Два апазіцыянеры сталі дэпутатамі
Два апазіцыянеры з больш чым 22 тысячаў самых розных кандыдатаў усё ж здолелі стаць дэпутатамі. Такі вынік атрымала кампанія партыйнага назірання «Права выбару». У прынцыпе, як паведаміў 24 сакавіка на прэс-канферэнцыі каардынартар кампаніі Ігар Лялькоў, вынік яшчэ не канчатковы. Назіральнікі зараз сумуюць свае ўражанні, кандыдаты ў дэпутаты пішуць скаргі на парушэнні і, можа быць, яшчэ пару чалавек з апазіцыі ў дэпутаты ўсё ж патрапіць.
Дэпутацкі мандат атрымаў прамоўца аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Валер Білібуха. Ён балатаваўся па Жычынскай акрузе ў Першамайскі сельсавет Бярозаўскага раёну. У мінулым годзе спадар Білібуха шмат увагі надзяляў абароне інтарэсаў грамадзян падчас вынішчэння ўладамі сялянскіх гаспадарак пад выглядам барацьбы з АЧС. Зараз ён атрымаў перамогу як на датэрміновым галасаванні, так і на галасаванні па хатах і ў асноўны дзень галасавання.
Другі апазіцыянер у саветах — сябра Руху «За свабоду» Аляксандр Шчамлёў у Бельскім сельсавеце Шумілінскага раёну Віцебскай вобласці.
Але, нягледзячы на гэта, «Права выбару» лічыць гэтыя выбары не сапраўднымі, не справядлівымі, і вынікаў іх не прызнае.
Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі на прэс-канферэнцыі замяняў арыштаванага ў дзень выбараў каардынатара «Права выбару» Дзяніса Садоўскага. Ён адзначыў, што па Беларусі было 810 назіральнікаў на 345 ўчастках. Гэта, бадай, самая вялікая назіральніцкая сетка на мясцовай кампаніі. На 323 участках вялося доўгатэрміновае назіранне.
Рымашэўскі зачытаў агульнае камюнікэ кампаніі «Права выбару». «На падставе тых дадзеных, якія мы маем на раніцу 24 сакавіка, мы заяўляем: тыя змены ў Выбарчы кодэкс, якія былі прынятыя ўвосені мінулага года, пагоршылі ўмовы працы кандыдатаў для ўдзелу у выбарах і асабліва агітацыйнай дзейнасці. Другое: фармаванне выбарчых камісій гэтым разам адбылося з найменшым уключэннем у іх прадстаўнікоў палітычных партый, у параўнанні з выбарамі ўсіх узроўняў за апошняе дзесяцігоддзе. Трэцяе: вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў зараз адбывалася ў выключна няроўных умовах. Чацвертае: рэпрэсіі, арышты кандыдатаў і давераных асобаў, перашкоды ў вырабе агітацыйнай прадукцыі і правядзенні сустрэчаў з выбаршчыкамі, няроўны доступ да СМІ, цэнзура агітацыйных матэрыялаў зрабілі кампанію яшчэ менш заўважнай для выбаршчыкаў. Пятае: перашкоды ў назіранні за выбарамі на гэты раз былі беспрэцэдэнтнымі. Разам з блакаваннем сайтаў, з масавым пазбаўленнем назіральнікаў акрэдытацыі ўлады прыбягалі да арыштаў як кандыдатаў у дэпутаты, так і іх давераных асобаў. Шостае: ажыццяўляліся масавыя маніпуляцыі з яўкай выбаршчыкаў на пераважнай большасці ўчасткаў. Часам камісіі завышалі яўку выбаршчыкаў у два разы — напрыклад, па Лагойскай выбарчай акрузе», — зачытваў Рымашэўскі.
Там былі яшчэ і сёмае, і восьмае, і гэтак далей. Незалежныя назіральнікі знаходзіліся далёка ад сталоў, дзе падлічваліся бюлетэні, выбарчыя камісіі не дапускалі іх да спісаў выбаршчыкаў. Вынікі выбараў падводзіліся, як раней: сябры камісіі лічылі кожны свой стос бюлетэняў, потым на паперцы перадавалі вынік кіраўніку, а ўжо той складаў лічбы і агучваў выніковую інфармацыю. Атрымліваецца, што рэальнага выніку па ўчастку не ведалі і сябры камісіі.
Таксама былі выпадкі, калі назіральнікі нават не маглі паглядзець канчатковыя пратаколы падліку галасоў, якія абавязкова павінны вывешвацца на ўчастку. Напрыклад, на ўчастку №70 Ямніцкай акругі №35 па выбарах у Магілеўскі аблсавет старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Вера Цыркунова вывесіла копію пратакола «для ўсеагульнага азнаямлення» не на ўчастку, а ў памяшканні камісіі, якое адразу ж зачыніла на ключ.
Яшчэ больш цікавы выпадак адбыўся на 103 участку Слабадской акругі №28 у Мінску. Там начальнік камісіі спачатку вывесіў пратакол, але потым, калі назіральнікі ад рукі пачалі яго перапісваць, гэты пратакол зняў і забраў да сябе. Назіральнікі выклікалі міліцыю, а старшыня камісіі збег з пратаколам у невядомым накірунку, і больш яго на ўчастку ніхто не бачыў.
Ігар Лялькоў звярнуў увагу, што ўпершыню на мясцовых выбарах адбывалася блакіроўка сайтаў кампаній назірання — не толькі «Права выбару». «Можна лічыць гэты крок з боку дзяржавы ўскосным прызнаннем вынікаў нашай працы, але, натуральна, для дэмакратыі такія з’явы былі б нехарактэрныя», — адзначыў ён.
«Калі агулам ацэноваць атмасферу гэтых выбараў, то варта адзначыць, што упершыню мясцовыя выбары, якія мала каго цікавяць у краіне і мала каго кранаюць, праходзілі ў такой цяжкай атмасферы з такой вялікай колькасцю парушэнняў», — заўважыў Лялькоў.
Намеснік старшыні Руху «За свабоду» Юрась Губарэвічс адзначыў самае прыкрае: «Беларускія ўлады ставяцца да ўласнага заканадаўства, як Расія ставіцца да міжнародных дамоваў і пагадненняў у справе анэксіі Крыму». «Кіраўніцтва камісій авядзе сабе, як хоча, робіць, што хоча, вольнае трактаваць заканадаўства, як хоча. Выдаляць назіральнікаў без пасяджэння камісіяў і гэтак далей. Але нашая кампанія — гэта кампанія партыйнага назірання, і зараз у нас новы этап: гэта спроба патлумачыць выбарцам, чаму той кандыдат, за якога яны прагаласавалі, дэпутатам не стаў. Такіх фактаў у нас шмат. Для кожнага з кандыдатаў, якія ўдзельнічалі ў нашай кампаніі, будуць створаныя адпаведныя бюлетэні, каб данесці гэтую інфармацыю да іх выбаршчыкаў», — паведаміў Губарэвіч.
У цэлым жа «Права выбару» лічыць, што выбары дэпутатаў мясцовых саветаў і іх вынікі «не з’яўляюцца свабоднымі, сапраўднымі, дэмакратычнымі і справядлівымі». «Іх вынікі не адлюстроўваюць сапраўднае волевыяўленне грамадзян. Кампанія па назіранні права выбару заяўляе: мы не прызнаем вынікі гэтай кампаніі і вынікі гэтых выбараў мы прызнаем несапраўднымі», — агучыў рашэнне назіральнікаў Віталь Рымашэўскі.
І абранне пакуль двух дэмакратычных дэпутатаў у мясцовыя саветы, па ягоных словах, аніякім чынам не паўплывае на агульную пазіцыю назіральнікаў. «Гэта, хутчэй, тыя выключэнні, якія пацвярджаюць правіла», — адзначыў ён.