Рэпетыцыя элегантнай перамогі

Пасля выходных краіна атрымае новыя мясцовыя Саветы. Палітычныя структуры, якія скарыстоўвалі мясцовую кампанію для таго, каб пагутарыць з выбаршчыкамі, ужо адрапартавалі пра свае перамогі.



vybory_5.gif

Найлепшага, бадай, выніку дамаглася кампанія «Народны рэферэндум», бо гэты вынік можна, як кажуць, памацаць рукамі. Як і планавалася, за час мясцовых выбараў было сабрана 50 000 подпісаў за правядзенне рэферэндуму па шасці вызначаных пытаннях. Варта адзначыць, што подпісы збіраліся пад зваротам да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ініцыяваць гэты плебісцыт, а значыць, згодна з заканадаўствам аб зваротах грамадзянаў, праігнараваць наогул такі вынік дэпутаты не змогуць. Ім прыйдзецца пісаць адпіскі — калі нехта не ўзгадае, што калектыўны зварот з больш чым трыццаццю подпісамі падлягае «разгляду на месцы». Праўда, наўрад ці будзе з гэтага нейкая карысць: грошай на рэферэндумы ў беларускім бюджэце на гэты год не закладзена.

Добры вынік, па меркаванні кіраўніцтва, атрымала і «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Колькасць чальцоў аргкамітэта, па словах сустаршыні БХД Паўла Севярынца, павялічылася на сотню чалавек, і яшчэ некалькі соцень сталі «прыхільнікамі БХД». З апорай на 120 сваіх «народных дэпутатаў» БХД зараз будзе спрабаваць наладзіць «народнае мясцовае самакіраванне».

Назіральніцкая кааліцыя «Права выбару» таксама паведаміла пра прыход новых людзей праз назіранне ў актыўную грамадскую дзейнасць. Але вынікі такой дзейнасці можна будзе пабачыць толькі пасля выбараў.

Што ж тычыцца самога працэсу галасавання, то, зразумела, ён мала каго цікавіць. Тая ж БХД яшчэ ўвосень мінулага года заявіла, што беларускія выбары не з’яўляюцца легітымнымі, бо ў краіне адсутнічаюць перадумовы выбараў — свабода СМІ, свабода сходаў і асацыяцыяў, а таксама не могуць прыняць удзел у выбарах палітвязні. Зараз БХД пацвярджае сваю пазіцыю, але ўжо з прычыны брутальных перашкодаў кандыдатам у дэпутаты ў зборы подпісаў, рэгістрацыі і агітацыі. Прычым, як слушна заўважылі ў БХД, зараз выбарчым працэсам кіравалі не выбарчыя камісіі, як тое належыць па законе, а органы МУС.

Да аналагічнай высновы прыйшла Аб’яднаная грамадзянская партыя.

Палічыўшы колькасць перашкодаў, АГП канстатавала: «Гэтая выбарчая кампанія з’яўляецца яшчэ больш бруднай, сілавой, забароннай нават у параўнанні з папярэднімі «выбарамі».

І Партыя БНФ сцвярджае, што «ўсе этапы бягучай выбарчай кампаніі сведчаць пра нязменны курс правядзення выбараў пад кантролем органаў выканаўчай улады паводле папярэдне напісанага сцэнару і з загадзя прадвызначаным вынікам. У сукупнасці азначаныя абставіны ўжо на дадзеным этапе не дазваляюць лічыць гэтую выбарчую кампанію свабоднай і празрыстай, а выбары — свабоднымі і справядлівымі».

Не верыць такім выбарам і народ. Удзельнікі кампаніі па выніках збору подпісаў, абыходу кватэр ды агітацыі заўважаюць: пайсці на выбарчы ўчастак жадаючых амаль няма. Апытанка парталу tut.by (прагаласавала больш за 30 000 чалавек) сведчыць: удзельнічаць у галасаванні маюць намер толькі 17,71% апытаных. 61,96% канстатавалі, што не будуць браць удзел у галасаванні, а пад варыянтам «Якія выбары?» падпісаліся 19,83%. Такім чынам, каля 80% грамадзян не бачаць сэнсу ўдзелу ў галасаванні.

Усё гэта было б весела, калі б не было так сумна. Бо, як мяркуюць аналітыкі, мясцовыя выбары — гэта маленькая рэпетыцыя прэзідэнцкай кампаніі, якая мае адбыцца ў Беларусі ў 2015 годзе. На мясцовых выбарах зараз «адточваюцца» магчымыя сцэнары і навацыі прэзідэнцкіх выбараў.

У прыватнасці — навіны ў заканадаўстве па забароне байкоту выбараў, па правядзенні перадвыбарчых пікетаў выключна на выбарчую тэму, новыя правілы стварэння агітацыйнай прадукцыі і гэтак далей.

Сапраўды, кажа палітолаг і юрыст Юры Чаўсаў, гэтая мясцовая кампанія ўпершыню праходзіць па правілах, прынятых зменамі ў Выбарчы кодэкс увосень 2013 года. «Але гэтыя змены тычацца, найперш, парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў», — нагадвае ён.

«Варта зазначыць, што хада мясцовай кампаніі ў нечым перадвызначае новыя тэндэнцыі ў правядзенні выбараў. Напрыклад, абмежаванне тэматыкі перадвыбарчых пікетаў выключна выбарамі ў заканадаўстве не закладзенае. Асаблівай агітацыі за байкот выбараў пад час мясцовай кампаніі я не заўважаў, але гэта можа ўдарыць па «байкотчыках» прэзідэнцкіх выбараў. Цікавыя навацыі ў працэсе рэгістрацыі кандыдатаў, якія зараз павінны прадставіць даведку аб адукацыі: некаторыя кандыдаты, напрыклад, падавалі ў выбарчыя камісіі дыплом аб вышэйшай адукацыі, але ім адмаўлялі ў рэгістрацыі, бо не быў прадстаўлены дыплом сярэдняй адукацыі», — адзначыў Чаўсаў.

Калі такія моманты не заўважыць, то ў далейшым міма рэгістрацыі можа праляцець і кандыдат у прэзідэнты.

Зараз на разглядзе ў парламенце знаходзяцца яшчэ адны папраўкі ў той жа Выбарчы кодэкс. Зразумела, яны будуць прымацца з улікам практыкі мясцовых выбараў. І, напрыклад, такія не ўзаконеныя навацыі, як абмежаванне тэматыкі пікетаў, можна будзе ўзаконіць.