Дэпутацкія мандаты непапулярныя
Эксперты маніторынгу этапу рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў 26-га склікання выявілі пэўныя паляпшэнні ў правядзенні выбарчай кампаніі. Аднак гэтых зрухаў недастаткова, каб лічыць яе цалкам свабоднай.
Эксперты маніторынгу этапу рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў 26-га склікання выявілі пэўныя паляпшэнні ў правядзенні выбарчай кампаніі. Аднак гэтых зрухаў недастаткова,
каб лічыць яе цалкам свабоднай.
Адзін з найбольш працаёмкіх этапаў любой выбарчай кампаніі — збор подпісаў — прайшоў у адносна спакойнай атмасферы. Не было масавых затрыманняў і перашкодаў у працы ініцыятыўных
груп. Праўда, не паўсюль зборшчыкі подпісаў змаглі патрапіць — інтэрнаты і вайсковыя часткі па-ранейшаму застаюцца ў зоне недасягальнасці, хаця Выбарчы кодэкс дазваляе кандыдатам працаваць
там з выбарцам, хоць і з пэўнымі абмежаваннямі. Разам з тым аўтары справаздачы сцвярджаюць, што «ў параўнанні нават з кампаніяй па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу,
назіраўся большы ціск на прэтэндэнтаў і на сябраў ініцыятыўных груп з боку выбарчых камісіяў і па месцы іх працы ці вучобы».
Напрыклад, сябра ініцыятыўнай групы па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» з Бабруйска Вячаслава Шэлега, які збіраецца балатавацца на выбарах, выклікалі ў аддзел
гандлю гарвыканкама, дзе паставілі перад выбарам: ідзеш на выбары ці працуеш. Яго паплечніка па палітструктуры Аляксандра Кабяка звольнілі з працы ў казіно пасля таго, як былі пададзеныя дакументы на
рэгістрацыю ініцыятыўнай групы.
З пазітыўных навін — скарачэнне колькасці адмоў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп. У 2007 годзе іх было больш за сто, сёлета — 23. На думку аўтараў справаздачы, гэтыя лічбы сведчаць,
што выбарчыя камісіі не імкнуліся ствараць перашкоды ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп. Хаця факты адмовы ў рэгістрацыі мелі месца. Падставамі для гэтага збольшага былі факты таго, што дакументы
падаваліся не ўласна асобамі, якія маюць намер вылучацца ў якасці кандыдатаў, а таксама парушэнне прынцыпу «свабоднага ўдзелу ў выбарах».
Да прыкладу, Астравецкая акруговая выбарчая камісія двойчы адмовілася рэгістраваць ініцыятыўную групу сябра АГП Івана Крука, які меў намер вылучацца кандыдатам у дэпутаты Астравецкага раённага
савета. Афіцыйна актывіста абвінавацілі ў тым, што нібыта пры фармаванні ініцыятыўнай групы ён «парушыў прынцып свабоднага ўдзелу ў выбарах», і сябры яго ініцыятыўнай групы не па
сваёй волі былі заангажаваныя ў кампанію. Іван Крук высветліў, што на асобаў, якія адмовіліся пасля ад свайго ўдзелу ў выбарах, ціснулі супрацоўнікі райвыканкаму — абяцалі ўнесці ў так
званыя «чорныя спісы».
Агулам адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты з 25 375 прэтэндэнтаў атрымалі 318 чалавек. «Але, калі мы будзем разглядаць сітуацыю адносна прадстаўнікоў апазіцыйных партый, частка якіх
вылучалася на партыйных сходах, а таксама шляхам збору подпісаў, бо некаторыя суб’екты як Беларуская хрысціянская дэмакратыя не маюць рэгістрацыі, а рух «За свабоду»
вылучаў сваіх сябраў як грамадскае аб’яднанне, то ў рэгістрацыі было адмоўлена 90 сябрам з 290, што складае 26 працэнтаў. Гэта даволі вялікі працэнт», — зазначыў юрыст
праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч і адзін з удзельнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодная выбары».
Сёлета ў якасці кандыдатаў у дэпутаты было зарэгістравана 513 прадстаўнікоў палітычных партый. У параўнанні з папярэднімі выбарамі 2007 года колькасць зарэгістраваных кандыдатаў ад палітычных партый
вырасла амаль у 3 разы (са 177 да 513 чалавек), аднак і гэтая лічба не ўражвае — усяго толькі 0,02 працэнта ад агульнага ліку прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты. Найбольш кандыдатаў вылучылі
праўладная Камуністычная партыя Беларусі, Беларуская партыя левых «Справядлівы свет», Аб’яднаная грамадзянская партыя, БНФ, Ліберальна-дэмакратычная, Беларуская
сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), незарэгістраваная Беларуская хрысціянская дэмакратыя таксама ў лідэрах па колькасці вылучэнцаў. Аднак конкурс на дэпутацкі мандат невялікі — прыблізна
1,2 чалавека. У Мінску, Мінскай і Магілёўскай абласцях паказчык вышэйшы, але ў цэлым можна гаварыць, што ў шэрагу акругах выбары будуць безальтэрнатыўнымі.
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць шостага склікання адбудуцца 25 красавіка. Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына паведаміла, што Беларусь міжнародных назіральнікаў на мясцовыя выбары
запрашаць не будзе.