Андрэй Фёдараў: У нас будзе горш, чым ва Украіне

Будучыня ў Беларусі даволі змрочная, але цікавая. Прынамсі, так лічаць эксперты, якія выступалі падчас палітычнай сэсіі Кангрэсу за незалежнасць, якая адбылася ў нядзелю ў Мінску.



fiodorov_polit1_logo.jpg

Агляд існай міжнароднай сітуацыі на Кангрэсе рабіў палітычны аглядальнік Андрэй Фёдараў. Ягоны выступ мы прапануем чытачам «НЧ».

Аднавектарнасць застаецца

Калі казаць пра знешнюю палітыку, найперш, трэба акрэсліць кола суб’ектаў, з якімі нашая дзяржава супрацоўнічае і мусіць супрацоўнічаць. Найперш гэта нашыя суседзі і шэраг міжнародных арганізацый: ААН, АБСЕ, Рада Еўропы, Еўрасаюз, NAТO.

З нашых суседзяў першай з’яўляецца Расія. Гэта наш галоўны рынак і крыніца шматмільярдных датацыяў. Наш гандаль з Расіяй складае амаль палову ўсяго гандлю з замежжам. Пры гэтым у нас з ёй і галоўнае адмоўнае сальда ў гандлі. У мінулым годзе яно склала $7 млрд., пры агульным адмоўным сальда $4 млрд.

Прывязаныя мы да Расіі настолькі моцна, што я нават не ўяўляю, як нашае кіраўніцтва можа зараз гэтую прывязку спыніць, альбо хаця б паменшыць.

Мы бачым, як апошнім часам праводзіцца знешняя палітыка Расіі. Ідуць размовы пра магчымую трэцюю сусветную вайну, якую яна распачне.

Украіна таксама адзін з асноўных нашых эканамічных партнёраў, (трэцяе месца па ўзаемным гандлі пасля Расіі і ЕС — аўт.), магчымы наш галоўны хаўруснік у перспектыве. Але на сёння яна знаходзіцца ў настолькі цяжкім стане, што ніякія доўгатэрміновыя праекты з ёй будаваць нельга.

Астатніх суседзяў — Літву, Латвію, Эстонію і Польшчу, — мабыць, нельга разглядаць паасобку, бо яны ёсць сябрамі Еўрапейскага саюза і NAТO. Канешне, з кожнай з іх ёсць пэўныя своеасаблівыя стасункі, але ў асноўным яны выконваюць тую палітыку, якую вызначаюць гэтыя арганізацыі. Эканамічную — ЕС, ваенна-палітычную — NAТO.

У цэлым адносіны з Захадам, у тым ліку з ЗША, можна зараз расцэньваць як «халодны мір», нягледзячы на тыя нязначныя прыкметы пацяплення, якія з’явіліся апошнім часам.

Рада Еўропы. Беларусь, — адзіная еўрапейская краіна, якая туды не ўваходзіць. У ААН і АБСЕ нашая краіна з’яўляецца паўнавартасным чальцом, і там, дзе не кранаюцца пытанні правоў чалавека і дэмакратыі, асаблівых праблемаў няма. У астатніх выпадках Беларусь крытыкуюць, але асабліва на адносінах гэта не адбіваецца. Да таго ж у сучасным свеце гэтыя структуры цяжка назваць вельмі ўплывовымі.

Як ні дзіўна, у апошнія гады былое вострае супрацьстаянне з NAТO (яшчэ год дваццаць таму мы чулі, што гэта монстр, які падпаўзае да нашай мяжы) прыкметна змякчылася. Тым не менш, напружанасць застаецца.

Такім чынам, можна канстатаваць, што, нягледзячы на ўсе заявы пра шматвектарнасць беларускай знешняй палітыкі, вектар у нас аднабаковы. Сапсаваныя адносіны з Захадам і занадта моцная арыентацыя на Усход. Гэта трэба папраўляць.

fiodorov_polit2_logo.jpg

Андрэй Фёдараў: нягледзячы на ўсе заявы пра шматвектарнасць беларускай знешняй палітыкі, вектар у нас аднабаковы

Як нармалізаваць адносіны

У якасці аддаленага прыкладу, да чаго Беларусі трэба імкнуцца, я б выбраў Аўстрыю. У нас з імі, канешне, шмат адрозненняў. Але ёсць шэраг прынцыповых момантаў, у якіх мы вельмі падобныя. Мы прыкладна аднолькавыя па памерах і па колькасці насельніцтва. Ні тая, ні другая краіна не маюць выхада да мора. І там, і там няма вельмі багатых карысных выкапняў. І самае галоўнае: і ў той, і ў другой краіны ёсць «вялікі брат» (у дачыненні да Аўстрыі гэта Германія — аўт.). У нашым выпадку гэты брат размаўляе на падобнай мове, у Аўстрыі — дык на той жа самай. Але іхны брат, праўда, праводзіць іншую палітыку, чым наш.

Давайце падумаем, што будзе, калі, як кажа мой знаёмы, Віктар Карняенка, «здарылася страшнае — мы перамаглі». Да гэтай перамогі мы імкнемся, бо іначай усе гэтыя абмеркаванні сэнсу не маюць.

Калі «мы перамаглі», то ўсе праблемы з Радай Еўропы, ААН і АБСЕ будуць вырашаныя вельмі проста. Дастаткова выканаць тое, да чаго імкнецца дэмакратычная грамадскасць Беларусі: усталяваць нармальны дэмакратычны рэжым. І тады, я думаю, Беларусь вельмі хутка апынецца ў Радзе Еўропы, пытанні з ААН і АБСЕ будуць знятыя.

З NAТO нармалізацыя адносінаў будзе дасягнутая вельмі хутка, калі мы насамрэч будзем рэалізоўваць канстытуцыйнае палажэнне аб нейтралітэце Беларусі.

Больш складана з Еўрасаюзам. Нам самім неабходна вызначыцца, ці мы будзем імкнуцца далучыцца да яго ў напоўніцу, ці рабіць кшталту таго, што робяць зараз Украіна, Грузія і Малдова: падпісаць пагадненне аб асацыяцыі і пашыраць супрацоўніцтва, застаючыся ўбаку. Тут вызначыцца цяжка, таму што гэты шлях будзе складаным, шматгадовым, і ніхто не дасць гарантыі, што ў самой Еўропе не адбудуцца такія змены, што яна ў значнай частцы згубіць сваю прывабнасць.

Другі адмоўны момант, што насельніцтва нашай краіны, разбэшчанае патэрналісцкай палітыкай уладаў пасля першых жа цяжкасцяў само адмовіцца ад незалежнай Беларусі дзеля чачавічнай поліўкі.

fiodorov_an_logo.jpg

Андрэй Фёдараў: дзеля захавання незалежнасці трэба будзе пайсці на «здзелку з д’яблам»

Будзе горш, чым ва Украіне

Прыкладна так я б з вамі разважаў два гады таму. Сёння становішча змянілася кардынальна. Мы бачым, што зрабіла Масква з Украінай, калі тая паспрабавала крочыць насустрач аб’яднанай Еўропе. У мяне асабіста няма ніякіх сумненняў, што калі Расія на той момант, калі мы будзем рабіць той жа самы крок, будзе мець дастатковую моц — Беларусь напаткае той жа самы лёс, што і Украіну. І нават горшы.

Чаму горшы? Нам нават не дадуць дасягнуць згаданага нейтралітэту, бо гэта азначае вывад з нашай краіны расійскіх ваенных базаў.

У святле гэтага любыя рэзкія крокі будуць глыбока рызыкоўнымі. Калі па прыходзе новай ўлады сённяшнія знешнія абставіны збольшага захаваюцца, яе знешняя палітыка мусіць быць выключна асцярожнай дзеля дасягнення галоўнай мэты: захавання незалежнай Беларусі. Нават калі для гэтага спатрэбіцца пайсці на «здзелку з д’яблам».