзеянне, любую нязгоду з імі фактычна гатовыя запісваць у якасці злачынства.

Праблема заключаецца ў тым, што ўсё, што мы цяпер назіраем, уключаючы канстытуцыйную рэформу, усе целазрухі з Радай Бяспекі, з прыдумваннем ваеннага становішча, надзвычайнага становішча і іншага, — гэта ўсведамленне таго, што ні адзін плебісцыт Лукашэнка больш не выйграе.

І ўвогуле, нанесці шкоду ўнутры краіны ўжо, падобна, асабліва няма каму, унутры бамбіць засталося мала чаго. Механізмаў кампенсацыі на санкцыі няма. Пры гэтым відавочна, што яны будуць больш жорсткімі, таму што сістэма па-ранейшаму працуе ў адным і тым жа рэжыме — калі ў сілавікоў ёсць карт-бланш на працяг узмацнення і пашырэння рэпрэсій, яны па-ранейшаму працуюць у рэжыме «знойдзем і пакараем кожнага».

І ў дадзеным выпадку, як я разумею, караць трэба ўсіх. Цяпер нашы праваахоўныя органы ператварыліся ў машыну па вытворчасці прызнальных відэа. Гэта абсалютная архаіка, якая не мае ніякага дачынення да сучаснасці і цывілізаванага свету.

Відавочна, што інструментаў ва ўлады на самой справе надзвычай мала. Так, можна праявіць гнеў, можна зрабіць горш сваім, можна ў кагосьці грошы адабраць. Але гэта не кампенсуе негатыўныя наступствы для эканомікі або для ўзроўню жыцця, — мяркуе эканаміст.

Ён прагназуе павелічэнне ціску на дыпламатаў, а таксама змяненне курсу нацыянальнай валюты.

— Страты па плацёжным балансе, хутчэй за ўсё, адаб’юцца на курсе нацыянальнай валюты. Думаючы пра тое, што яшчэ можа адбыцца, — могуць рушыць услед варожыя дзеянні ў дачыненні да іншаземцаў, напрыклад, дыпламатаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, — кажа Чалы, лічачы сімвалічнай праламаную нядаўна сцяну ў агароджы латвійскага пасольства ў Беларусі.