"Смерць крамлёўскім акупантам" — 15 сутак Вінярскаму, 5 сутак Блізнюку

У судзе Заводскага раёна Мінска 26 сакавіка асудзілі Максіма Вінярскага. Працэс вяла Алена Някрасава. Актывіста "Еўрапейскай Беларусі" затрымалі разам з іншымі пасля акцыі Дня Волі. Падчас акцыі ён з паплечнікамі нёс расцяжку "Смерць крамлёўскім акупантам!" Усіх затрыманых, акрамя Вінярскага, вызвалілі ўначы.



viniarski_2603.jpg

Як паведамляе праваабарончы сайт "Вясна", сведкам па справе праходзіў начальнік падраздзялення АМАП Тарасаў, які падчас акцыі працаваў у цывільным. Ён заявіў, што Вінярскі прыцягнуў да сябе ўвагу тым, што выкрыкваў фашысцкія і антыдзяржаўныя лозунгі: "Пуцін — фашыст", "Далоў хлуслівы рэжым Лукашэнкі". Акрамя таго, сведка заявіў, што Вінярскі аказваў супраціў пры затрыманні.

Сведкам на судзе таксама быў міліцыянт Рэўт. Асноўны "фашысцкі лозунг", які ён ставіў у віну актывісту, — "Бандэра — герой! Украіна, мы з табой!"

Аляксандру Блізнюку прысудзілі 5 сутак арышту (арт.17.1, 23.4 КаАП РБ). Абвінавачаны нёс у руках украінскі сцяг, крычаў "За Украіну!"

На фота spring96.org Максім Вінярскі — злева

Еўрарадыё