Баранавічы: колькасць прагаласаваўшых расце ў адсутнасць назіральнікаў
Назіральнікі адзначаюць, што калі на выбарчых участках ажыццяўляецца назіранне, то колькасць прагаласаваўшых датэрмінова меншая ў некалькі разоў.
Сталі вядомы вынікі за першыя 3 дні датэрміновага галасавання па выбарах дэпутатаў у гарадскі і абласны саветы на выбарчым участку № 43 (СШ-21), дзе вядзецца незалежнае назіранне. На выбарчым участку зарэгістраваны толькі па аднаму кандыдату ў гарадскі савет і ў абласны ад прадстаўнікоў улады.
У першы дзень датэрміновага галасавання прагаласавалі толькі 29 выбаршчыкаў. А вось у першай палове другога дня, калі не вялося назіранне, датэрмінова ўжо прагаласавалі 159 чалавек, а ў другой палове дня, калі на ўчастках прысутнічалі незалежныя назіральнікі, прагаласавала толькі 19 чалавек. У трэці дзень датэрміновага галасавання, па дадзеных выбарчай камісіі, прагаласавала 106 выбаршчыкаў, а па дадзеных назіральнікаў — толькі 92 чалавекі.
— Па выніках першых 3-х дзён датэрміновага галасавання можна зрабіць выснову: калі на выбарчых участках прысутнічаюць незалежныя назіральнікі, то колькасць прагаласаваўшых датэрмінова меншая ў некалькі разоў, — адзначыў незалежны назіральнік Сяргей Гоўша.
Усяго прагаласавала за першыя 3 дні на выбарчым участку № 43 толькі 313 выбаршчыкаў, што складае 9,5 % ад іх агульнай колькасці. Галасаванне працягваецца.
“Праваабаронцы за свабодны выбары”