Выбары: і смех, і грэх

Выбары — гэта не толькі магчымасць «праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю», альбо нажлукціцца з сябрамі на ўчастку. Гэта яшчэ і выдатны шанец стварыць сябе і сябрам настрой. Выбары заўсёды багатыя на кур’ёзы і анекдатычныя выпадкі.



vybor_logo.jpg

Памятаю, як годзе ў 2004-м, на парламенцкіх выбарах, мы размаўлялі з назіральніцай на адным з участкаў, якая распавядала пра працу назіральніка ад СНД: «Прыйшоў зранку, п’яны ў дым. Мутным вокам акінуў участкак і прамовіў: «А, у вас дэмакратыя? Ну, я пайшоў…» З тых часоў фраза «У вас дэмакратыя? Ну, я пайшоў», зрабілася сярод сябраў своеасаблівым мемам, калі трэба, напрыклад, зганяць за пляшкай.

Мясцовая кампанія таксама багатая на мемы і анекдоты.

У Слоніме сябры выбарчай камісіі збеглі ад назіральнікаў

У Слоніме на ўчастку №8 сябры выбарчай камісіі разам з назіральнікамі павінны былі ехаць да тых, хто вырашыў прагаласаваць «па хатах». Адпаведна для гэтага была падрыхтаваная машына, каб людзі не збівалі ногі. Але, пакуль назіральнікі чакалі ля машыны сябраў камісіяў са скрынямі для галасавання па хатах, тыя выйшлі праз іншы выхад. Дагнаць сябраў камісіі ў назіральнікаў не атрымалася.

Раптоўная смерць і дэмаграфічны выбух

23 сакавіка ў Гомельскай вобласці на Ляшчынскі выбарчай акрузе № 23 на ўчастку №19 старшыня камісіі падышла да стала, дзе былі спісы выбаршчыкаў, забрала гэтыя спісы, а замест іх паклала новыя. На пытанне назіральнікаў «Што гэта было?», сакратар камісіі паказала ім іншыя лісты з людзьмі, якія выбылі з участку альбо памёрлі. Такім чынам, за адзін дзень насельніцтва ўчастку раптоўна памерла, а потым такім жа чынам раптоўна адрадзілася.

Гэта не адзіны «біблейскі выпадак». У Мінску на Голубеўскай акрузе №26 (участак №78) грамадзянка Шубіна прыйшла галасаваць і пабачыла, што яна гэта ўжо зрабіла. І не толькі яна — прагаласаваў таксама і яе бацька, які сканаў 10 год таму.

Што можна зрабіць падчас выбараў?

Іншым часам назіральнікі падазраюць нашых гераічных супрацоўнікаў міліцыі ў незразумелых вычварэннях. Згодна з часткай 4 артыкула 53 Выбарчага кодэкса, у перыяд датэрміновага галасавання захоўванне скрыні для датэрміновага галасавання забяспечваецца старшынём участковай выбарчай камісіі. Але міліцыянтам, якія ахоўваюць парадак на ўчастках, сумна.

Вось і з’явілася паведамленне, што ў Ваўкавыску на выбарчым участку Школьнай выбарчай акругі №13, якая знаходзіцца на тэрыторыі фізкультурна-аздараўляльнага комплексу, дзяжурны міліцыянт «спіць са скрыняй для галасавання». Праўда, потым удакладнялася, што «ў непрацоўны час камісіі міліцыянер спіць у адным памяшканні з выбарчай урнай».

На ўчастку можна і «адарвацца». Напрыклад, назіральнікі пабачылі, што ў Мінску па Чыгуначнай акрузе №20 на ўчастку №53 у памяшканні, у якім знаходзілася скрыня для галасавання, падчас перапынку з 14 да 16 гадзінаў, знаходзіўся міліцыянт. І ён упускаў у памяшканне нейкіх людзей. Паколькі назіральнікам уваход на ўчастак у непрацоўны час забаронены, то яны скемілі: міліцыянту сумна, і ён вырашыў паабедаць з сябрамі.

Але больш за ўсё парадавала выбарчая камісія ў Мінску на Куйбышаўскай выбарчай акрузе №46 на ўчастку №47. 20 сакавіка ў абедзенны перапынак старшыня камісіі два члены выбарчай камісіі засталіся ў кабінеце, дзе знаходзілася скрыня для галасавання. Калі назіральнікі запыталіся, што яны там робяць, ім адказалі — трэба папрасаваць шторы!

Чаму прасаваць шторы трэба было таемна, у пакоі са скрыняй для галасавання, і ці быў у іх з сабою прас — загадка.

Назіральнікі са склерозам

Але не толькі сябры камісіяў і міліцыянты становяцца героямі выбарчых анекдотаў. І назіральнікі, бывае, трапляюць у смешныя сітуацыі.

Напрыклад, назіральнік ад аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віктар Кулак, які ў межах кампаніі «Права выбару» назіраў на ўчастку №51 Чыгуначнай акргу Мінска, 22 сакавіка забыў на ўчастку сваю тэчку, у якой былі як запісы па назіранні, так і прыватныя дакументы. Вярнуўшыся на ўчастак, ён запытаў у дзяжурнага міліцыянта пра тэчку, але той сказаў, што ніякай тэчкі няма. Не было яе і ў вахцёра. На просьбу ж праверыць, ці не зафіксавалі камеры назірання, як хто-небудзь выносіць тэчку, яму адказалі, што камеры зламаліся а 14-й гадзіне.

Сваю тэчку ён так і не знайшоў. Можа быць, яна з’явіцца дзе-небудзь пасля выбараў.

У цікавую сітуацыю патрапіла таксама сябра БХД Галіна Каржанеўская. Увечары 21 сакавіка яна забылася на ўчастку пакет з прадуктамі і вярнулася па яго. Дзяжурны міліцыянт прадукты ёй вярнуў. Але раніцай 22 сакавіка яна даведалася, што пазбаўлена назіральніцкай акрэдытацыі за «спробу пранікнення на ўчастак пасля закрыцця».

Персанажы з фільмаў жахаў

Чамусьці наш народ вельмі палохаецца назіральнікаў. Нібыта яны жывыя мерцвякі, альбо іншыя пачвары з фільмаў жахаў. Прычым, наяўнасць ці адсутнасць такой пачвары на ўчастку грамадзяне адчуваюць інтуітыўна, і не з’яўляюцца на ўчастак, пакуль там ёсць назіральнік. А варта толькі назіральніку сысці — выбаршчыкі пруцца галасаваць касякамі.

18 сакавіка, у Мінску на Чыгуначнай выбарчай акрузе №20, на ўчастку №51 назіральнік адсутнічаў тры гадзіны да абеду. Пасля абеду чатыры гадзіны ён быў на ўчастку. Дык вось, у паабедзены час прагаласавала толькі чатыры, мабыць, з самымі моцнымі нервамі, выбаршчыкаў. А да абеду было аж 125 чалавек.

Тая ж сітуацыя на тым жа ўчастку паўтарылася і 20 сакавіка. Пасля абеду прыйшло 10 чалавек, а па дадзеных камісіі за дзень прагаласавала 143 чалавекі. У адсутнасць назіральніка яўка вырасла ў 13 разоў.

На ўчастку №27 Паўднёвай акругі ў Мазыры 22 сакавіка, згодна з дадзенымі пратакола выбарчай камісіі, за дзень прагаласавалі 373 чалавека. Але, калі там быў назіральнік, то на ўчастак прыйшлі толькі 38 чалавек. Не было ж назіральніка з 10 да 14 гадзін, і за гэтыя 240 хвілін прагаласавала 335 выбаршчыкаў. То бок, выбаршчыку і камісіі, каб даць пашпарт, праверыць пашпарт, знайсці імя выбаршчыка ў спісе, пад роспіс выдаць бюлетэнь, прашмыгнуць у кабіну для галасавання, запоўніць яго, дабегчы да скрыні, апусціць туды паперку і выбегчы з участка патрабавалася прыкладна 40 секунд. Вось гэта спрыт!

За харчы

Карыстачка Фэйсбуку Yanina Melnikava зараз знаходзіцца ў шпіталі і піша: «Спачатку на выбары, потым — сняданак! Але не думайце, мы на вас не ціснем»... і, так, пашпарт не спыталі. Кажуць, зверыліся... Я так разумею з гісторыяй хваробы... Праўда, вось не памятаю, каб у яе маё фота ўклейвалі. У агульным, заслужыць сваю грэчку з марской капустай сёння было асабліва не проста. Амаль што сумленне прадала...»

Не дзіва, што такімі сродкамі ў нас прагаласуе і 101% насельніцтва.