Пра выбары і Дэпардз’е
23 сакавіка мясцовыя выбары адбудуцца не толькі ў Беларусі, аднак і ў Францыі. У адрозненні ад Беларусі, інтарэс да гэтай падзе ў Францыі каласальны. Пра тое, што адбываецца ў Францыі, распавядае французскі журналіст Аляксандр Чукаеў.
— Перш за ўсё, распавядзіце, што ўяўляюць сабой мясцовыя выбары ў Францыі?
— Абіраюцца дэпутаты мясцовых саветаў, дэпутацкая большасць у якіх прызначае мэраў. Выбары пройдуць прыкладна ў 37 тысячах муніцыпалітэтаў. Муніцыпалітэт у Францыі — гэта асаблівая і вельмі спецыфічная дзяржаўная структура. Мэрыя мае свой бюджэт, яна можа ўводзіць свае падаткі. Апошнім часам вырасла значэнне муніцыпальнай паліцыі, паколькі ёй дазволілі мець агнястрэльную зброю. Таксама трэба адзначыць, што для таго, каб балатавацца ў прэзідэнты Францыі, патрэбна 500 подпісаў мэраў. Гісторыя сведчыць, што кандыдатам малых партый часам цяжка сабраць тыя подпісы, паколькі мэры, як правіла, належаць да вядучых партый (сацыялісты або правацэнтрысты). Такім чынам, вынікі выбараў могуць паўплываць на прэзідэнцкія перспектывы Марын Ле Пэн — лідара Нацыянальнага фронту.
— Наколькі сур’ёзныя шансы ў Ле Пэн стаць прэзідэнтам?
— Апошнім часам яе рэйтынгі вельмі выраслі. У студзені яе папулярнасць нават часам уздымалася да 34 працэнтаў. Зараз, калі не памыляюся, за яе гатовыя галасаваць 19 працэнтаў выбарцаў. Не выключаюць, што правыя радыкалы (праўда, яны вельмі абражаюцца, калі іх так называюць) могуць захапіць шмат мэрый. Захоп муніцыпалітэтаў крайне правымі — вельмі рэдкая з’ява, паколькі дзейнічае прынцып «рэспубліканскага блоку», адпаведна якому ў выпадку пагрозы такой перамогі сацыялісты і правацэнтрысты галасуюць за сумеснага кандыдата.
— Ці расчараваліся людзі ў палітыцы прэзідэнта Аланда?
— Часткова расчараваліся. Па-першае, усе чакалі ад яго скарачэння беспрацоўя. Аднак, нягледзячы на ўсе яго рэформы, беспрацоўе стабільна трымаецца на ўзроўні 12 працэнтаў. Таксама, на думку левага электарату, Аланд не так радыкальна ўзняў падаткі на багатых. Таму шмат хто разглядаў яго маніякальнае жаданне дазволіць аднаполыя шлюбы як спробу хоць неяк прадэманстраваць сваю актыўнасць. Сам Аланд кажа, што некалькі гадоў — вельмі малы тэрмін для таго, каб яго рэформы пачалі сапраўды працаваць. З іншага боку, яго палітыка на супрацоўніцтва з камунамі імігрантаў значна знізіла ўзровень напружанасці ў бедных кварталах.
— Як адлюстраваўся на папулярнасці Франсуа Аланда нядаўні скандал, калі стала вядома пра яго адзюльтэр?
— Апазіцыя спрабавала раскруціць гэту тэму, аднак нікога асабліва гэта не бянтэжыла. У Францыі даўно лічыцца, што палітык сам па сабе — асоба несумленная, і ў прынцыпе ад яго трэба чакаць нейкага падману. Вельмі часта палітыкаў лавілі на тым, што яны спачатку крытыкуюць адзін аднаго, а пасля мірна вячэраюць. Значна больш грамадства перажывала за лёс грамадзянскай жонкі, якую Аланд кінуў і якая з-за гэтага трапіла ў шпіталь. Таксама шмат хто, асабліва жанчыны, спрачаліся, што ж такога сэксуальнага ў тым Аландзе, якога на першы погляд цяжка назваць мача.
— Чаму свае пазіцыі губляе вядучая правая партыя — "Саюз за народны рух" (UMP)?
— Перш за ўсё, гэта правал былога прэзідэнта і лідара UMP Нікаля Сарказі. Падчас прэзідэнцкіх выбараў ён вырашыў пабравіраваць — заявіў, што ў выпадку пройгрышу пойдзе з палітыкі. Слова не верабей. Прайграўшы Аланду, ён быў вымушаны пакінуць партыю, што рэзка ўдарыла па яе іміджы. Справа ў тым, што раней Сарказі выкінуў адтуль усіх яркіх персонаў са старой гвардыі Шырака. У Францыі любая партыя будуецца вакол яркага палітыка, якога ў UMP не аказалася. Больш таго, пачалася ўнутраная сварка за лідарства. Галоўныя канкурэнты — былы тэхнакрат Франсуа Фіён і апаратчык Жан-Франсуа Капе. На нейкім этапе была нават верагоднасць, што партыя разваліцца. Аднак пасля бакі найшлі нейкі кампраміс. Абодва палітыкі атрымалі пасаду сустаршыні, хаця нефармальна бойка за тое, хто павядзе партыю на прэзідэнцкія выбары, працягваецца.
— Ці магчыма вяртанне ў палітыку Нікаля Сарказі?
— Пра гэта зараз шмат кажуць. Пакуль Сарказі чытае лекцыі і выходзіць на публіку падчас канцэртаў сваёй жонкі Карлы Бруні. Гэтыя канцэрты ператвараюцца ў буйныя маніфестацыі прыхільнікаў былога прэзідэнта, паколькі сама творчасць Бруні мала каго цікавіць. Гэта відавочна па рэакцыі. Выступы Бруні не выклікаюць такога шквалу апладысментаў, як выхад Сарказі на сцэну, што ён абавязкова робіць у рамках шоў. Сам Сарказі, сапраўды, ужо не так катэгарычна кажа пра тое, што не вернецца ў палітыку. Аднак такі варыянт не значыць, што UMP адразу верне сабе вядучыя пазіцыі ў рэйтынгах. Як толькі Сарказі пойдзе ў прэзідэнты, адразу ўзгадаюць крымінальныя справы супраць яго і тое, што на мінулую кампанію ён браў грошы ў Кадафі, якому пасля здрадзіў.
— Сарказі, Аланд, Ле Пэн. Гэта ўсё старыя твары. А ёсць новыя яскравыя палітыкі ў Францыі?
— На жаль, няма. Гэта паказалі буйныя маніфестацыі супраць аднаполых шлюбаў. Нягледзячы на рух з удзелам мільёнаў людзей, ніякага новага лідара тая кампанія не дала. Гэта не вельмі весела, паколькі Францыі патрэбна новая генерацыя палітыкаў. Старая давяла, што не здольная аб’яднаць нацыю. Напрыклад, Сарказі — хутчэй палітык амерыканскага стылю. Фактычна, калі ён быў прэзідэнтам, упершыню ў V рэспубліцы ўзнік казус, калі гарант не можа з’яўляцца на публіцы ў некаторых месцах, напрыклад, у бедных кварталах. Праўда, і Аланд не лепшы за Сарказі. Як сведчаць апытанні, адна з прычынаў, чаму людзі ідуць у апазіцыю да сацыялістаў, звязаная з тым, што Франсуа Аланд выглядае занадта мяккім і нерашучым. На гэтым фоне Марын Ле Пэн глядзіцца яўна лепш. Тым больш, што яна зрабіла больш мяккім свой лексікон — выкрасліла антысеміцкія і расісцкія лозунгі, больш не заклікае да вяртання да франка. Нават пагадзілася з тым, што імігранты, калі яны практыкуюць французскі лад жыцця, гэта, можа, і някепска.
— Апошняе пытанне звязанае з фігурай Жырара Дэпардзье. Прайшоў год, пасля таго як артыст зрабіў свой вядомы дэмарш — перайшоў з французскага грамадзянства ў расійскае на знак пратэсту супраць высокіх падаткаў. Як ставяцца да яго ў Францыі?
— Дэпардзье сказаў тое, што даўно хацелі сказаць іншыя. А менавіта, ён сказаў, што за 20 гадоў заплаціў каля ста мільёнаў еўра ў якасці падаткаў, а з яго з кожным годам патрабуюць усё больш і больш. Між тым, куды ідуць падаткі, нікому не зразумела. Таму, хаця з Дэпардзье і з яго эксцэнтрычных інтэрв’ю ў Расіі і смяяліся, людзі ставяцца да яго пазітыўна.