На мясцовых выбарах прагаласавалі ўжо каля 32% выбаршчыкаў

23 сакавіка ў Беларусі праходзяць мясцовыя выбары. Але ў апошнія пяць дзён адбывалася датэрміновае галасаванне.



elect18250410bm715.jpg

Калі за першыя чатыры дні датэрмінова прагаласавалі амаль 25%, дык учора яшчэ 7% — агулам 32% выбаршчыкаў, а гэта больш за 2 млн 200 тысяч чалавек, інфармуе БЕЛТА са спасылкай на ЦВК.

У Брэсцкай вобласці 18-22 сакавіка прагаласавалі 31,76% выбаршчыкаў, у Віцебскай — 30,44%, у Гомельскай — 33,81%, у Гродзенскай — 31,12%, у Мінскай — 31,61%, у Магілёўскай — 31,69%, у Мінску — 32,97%.

Яўка выбаршчыкаў на паўторных выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў па Гомельскай-Навабеліцкай акрузе № 36 падчас датэрміновага галасавання склала 24,46%.

"Гэта вельмі добры паказчык. Напэўна, тут адбіваецца свядомасць і актыўнасць нашых выбаршчыкаў", — адзначыў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.  

Назіральнікі ўжо заяўляюць пра выяўленыя парушэнні. Найперш яны датычаць колькасці выбаршчыкаў, якія датэрмінова прагаласавалі на ўчастку. Назіральнікі налічваюць іх на некалькі дзясяткаў чалавек менш, чым пасля было пазначана ў пратаколах.

Фота — bymedia.net




euroradio.fm