Чаму ЗША працягваюць санкцыі?

Як вядома, Барак Абама працягнуў дзейнасць абмежавальных захадаў у дачыненні да шэрагу беларускіх чыноўнікаў і пасля 16 чэрвеня 2016 года. Чаму? На пытанні «Новага Часу» адказвае палітолаг-міжнароднік Андрэй Фёдараў.

sankcyi_1.jpg


— У Вашынгтоне, верагодна, не лічаць, што Беларусь ў дастатковай меры зрушыла ў бок дэмакратыі і абароны правоў чалавека. ЗША заўжды ставіліся больш жорстка да беларускага кіраўніцтва, чым кіраўніцтва Еўрасаюза.


— З аднаго боку, Беларусь і ЗША рыхтуюцца пашырыць дыплататычнае супрацоўніцтва, нават вярнуць у свае амбасады ваенных аташэ. Чаму ж тады Белы дом прымае такое рашэнне? Ці гэта проста крок па інэрцыі з боку Барака Абамы, які ў хуткім часе пакіне пасаду кіраўніка Злучаных Штатаў?


— Наконт “кульгавай качкі” (так у ЗША называюць прэзідэнта, які больш не можа балатавацца на вышэйшую дзяржаўную пасаду і тэрмін кіравання якога завяршаецца — Г. К.) я казаць не магу, бо не ведаю, якія ў яго былі меркаванні. У мяне такое ўражанне, што Абама ўвогуле не надта шмат думае пра Беларусь, а толькі падпісвае тое, што яму прапануе Дзяржаўны дэпартамент.


Гіпатэтычна можна ўявіць: гэта зроблена дзеля таго, каб тут не цешыліся, што ўсе праблемы знятыя, і далей нас чакае шырокі і светлы шлях. Амерыканцы больш жорстка ставяцца да ўнутрыбеларускіх праблемаў хаця б таму, што яны эканамічна і геапалітычна істотна менш звязаныя з Беларуссю параўнальна з Еўрапейскім Саюзам.


— Як афіцыйны Мінск можа адрэагаваць на пралангацыю санкцый яшчэ на год?


— Думаю, ён спусціць гэта “на тармазах”, выкажа шкадаванне, але рэальна на бягучую сітуацыю гэта ніяк не паўплывае, і ніякіх контрзахадаў не будзе. Падаецца, што Мінск зацікаўлены ў наладжванні стасункаў са Штатамі. Дарэчы, тут нават не зусім зразумела, пра якія санкцыі ідзе гаворка. Відаць, пра Акт аб дэмакратыі для Беларусі, які быў прыняты Кангрэсам у 2004 годзе.


Што да іншых санкцый, якія былі ўведзеныя ў 2010 годзе, то, як казаў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд, шмат чаго будзе залежаць ад вынікаў парламенцкіх выбараў у Беларусі, якія маюць адбыцца ў верасні бягучага года. Я не вельмі ўяўляю, што ён меў на ўвазе і якія крытэрыі існуюць для амерыканскага боку, але, па меншай меры, гаворка на прадмет выбараў вядзецца.


— Наколькі стасуецца палітыка Еўрасаюза і ЗША ў дачыненні да такіх краін, як Беларусь?


— У цэлым, стасуецца, хаця асобныя дэталі могуць адрознівацца менавіта таму, што ўзаемадачыненні афіцыйнага Мінска з Вашынгтонам і Брусэлем таксама пэўным чынам адрозніваюцца. Але ў цэлым яны знаходзяцца ў адным рэчышчы.


— Якія асноўныя прэтэнзіі ў амерыканскага кіраўніцтва да афіцыйнага Мінска?


— Гаворка ідзе, найхутчэй, аб свабодзе сродкаў масавай інфармацыі, аб удзеле ў мерапрыемствах ад імя незарэгістраваных арганізацый, аб свабодзе маніфестацый. Хаця людзей у нас цяпер амаль не саджаюць, але выпісваюць буйныя штрафы. А вось з нагоды смяротнага пакарання ЗША не выказваюцца, бо ў іх саміх дзе-нідзе такі від пакарання ўсё яшчэ прымяняецца.