Самыя правільныя контрсанкцыі!
Беларускі МЗС зрабіў тое, што даўно абяцаў. Урэшце былі прынятыя контрсанкцыі — а тое мы ўжо думалі, што спадар Макей можа толькі паветра страсаць рознымі пагрозлівымі заявамі.
28 чэрвеня ў МЗС быў выкліканы кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Дырк Шубель. Як паведамляе беларускае знешнепалітычнае ведамства (цікава: знешняй палітыкі няма, а ведамства ёсць), у ходзе сустрэчы «паслу Еўрапейскага саюза была заяўлена цвёрдая пазіцыя беларускага боку аб абсалютнай непрымальнасці прымянення санкцый як інструмента ціску на суверэнную і незалежную дзяржаву. Дыпламату даведзеная інфармацыя аб канкрэтных кроках у рамках вымушанага рэагавання на дзеянні, якія пагражаюць нацыянальнай бяспецы Беларусі і наносяць наўпроставую шкоду яе эканоміцы і грамадзянам».
У якасці адказу на санкцыі Беларусь прыпыняе ўдзел у ініцыятыве «Усходняе партнёрства»; пачынае рэалізацыю прыпынення дзеяння пагаднення аб рэадмісіі з ЕС; сталы прадстаўнік Беларусі ў ЕС адклікаецца ў Мінск для кансультацый; кіраўніку прадстаўніцтва ЕС у Беларусі прапанавана выехаць у Брусель для кансультацый; Беларусь забараняе ўезд прадстаўнікам еўраструктур і асобам з краін ЕС, якія садзейнічалі ўвядзенню абмежавальных захадаў.
Канешне, некаторыя сумуюць з гэтай нагоды: маўляў, рэжым стварае «штучную ізаляцыю краіны ад Еўропы і ад сусветнай супольнасці» (прынамсі, так гаворыцца ў заяве Партыі БНФ). А я так скажу: прыпынілі «Усходняе партнёрства» — і слушна зрабілі! Вельмі слушна!
Што такое ў прынцыпе «Усходняе партнёрства»? Гэта была праграма і пляцоўка па збліжэнні Беларусі і ЕС. Гэта было «акно магчымасцяў», праз якое можна было нешта зрабіць — пры жаданні гэта зрабіць. Цяпер улады гэтае акно прыкрылі.
Прыпыненне ўдзелу Беларусі ва «Усходнім партнёрстве» азначае, напрыклад, што тыя грамадзяне, якія займаюць цяпер месцы ў Палаце прадстаўнікоў, больш не змогуць катацца ў Еўропу на пасяджэнні парламенцкай асамблеі «Еўранэст». Сапраўды, што ім там рабіць? Апраўдвацца за новы закон аб СМІ? Хваліцца новымі законамі аб экстрэмізме альбо масавых мерапрыемствах?
У межах праграмы «Усходняе партнёрства» ЕС выдаткоўваў мільён еўра, напрыклад, на такую праграму, як доступ жанчын да правасуддзя. Я думаю, шмат хто з жанчын, якія проста гулялі ў белым альбо чыталі ў электрычках беларускія кнігі, ацанілі і «доступ да правасуддзя», і праграму ЕС, «дзякуючы» якой гэты «доступ» ажыццяўляўся. 940 тысяч еўра праз «Усходняе партнёрства» Еўропа выдаткавала на «ўмацаванне доступу да правасуддзя з дапамогай пазасудовых механізмаў для ахвяраў дыскрымінацыі». Тая ж праграма прадугледжвала 800 тысяч еўра на «ўмацаванне захадаў па папярэджанні эканамічных злачынстваў». Віктар Бабарыка і астатнія фігуранты справы «Белгазпрамбанку» проста пляскаюць у ладкі!
Цікавым быў праект «Мэры за эканамічны рост». Аб’ём еўрапейскіх інвестыцый у 2017–2020 гадах па гэтай праграме склаў 1,6 мільёна еўра. Рост дабрабыту мэраў за кошт еўрапейскіх падаткаплацельшчыкаў таксама будзе замарожаны.
Карацей, правільна зрабілі, што прыпынілі «Усходняе партнёрства». І правільна, што зрабілі не так, як Еўропа са сваімі санкцыямі — без агаворак, што «ўсе падпісаныя да пэўнай даты кантракты дзейсныя да іх заканчэння». МУС, Міністэрства юстыцыі, суды і суддзі проста цяпер адрэжуць ад еўрапейскіх праграм і грошай.
Забарона на ўезд прадстаўнікам еўраструктур і асобам з краін ЕС, якія садзейнічалі ўвядзенню абмежавальных захадаў, — моцны крок. Не адпачне цяпер Жазэп Барэль на Нарачы, не пабывае Хайка Маас у Нясвіжы, а кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс зможа пабачыць Астравецкую АЭС толькі ў бінокль з таго боку мяжы. Яны б, канешне, і так да нас не даляцелі, бо ў Беларусь еўрапейскія самалёты не лётаюць, але ж раптам бы яны пратачыліся праз мяжу шляхамі нелегальных мігрантаў?
Канешне, будзем шчырымі: існавала такая пляцоўка, як «Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства». Але пасля 2020-га ў нас змянілася не толькі форма «грамадзянскай супольнасці», але і само паняцце. Цяпер «грамадзянская супольнасць» і недзяржаўныя арганізацыі, так званы «трэці сектар» — гэта зусім розныя рэчы. І калі Макей думаў, што прыпыненнем удзелу Беларусі ва «Усходнім партнёрстве» ён «прышчучыць» грамадзянскую супольнасць — то дарэмна.
Не скажу, што ад нашых «контрсанкцый» пацерпіць Еўропа, але іх вынікі ўсё ж ёсць. Толькі за апошні месяц у Беларусі разваліліся пяць мастоў, і паведамленні пра іх абрынанне працягваюць паступаць. Раней грошы на такую інфраструктуру даваў ЕС, цяпер жа Беларусь будзе краінай пантонных мастоў: прынамсі, так вырашылі праблему ў Наваполацку і Бешанковічах. Праўда, што рабіць, дзе масты абрынуліся не цераз раку, дагэтуль незразумела.
Цікавая навіна і з ідэалагічнага фронту. З дзяржаўнага часопіса «Маладосць» сышлі ўсе супрацоўнікі. Напачатку года ў «Маладосці» працавалі пяць чалавек. У лютым была звольненая галоўная рэдактарка Святлана Воцінава, а саму «Маладосць» вырашылі перадаць з выдавецкага дому «Звязда» выдавецтву «Мастацкая літаратура». У выніку звольніліся ўсе астатнія.
Калі ў 1990-х гадах наклад часопіса сягаў 10 тысяч, то травеньскага нумару выйшла ўсяго 597 асобнікаў. Часопіс, у якім друкаваліся Якуб Колас, Аркадзь Куляшоў, Янка Маўр, Іван Мележ, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч і іншыя, — фактычна знік.
І яшчэ прарэзаліся наступствы дзеянняў па прынцыпе «іншым разам не да законаў». Згодна з даследаваннем кампаніі-вытворцы сістэм барацьбы з уцечкамі даных DeviceLock, тэлефонныя махляры, якія спрабуюць атрымаць даныя банкаўскіх картак даверлівых грамадзян, змянілі тактыку. Цяпер яны прадстаўляюцца не «прадстаўнікамі службы бяспекі банка», а «супрацоўнікамі праваахоўных органаў, якія ажыццяўляюць расследаванне». Доля ашуканцаў, якія выдаюць сябе за праваахоўнікаў, вырасла з 40% да 80%.
За што змагаліся — на тое і нарваліся.