Выбары на Піншчыне
Як падзеі ва Украіне адбіліся на беларускім грамадстве, на асабістым досведзе адчуў кандыдат ад Партыі БНФ у дэпутаты Берасцейскага абласнога Савета па Пінскай Заходняй выбарчай акрузе №46 Андрэй Кахнюк.
У час размоў з выбаршчыкамі, нехта сустракаў апазіцыйнага кандыдата воклічам “Бандэравец!”, а нехта выказваў жаданне змен, падзяліўся з нашым радыё Андрэй Кахнюк:
— Вельмі моцнае вар’іраванне ў меркаваннях людзей, пачынаючы ад таго, што “ты — вораг і табе сядзець трэба”, заканчваючы тым, што “мы абавязкова будзем галасаваць за вас”. Ёсць яшчэ такі момант, і гэта мяне вельмі здзівіла, вялікая падтрымка з боку сталых людзей.
Партыя БНФ на Піншчыне не арганізоўвала назірання, маніторынг па галасаванні вядуць давераныя асобы Кахнюка. Яны адзначаюць, што ў Пінску вельмі заўважна, як адміністрацыйны рэсурс дапамагае праўладным кандыдатам.
****
На Піншчыне да маладых выбаршчыкаў звярнуўся Гарадскі Савет па справах моладзі. Што гэта за структура, дэмакратычныя актывісты не ведаюць. Зварот апублікаваны ў гарадскіх дзяржаўных сродках масавай
інфармацыі.
Савет закранае маральнасць удзелу альбо не ўдзелу ў выбарах. “Маладыя грамадзяне, заўсёды павінны ўдзельнічаць у лёсавызначальных палітычных падзеях, якія адбываюцца ў рэспубліцы. Гэта маральны абавязак кожнага грамадзяніна — прыняць актыўны ўдзел у выбарах. Удзел у выбарах — гэта рэальны ўнёсак моладзі ў падтрыманне міру, згоды і стабільнасці на нашай зямлі,” — гаворыцца ў звароце да пінскай моладзі.
Грамадскія актывісты перакананыя, што гэты зварот сведчыць пра тое, як прадстаўнікі ўлады хвалююцца за яўку і за маладое пакаленне беларусаў, якое не верыць у выбарчыя працэсы.
Беларускае Радыё Рацыя, Пінск