У ЦВК, пракуратуру і міліцыю накіраваныя скаргі на затрыманне Садоўскага

У Цэнтральную выбарчую камісію, пракуратуру і РУУС Кастрычніцкага раёна Мінска, а таксама ў Кастрычніцкую раённую камісію накіраваныя скаргі на затрыманне адказнага сакратар аргкамітэту БХД, нацыянальнага каардынатара кампаніі "Права выбару" Дзяніса Садоўскага.



sado_sk_dz.jpg

У скаргах адзначаецца, што на выбарчым участку № 53 ён знаходзіўся як давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Максіма Гацака згодна з п. 2 арт. 76 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь і "Дапаможнікам для сябраў участковых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць сёмага склікання".

"Разам з тым старшыня ўчастковай камісіі ў парушэнне выбарчага заканадаўства яго на ўчастак не пускаў, а затым і ўвогуле выклікаў міліцыю, абвінаваціўшы давераную асобу ў дробным хуліганстве. Дадзены факт я лічу фактам палітычнага пераследу ў дачыненні да мяне і маіх давераных асобаў і патрабую неадкладнага вызвалення маёй даверанай асобы Садоўскага Дзяніса Вадзімавіча",  гаворыцца ў скарзе Максіма Гацака.

Нагадаем, адказнага сакратара аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Дзяніса Садоўскага затрымалі ўчора на выбарчым участку № 53 Чыгуначнай выбарчай акругі. Спачатку старшыня камісіі і яго намеснік не хацелі пускаць Дзяніса Садоўскага на ўчастак, а пасля таго, як ён паабяцаў напісаць скаргу на дзеянні выбарчай камісіі, сталі не выпускаць з участку, выклікалі міліцыю і даставілі ў ізалятар на Акрэсціна. У панядзелак адбудзецца суд.

Паводле bchd.info