Забаўная арыфметыка

Мяне заўсёды здзіўляла забаўная арыфметыка ўладаў. Напрыклад, нам увесь час кажуць, што насельніцтва плаціць за жыллёва-камунальныя паслугі толькі 30%, хаця кошты ўсё растуць. Альбо, калі кошт праезду быў 1 300 рублёў, нам казалі, што квіток павінен каштаваць 3 000. А калі кошт узрос да 3 000, нам кажуць, што сапраўдны кошт праезду — 6 000. Афіцыйная ж інфляцыя ў нас — 12%. Што гэта?  



timthumb6.jpg

Падаецца, меў рацыю Аляксандр Лукашэнка, калі казаў, што нам патрэбныя добрыя настаўнікі і рэформа школьнай адукацыі. Але, падаецца, справа тут не толькі ў адукацыі, але і ў моцным намеры выдаваць заўсёды пажаданае за дзейснае. Мы заўсёды будуем шмат планаў, але за гэтыя планы потым прыйдзецца разлічвацца.

Напрыклад, першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Марыніч на тыдні заявіў, што Беларусь плануе ў 2014 годзе атрымаць 9 мільёнаў тон збожжа. Таксама ставіцца задача атрымаць 1,6 мільёна тон бульбы, 4,7 мільёна тон цукровых буракоў, да 1 мільёна тон алейнага семя рапсу, 518 тысяч тон гародніны. Таксама плануецца атрымаць 8,3 мільёна тон кармавых адзінак травяністых кармоў.

Падаецца, што нашая сельская гаспадарка пры такіх планах павінна квітнець і радавацца. Але ж радавацца няма чаму. Як падае Нацыянальны статыстычны камітэт, у студзені-лютым 2014 года ў гаспадарках усіх катэгорый (у сельскагаспадарчых арганізацыях, сялянскіх (фермерскіх) гаспадарках, гаспадарках насельніцтва) вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі зменшылася ў параўнанні са студзенем-лютым 2013 года на 4%.

Зразумела, што зараз толькі зіма скончылася, і хутка будзе пасяўная. Але ж гэта вядомая «адмазка» — у нашай сельскай гаспадаркі чатыры праблемы: зіма, вясна, лета і восень. Планаваць атрыманне прадукцыі, канешне, можна, але трэба яшчэ і разлічваць, у колькі яна нам абыдзецца.

На гэтую праблему звярнуў увагу Аляксандр Рыгоравіч, правёўшы нараду па сельскай гаспадарцы. «Сельскую гаспадарку трэба прыводзіць у пачуццё. Мы не можам так фінансаваць і падтрымліваць сяло, як раней. Па розных прычынах», — заявіў Лукашэнка. «У нас ёсць пэўныя абавязацельствы і ў Мытным саюзе. Па-другое, у нас ужо намецілася нейкая тэндэнцыя да ўтрыманства. Мы ж з вамі працавалі ў сельскай гаспадарцы, вы ведаеце: прасі больш, дадуць крыху менш», — падзяліўся Лукашэнка формулай поспеху.

Ён нагадаў, што цяпер на чале з прэм'ер-міністрам актыўна працуе група па вёсцы, і ў бліжэйшы час «мы выйдзем на пэўныя рэкамендацыі, вывучыўшы сітуацыю прыкладна так, як было па будаўніцтву». «Але меры адны: час ужо зарабляць», — сказаў Лукашэнка.

Ёсць два моманты, якія хацелася б адзначыць у сувязі з нарадай у Лукашэнкі. Пра тое, што «трэба зарабляць», ён казаў неаднаразова. І пра тое, што Беларусь скароціць субсідыі сельскай гаспадарцы, Лукашэнка гаворыць ужо пяць год запар. Але нічога ад гэтага не змяняецца. Падаецца, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў на чарговыя заклінанні са словамі «скароцім датацыі» і «трэба зарабляць» ціхенька пасмейваюцца: «Дасі ты грошай, нікуды не падзенешся! Пяць год ужо абяцаеш нас разнесці, а ўсё ніяк».

Што ж тычыцца «прыкладна таго, як гэта было ў будаўніцтве». А што там было? А нічога там не было! Было тое, што Аляксандр Рыгоравіч некалькі разоў даваў даручэнне вырашыць праблемныя пытанні ў будаўніцтве. І кожны раз тэрмін «канчатковага вырашэння» пасоўваўся на тры месяцы, паўгады, дзевяць месяцаў… Карацей, даручэнне кіраўніка дзяржавы ператварылася ў той самы «даўгабуд», якога планавалі пазбавіцца.

А як сельская гаспадарка будзе зарабляць — гэта вядома. У Беларусі на 5% павышаны адпускныя цэны на мяса. Лімітавая максімальная адпускная цана на ялавічыну патушную складзе 33 279 рублёў за кілаграм, на свініну патушную першай і другой катэгорыі — 31 920 рублёў за кілаграм, свініну трэцяй катэгорыі — 29 814 рублёў за кілаграм. А значыць, і на прылаўках мяса падаражэе.

І будзе даражэць далей, бо складнікі ягонай вытворчасці таксама даражэюць. Напрыклад, у Беларусі на 1,8 % павышаныя гранічныя максімальныя адпускныя цэны на вуглевадародны звадкаваны паліўны газ для камунальна-бытавога спажывання. Гэта ўжо другое павышэнне коштаў у бягучым годзе, у студзені кошт газу быў павялічаны на 20%.

Цікавая і арыфметыка пра славутыя «500 долараў заробку ў эквіваленце». Мы ўжо казалі пра тое, што рост заробку ў Беларусі спыніўся, і, варта дадаць, прыкладна на гэтай лічбе. Але, аказваецца, заробак — гэта не даход. Па інфармацыі Белстата, у Беларусі ў студзені 2014 года агульны аб’ём грашовых даходаў насельніцтва склаў 36 трыльёнаў рублёў, у разліку на душу насельніцтва — 3 798 100 рублёў у месяц.

То бок, на душу насельніцтва прышлося каля 385 долараў даходу. «Кожнаму па 500 не атрымалася», хаця была такая мара.

Але больш за ўсё цікава назіраць за забаўнай беларускай арыфметыкай падчас выбараў. Нягледзячы на тое, што мяжа яўкі зараз на мясцовых выбарах адмененая, Цэнтрвыбаркам лічыць колькасць электарату на ўчастку. У першы дзень датэрміновага галасавання, па дадзеных ЦВК, прагаласавала 3,82% выбаршчыкаў.

І прагаласавала б больш, калі б электарат не адпужвалі назіральнікі. Напрыклад, у Мінску на 51-м участку Чыгуначнай акругі №20 у першы дзень датэрміновага галасавання назіральнік прыйшоў праз 3 гадзіны пасля адкрыцця ўчастку. Да канца дня пры ім прагаласавалі толькі чатыры чалавекі. Але ж агульная сума прагаласаваўшых за дзень, паводле дадзеных участковай камісіі, склала 129 чалавек. То бок, калі верыць камісіі, за тры гадзіны на ўчастку прагаласавалі 125 чалавек, а ў астатнія чатыры гадзіны — чатыры. Мабыць, назіральнік выглядаў надзвычай жахліва і распужаў народ з участку.

У Воршы на выбарчым участку №6 Маладзёжнай выбарчай акругі №8, па дадзеных выбарчай камісіі, за адну гадзіну першага дня датэрміновага галасавання на галасаванне па хатах шляхам выязной скрыні запісаліся 340 (!) чалавек. Калі ўсе гэтыя людзі сапраўды хварэюць, туды трэба не выбарчую камісію адпраўляць, а медыкаў. Бо гэта ж эпідэмія.