У Маскве на акцыі ў падтрымку ахвяраў у Арланда ёсць затрыманыя
Маскоўская паліцыя затрымала двух маладых людзей, якія праводзілі каля амбасады ЗША акцыю ў падтрымку ахвяр стральбы ў гей-клубе ў Арланда. Маладыя людзі — Іслам Абдулабекаў і Фелікс Глюкман, падышлі да амбасады з плакатам з надпісам "Love Wins" ("Каханне перамагае").
Аб затрыманні распавялі самі ўдзельнікі акцыі, адзін з якіх з'яўляецца супрацоўнікам медыяхолдынгу РБК. Пра гэта таксама паведаміў у "Твітэры" ЛГБТ-актывіст Мікалай Каўказскі.
«Паліцыянты нас адразу ўзялі за рукі і праводзілі ў машыну, нібыта за няўзгодненую акцыю. Мы ж толькі хацелі выказаць спачуванні ў сувязі з забойствам людзей і не збіраліся ніякай палітычнай акцыі ладзіць», — распавёў РБК Іслам Абдулабекаў.
"Нас затрымалі, калі мы спрабавалі пакласці плакат да кветак. Калі паліцэйскі падышоў, я сказаў, што і ў адзіночным пікеце маю права стаяць, але нас пасадзілі ў машыну і нічога не патлумачылі", — адзначыў ён.
Масквічы прынеслі кветкі да будынку амбасады ЗША ў Маскве ў памяць аб ахвярах стральбы ў папулярным сярод геяў клубе "Pulse" у Арланда, у выніку якой загінулі 50 чалавек, у тым ліку сам нападнік.
На плоце каля амбасады павесілі рознакаляровыя літары, якія ўтвараюць словы «мацней, чым нянавісць», а побач з плотам паклалі «вясёлкавы» сцяг.
Каля амбасады ЗША з 18:00 па маскоўскім часе праходзіла акцыя ў падтрымку ахвяр стральбы ў гей-клубе ў Арланда.
Таксама да амерыканскай амбасады прыйшлі актывісты "Божай волі", яны заклікаюць паліцыю затрымліваць прысутных за прапаганду гомасэксуалізму, паведамляе ВВС.
Іслама Абдулабекава і Фелікса Глюкмана адвялі ў паліцэйскі аўтамабіль. На дадзены момант затрыманых даставілі ў АУС Прэсненскага раёна, яны чакаюць сладання пратаколаў. У іх забралі пашпарты, зрабілі копіі і папрасілі нумары тэлефонаў, распавёў Абдулабекаў, паведамляе РБК.
Нагадаем, грамадзянін ЗША Амар Маціна адкрыў стральбу ў гей-клубе "Pulse" ў Арланда ў ноч на нядзелю Ён здзейсніў самае масавае забойства з ужываннем агнястрэльнай зброі ў сучаснай гісторыі ЗША.
Пакуль што апазнаныя 26 з 49 загінулых: 22 мужчыны і 4 жанчыны ва ўзросце ад 20 да 50 гадоў.