Рассылка смс-паведамленняў ад Цэнтрвыбаркама з'яўляецца незаконнай, мяркуюць у кампаніі "Права выбару"
Рассылка смс-паведамленняў, якія прыходзяць на мабільныя тэлефоны ад імя Цэнтрвыбаркама, з'яўляецца незаконнай, заяўляюць у кампаніі "Права выбару".
Юрысты кампаніі мяркуюць, што "гэтая рассылка супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь, у прыватнасці закону аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі. Да прыкладу, арт. 20 закона гаворыць: "Інфармацыя, якая распаўсюджваецца і (або) прадастаўляецца, павінна ўтрымліваць праўдзівыя звесткі пра яе ўладальніка, а таксама пра асобу, якая распаўсюджвае і (або) прадастаўляе інфармацыю, у форме і аб'ёме, дастатковых для ідэнтыфікацыі такіх асоб. Пры выкарыстанні для прадастаўлення інфармацыі тэхнічных сродкаў, якія дазваляюць азнаёміць з інфармацыяй пэўнае кола асоб, уладальнік інфармацыі і інфармацыйны пасрэднік абавязаны забяспечыць карыстальнікам інфармацыі магчымасць свабоднай адмовы ад атрымання прадастаўляемай такім спосабам інфармацыі".
"Ні Цэнтрвыбаркам, ні аператары мабільнай сувязі пры рассылцы смс-паведамленняў гэтых норм не прытрымліваліся. Кожны грамадзянін Беларусі, які атрымаў гэтае паведамленне, зараз
можа падаць у суд на Цэнтрвыбаркам і/або на свайго аператара мабільнай сувязі", — мяркуюць у кампаніі "Права выбару".
Цэнтрвыбаркам запрашае выбаршчыкаў узяць удзел у галасаванні на мясцовых выбарах, рассылаючы смс-паведамленні: "Выбаршчык! Прымі ўдзел у выбарах! Твой голас важны! Цэнтрвыбаркам".
"Усе тры аператары — Velcom, МТС і Life — ветліва пагадзіліся аказаць гэтую паслугу, — паведаміў БелаПАН сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай
Лазавік. — Мы вельмі ўдзячныя ім, таму што яна ахоплівае вялікую колькасць выбаршчыкаў". Лазавік зазначыў, што "сёння розныя
інтэрнэт-тэхналогіі ўсё больш і больш укараняюцца ў выбарчы працэс". "Можа, у іншых краінах такая форма апавяшчэння выбаршчыкаў стала прывычнай і традыцыйнай, але для нас яна новая.
Але, прынамсі, тут ёсць вялікая доля верагоднасці, што большасць выбаршчыкаў атрымаюць адпаведны сігнал. Можа, якраз ён і стане імпульсам для ўдзелу
ў галасаванні", — сказаў Лазавік.
Кампанію назірання за мясцовымі выбарамі "Права выбару" праводзяць аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", кампанія "Гавары
праўду", Партыя БНФ, рух "За Свабоду", Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская партыя "Зялёныя" і аргкамітэт па стварэнні
Партыі свабоды і прагрэсу.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН