Дыялог у адны вароты

Палітычная сэсія Кангрэсу за незалежнасць Беларусі, якая ў нядзелю адбылася ў офісе Партыі БНФ, «вынесла мозг» некаторым сталым барацьбітам за дэмакратыю. Тым, хто забыўся, што дэмакратыя — гэта дыялог.



kongggggrrrrreeeeessss_logo.jpg

Алена Анісім вітае ўдзельнікаў Кангрэсу

Спачатку здавалася, што ўсё пройдзе як звычайна — сабраліся, паразмаўлялі пра пагрозы незалежнасці, разышліся. Аднак напачатку Кангрэсу нечакана ў залю ўвайшлі маладыя спартовага выгляду хлопцы. Не, гэта былі не міліцыятны ў цывільным. На пасяджэнне прыйшлі сябры Цэнтральнага камітэта Ліберальна-дэмакратычнай партыі на чале з намеснікам старшыні гэтай партыі Алегам Гайдукевічам.

Праўда, спачатку мала хто звяртаў на іх увагу. Ну, прыйшлі і прыйшлі, хай паслухаюць разумных людзей. Разумныя людзі ў выглядзе экспертаў, — палітолагаў Андрэя Фёдарава і Сяргея Нікалюка, — распавялі прысутным пра стан краіны з пункту гледжання знешняй палітыкі і ўнутраны стан грамадства. У прынцыпе, яны пацвярджалі тое, што даўно вядомае: пакуль што галоўная пагроза незалежнасці сыходзіць з Расіі. А Беларусі ў сённяшнім становішчы, трэба рыхтаваца да горшага. Напрыклад, калі ў краіне пачнуцца нейкія палітычныя пераўтварэнні, зменіцца ўлада і пачнецца «шлях на Захад, да Еўропы», то, па меркаванні Фёдарава, падзеі у нас будуць развівацца горш, чым Зава Украіне. Проста таму, што сінявокая — гэта апошні ваенны фарпост Масквы на заходнім кірунку. У нас багата расійскіх ваенных базаў, якія Расія проста так не аддасць.

fiodorov_an_logo.jpg

Андрэй Фёдараў: Расія проста так Беларусь не аддасць

Але ніякай змены палітыкі, з меркаванняў Сяргея Нікалюка, не адбудзецца. Таму што ў сённяшняй сітуацыі «любыя дзеянні ў правядзенні рэальнай палітыкі поспехаў не маюць», — не тое яшчэ грамадства. Грамадства патэрналісцкае, залежнае ад дзяржавы, больш за тое, дзяржава прадукуе гэтага залежнага ад яе чалавека, — па сутнасці, «чалавека савецкага». Прычым, як лічыць Нікалюк, разлік людзей на дзяржаву — гэтая іхная рацыянальная пазіцыя, бо яны ведаюць, што без дзяржавы яны не пражывуць. А таму людзі, можа, і хочуць лепшага жыцця, што паказваюць розныя сацапытанні, але варушыцца дзеля ажыццяўлення гэтай сваёй мары не гатовыя.

nikoliu_logo.jpg

Сяргей Нікалюк: улада працягвае прадукаваць "чалавека савецкага"

Усё было б сумна, калі б слова не атрымаў вядомы кобрынскі актывіст Аляксандр Мех. Менавіта ён звярнуў увагу на сябраў ЛДП у залі, заявіўшы, што іхнае запрашэнне на Кангрэс не абмяркоўвалася Радаю Кангрэса, і такое рашэнне Радай не прымалася. І увогуле, як можна запрашаць у сядзібу БНФ людзей, якія ўвесь час выступалі спарынг-партнёрамі Лукашэнкі ў лепшым выпадку, а ў горшым падтрымлівалі яго, і таксама вінаватыя ў той пагрозе незалежнасці, якая зараз востра адчуваецца?

mexxx_logo.jpg

Аляксандр Мех: хто запрасіў сюды вунь тых людзей?

Шкада, што спадар Мех на гэтым не скончыў. Можа быць, тады б да ягоных словаў прыслухаліся больш. Аднак далей, як кажуць, атрымалі ўсе. Незалежныя СМІ, напрыклад, зусім не незалежныя, яны абслугоўваюць групоўкі апазіцыі. І ўвогуле, замест апісання праблемаў эканомікі і пагрозаў страты незалежнасці займаюцца папулярызацыяй фэйкавых выбараў, спіхваючы ілбамі прэтэндэнтаў у прэзідэнты. Канешне, кепскі Лукашэнка — прадаў «Белтрансгаз» «Газпрому», з-за чаго стаў немагчымым транзіт газа з Літвы ва Украіну. Адназначна кепскі Захад і ЕС, які ўзяў накірунак на «ціхую легалізацыю» рэжыму Лукашэнкі. А ўвогуле ж, як напрыканцы заявіў спадар Мех, яго ні Масква, ні Брусэль не хвалююць, а хвалюе тое, як будуць жыць у Беларусі беларусы.

Калі яго гэта не хвалюе,навошта ён пра гэта казаў палову выступу?

Варта аддаць належнае Гайдукевічу і ягонай камандзе. Пакуль Мех іх разносіў на кавалачкі, ніводзін з іх не зварухнуўся, ніхто дэманстратыўна залю не пакінуў і нават ніводнага разу не перапыніў выступоўцу! Вытрымка ў сябраў ЛДП аказалася жалезнай. Скандалу, на які ўціхую разлічвалі журналісты (бо была б «смажанка», якую б можна было абсмоктваць), не адбылося.

komgajd_logo.jpg

Сябры ЛДП адзначыліся жалезнай вытрымкай

Адказнасць за палітычную правакацыю ўзяў на сябе Алег Трусаў. Ён нагадаў, што на першы сход Кангрэсу за незалежнасць запрашаліся ўсе палітычныя сілы: і дэмакраты, і камуністы, і прадстаўнікі ўлады. І калі ЛДП зараз прыняла запрашэнне паўдзельнічаць у пасяджэнні, а дэмакраты — не, то хто ж суддзя гэтым дэмакратам? І ўвогуле, па словах Трусава, у нас ёсць два шляхі далей. Альбо мы ўсе перасварымся, ў нас пачнецца грамадзянская вайна, а старэйшы брат з Усходу потым прыйдзе з дубцом і нас усіх памірыць, альбо паўтор 1991-га года, калі ў Вярхоўным савеце ўсе — і дэмакраты, і камуністы, і лібералы, — галасавалі за незалежнасць краіны, бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня».

trus_off_logo.jpg

Алег Трусаў: А інакш прыйдзе старэйшы брат з Усходу з дубцом, і ўсіх памірыць

Пра Лукашэнку і кепскі Захад Трусаў Меху не адказаў. А наконт незалежнай прэсы справядліва зазначыў: і гэтым СМІ, і ўсяму грамадству апазіцыя пяць год абяцала выхад на «адзінага кандыдата». «Адзінага» не абралі, дык зараз самі вінаватыя, што прэса сцябецца з таго безлічу прэтэндэнтаў на прэзідэнцкае крэсла, якое зараз у краіне ўтварылася.

За Трусавым Алег Гайдукевіч патлумачыў, што яго запрасілі на гэтае пасяджэнне ў якасці госця, далі магчымасць выступіць, ён гэтую магчымасць і скарыстоўвае. І не трэба шукаць тут нейкіх правакацый.

Да таго ж, па словах намесніка старшыні ЛДП, у сядзібе БНФ, па розуму, павінны былі быць не толькі сябры ЛДП, але і «Белай Русі», і БРСМ, і камуністы. «Спачатку мы будзем размаўляць тут, у БНФ, потым у офісе ЛДП, потым у офісе «Белай Русі», а там, можа быць, нашыя спрэчкі працягнуцца ў парламенце», — аптымістычна заявіў Гайдукевіч.

Па пытанні пагрозы незалежнасці Беларусі, ён заявіў, што не бачыць такой пагрозы ні з Захаду, ні з Усходу, ні з боку Еўрасаюза і НАТА, ні з Расіі. Галоўная пагроза незалежнасці Беларусі, па ягоных словах, — унутры Беларусі. Гэта найперш эканоміка і стан грамадства. Калі краіна моцная эканамічна, а грамадства кансалідаванае, то і пагрозаў знешняй агрэсіі для яе значна менш.

gajd_logo.jpg

Алег Гайдукевіч: Пагроза незалежнасці Беларусі — зусім не звонку

Што датычна прэзідэнцкіх выбараў, то ЛДП выступае за тое, каб на іх было шмат кандыдатаў, добрых і розных. Аднак галоўнае пытанне, каб пасля выбараў улада б не толькі адсвяткавала «элегантную перамогу», але і пачула тых, хто нібыта прайграў. Неістотна, колькі намалююць неўладным кандыдатам — тры, пяць, ці паўтары працэнты галасоў. Галоўнае, што гэтыя галасы — таксама людзі, таксама грамадзяне краіны, якія мусяць быць пачутыя.

Нечаканую падтрымку Гайдукевіч атрымаў ад старшыні Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзіміра Коласа, які таксама зазначыў, што вайна зараз вядзецца іншымі сродкамі: Украіна — гэта, хутчэй, выключэнне, чым правіла. Колас таксама зазначыў, што галоўная пагроза незалежнасці — знутры краіны, праз эканамічную залежнасць і кантроль над свядомасцю грамадзянаў. І такі кантроль, як вынікае з сацапытанняў, з таго, што беларусы «на ўра» ўспрымаюць «крымнаш», ужо ўсталяваны.

Нашыя ж лідэры апазіцыйных партый не ўсведамляюць адказнасці за краіну, амбіцыі ў іх пераважаюць, што і стала пахаваннем ідэі адзінага кандыдата. А таму Колас заклікаў усіх сябраў палітычных партый націснуць на гэтых лідэраў, каб яны ўсё ж кансалідаваліся вакол агульнай ідэі. «А лепш — пераабраць лідэраў, якія не здольныя на кансалідацыю», — заявіў ён.

Напрыканцы пасяджэння выступіў Уладзімір Някляеў. З адной ідэяй: аб’яднаць Кангрэс за незалежнасць з рухам за незалежнасць Беларусі, які ён зараз стварае. Някляеў нагадаў, што Кангрэс паставіў сабе амбітную задачу — сабраць мільён подпісаў у абарону незалежнасці краіны. Але пакуль што ёсць Кангрэс, і ёсць ягоны выканаўчы орган — Рада Кангрэса. Аднак у гэтага Кангрэса няма «рук і ног», тых, хто будзе гэтыя подпісы збіраць. Някляеў і прапанаваў стварыць Кангрэсу тыя рукі і ногі ў выглядзе руху за незалежнасць.

niekl_nout_logo.jpg

Раней выступоўцы чыталі "з паперкі", зараз — з ноўтбукаў

З гэтай прапановай не пагадзіўся «айцец-заснавальнік» Кангрэсу Алег Трусаў. Маўляў, сам Кангрэс — гэта дыскусійная пляцоўка. Ён не прымае рашэнняў, нават праекты заяваў і рашэнняў Рады Кангрэсу на ім не галасуюцца. Усе рашэнні прымае тая самая Рада Кангрэса ў складзе 17 чалавек. Някляеву было прапанавана ў пісьмовым выглядзе выкласці свае прапановы Радзе, якая збярэцца «праз тыдзень-два», абмяркуе ягоную прапанову і выкажацца па ёй — «так» ці «не». Сам Трусаў супраць, каб Кангрэс ператвараўся ў нейкую палітычную суполку. «Я супраць, але 16 астатніх могуць быць за», — крыху абнадзеіў Трусаў Някляева.

Так што нейкіх глабальных вынікаў ад Кангрэсу чакаць не трэба. Бо ёсць бюракратыя («выкласць прапановы на паперцы»), бо рашэнні Кангрэсам не прымаюцца, і нават не зацвярджаюцца, ды й зацвярджэнне нейкіх прапановаў Радаю Кангрэсу вельмі выглядае на показку: «Мы падумалі, і я вырашыў». Вырашыў Трусаў запрасіць Гайдукевіча — запрасіў. Рашэнне было слушным, але, як я зразумеў, аднаасобным. Вырашыць Рада падтрымаць Някляева — падтрымае. Калі, зразумела, той дашле прапановы ў трох экзэмплярах. А калі не — дык пра збор мільёна подпісаў за незалежнасць, акрамя Някляева, ніхто і не згадае.

І не трэба. Затое на наступнай сэсіі ўвосень абмяркуюць адукацыю і Балонскі працэс. А што будзе вынікаць з заяваў Рады Кангрэса, — падаецца, мала каго хвалюе. Галоўнае — заявіць пра свае патрабаванні, а адказнасць за іх выкананне можна ўскласці на «злачынны рэжым».