ЗША. Самы буйны з часоў 11 верасня тэракт дзейсніла ІД у гей-клубе
Як піша «Reuters», звязанае з ІД інфармагенцтва «Amaq» апублікавала паведамленне, згодна з якім стралок быў баевіком арганізацыі.
Паліцыя Арланда паведаміла, што ў выніку нападу на клуб «Пульс» загінулі 50 асобаў, 53 асобы былі шпіталізаваныя.
«Associated Press» удакладняе, што ў лік ахвяраў уваходзіць і сам нападнік, якога застрэлілі паліцыянты.
Раней казалі пра 20 загінулых. Як тлумачаць у паліцыі, пасля забойства нападніка, будынак быў правераны на наяўнасць выбуховых прыстасаванняў. І толькі пасля праваахоўнікі высветлілі дакладную колькасць ахвяраў.
Стралком аказаўся грамадзянін ЗША Амар Садзікі Мацін (на фота ніжэй). Вядома, што яму было 29 гадоў і што ён жыў у 200 кіламетрах ад Арланда — у горадзе Форт-Пірс (штат Фларыда).
Улады ЗША кваліфікавалі сённяшнюю трагедыю як «акт унутранага тэрарызму».
Фота EPA, Splash news, AP, Universal news