Дзень Волі. Святкаванне працягваецца

Беласточчына працягвае святкаваць Дзень Волі — 96-ыя ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Сёння ў Кузніцы, непасрэдна каля польска-беларускай мяжы, узгадаюць пра ўраджэнца гэтай мясцовасці, першага прэм’ера беларускага ўраду Язэпа Варонку.



dzienj_voli_u_kuznicy.jpg

Гістарычная лекцыя пра беларускага дзеяча, спектакль і шмат рознай музыкі — усё гэта чакае гасцей і удзельнікаў сустрэчы, якая пройдзе ў Доме культуры ў Кузніцы. Пра задуму правядзення такога мерапрыемства і святочную праграму расказвае Уля Шубзда.

РР: Вы сёння не ў ролі журналісткі, а больш дзяячкі, якая звязана з таварыствам “Сакольшчына”. І ў нас запрашэнне на мерапрыемства, якое пройдзе заўтра ў Кузніцы, якая цяпер называецца Кузніца Беластоцкая.

Уля Шубзда:Так, у суботу ў Кузніцы будзем святкаваць 25 сакавіка. Арганізавалі гэтае мерапрыемства даволі спантанна. Але ўсё ж такі думаю, што ўсё атрымаецца і будзе добра. Запрашаю ўсіх. Бо гэтая сустрэча — яшчэ адна нагода ўзгадаць Язэпа Варонку. І менавіта ў Кузніцы.

РР: Трэба сказаць, што нават калі ўзяць геаграфію, то Кузніца — добрае месца для святкавання. Яна паміж Беластокам і Гародняй. Каб яшчэ не было мяжы, якая ўскладняе нам кантакты, то Кузніца наогул была б ідэальным месцам. Аднак першая прычына — гэта тое, што адтуль паходзіць першы прэм’ер Беларускай Народнай Рэспублікі Язэп Варонка. Няшмат ведаем пра гэтага палітыка, апрача ягонай актыўнасці ў часы БНР.

Уля Шубзда:Дакладна. Я таксама хацела паглыбіць свае веды пра Язэпа Варонку, шукала інфармацыю ў інтэрнэце. І, сапраўды, мала што змагла знайсці. Размаўляючы з прафесарам Алегам Латышонкам, закранулі тэму Язэпа Варонкі. Самі гісторыкі зусім нядаўна даведаліся, што першы прэм’ер БНР — з Кузніцы. Вось і падумалі, што варта было б штосьці зладзіць у родным гарадку Язэпа Варонкі, каб даведацца больш пра яго жыццё і дзейнасць. Думаю, гэта будзе цікава ўсім.

РР: У час святкавання з дакладам пра жыццёвы шлях і дзейнасць Язэпа Варонкі выступіць Алег Латышонак.

Уля Шубзда:Увогуле, спачатку была думка, каб на гэтым дакладзе скончылася мерапрыемства. Але шмат было зацікаўленых гэтай сустрэчай. Людзі самі пачалі прапаноўваць, што прыедуць і выступяць. Было жаданне пашырыць гэту сустрэчу.

Я і Андрэй Гарбуз, які таксама з’яўляецца чальцом таварыства “Сакольшчына”, хочам звяртаць больш увагі на такіх беларускіх дзеячаў з Сакольшчыны. Бо няшмат пра гэта гаворыцца. На Бельшчыне, Гайнаўшчыне ўвесь час ладзяцца нейкія сустрэчы, падтрымліваецца памяць пра беларусаў, які адыгралі пэўную ролю на гэтых абшарах. Вось мы і вырашылі звярнуць увагу на такіх людзей, пра якіх мусім памятаць. Той жа Язэп Варонка.

РР: А што яшчэ, акрамя даклада прафесара Алега Латышонка, будзе заўтра ў праграме?

Уля Шубзда:Будзе магчымасць паглядзець пастаноўку Яанны Стэльмашук-Троц “Не пашанцавала” з вучнямі Гайнаўскага беларускага ліцэя паводле твора Сакрата Яновіча.

РР: Па-першае, Яанна Стэльмашук-Троц — гэта прафесійная актрыса, выпускніца Тэатральнай акадэміі. А па-другое, яна добры дух розных тэатральных ініцыятыў на Беласточчыне, у тым ліку ў працы з моладдзю.

Уля Шубзда:Дакладна. А пасля гэтай тэатральнай пастаноўкі выступіць “Калакольчык з сябрамі”, прагучаць беларускія песні. Прыедзе таксама бард з Гародні Уладзімір Хільмановіч. Выступіць яшчэ гурт “Dead Insemination” з Гарадка. Хлопцы заспяваюць гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” ў метал-аранжыроўцы. Я была ўжо на іх рэпетыцыі і скажу, што гучыць гэта цудоўна. Таму іх выкананне гэтага гімна павінна ўразіць гасцей сустрэчы. Учора стала вядома, што прыедуць таксама “Людзі на балоце” з Гародні

РР: Як бачым, праграма багатая: тут і гістарычная лекцыя, і спектакль, і шмат рознай музыкі. Таму кожны знойдзе штосьці сваё. Давайце прыгадаем: у колькі і дзе?

Уля Шубзда:Заўтра, 29 сакавіка, пачынаем у 16 гадзін у Доме культуры ў Кузніцы па вуліцы Sidrzańskiej. Але не думаю, што будуць праблемы, каб яго знайсці. Гэта ў цэнтры. Таму запрашаю ўсіх!

Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя