Эдвард Лукас: Адна з галоўных рыс Пуціна — пастаяннае вывядзенне сітуацыі з раўнавагі

Прэзідэнт РФ можа паўтарыць «украінскі сцэнар» у Беларусі, Малдове ці Казахстане, перакананы рэдактар часопіса «Экономист» Эдвард Лукас, паведамляе charter97.org. Пра гэта Эдвард Лукас распавёў карэспандэнту Браяну Уітмару з «Радыё Свабода» .



6306505d_c5e2_4275_a033_549fd0516a8e_w640_r1_s_cx30_cy3_cw34.jpg

Эдвард Лукас

— Які галоўны ўрок можна атрымаць з выбараў, што адбыліся ва Украіне?

— Гэтыя выбары былі вельмі непадобныя на расійскія, паколькі на старце выбарчай кампаніі мы не ведалі, хто атрымае перамогу. Існаваў рэальны палітычны выбар. Усё скончылася тым, што Парашэнка літаральна паламаў Цімашэнка. Падобныя безумоўныя перамогі здараюцца ў дэмакратычных краінах. Але загадзя мы такі зыход прадказаць не маглі. Так што яны (украінскія выбары) з'яўляюцца сур'ёзным адказам на пуцінскую ідэю «кіраванай дэмакратыі». Гэта была дэмакратыя, не кантраляваная кімсьці.

Яшчэ адзін важны ўрок — поўнае паражэнне ўльтраправых сіл. Так што заявы пра тое, што Украінай кіруюць фашысты — поўны нонсэнс. Украінай кіруе чалавек, які вырабляе шакалад. Таму той факт, што «Правы сектар» і «Свабода» не атрымалі нічога — сур'ёзны контраргумент супраць дэманізацыі Украіны Крамлём.

— Як вы лічыце, становішча на Усходзе Украіны, у Данецкай і Луганскай абласцях, ставіць пад сумнеў легітымнасць выбараў?

— Гэтыя вобласці — толькі частка Усходу (Украіны). Калі не ўлічваць фактычна страчаны Крым, то мы маем справу з двума рэгіёнамі, дзе былі сур'ёзныя праблемы. Там пражывае каля 10 адсоткаў насельніцтва. Так што для 90 адсоткаў галасаванне было арганізавана нармальна, для 10 былі вельмі сур'ёзныя праблемы. Але я ўсё роўна лічу, што, нават улічваючы гэтыя страчаныя або праблемныя рэгіёны, яўка апынулася вышэй, чым на большасці выбараў у Амерыцы.

Па еўрапейскіх стандартах, гэта была ўражлівая яўка. Расіі вельмі цяжка будзе цяпер заяўляць, што ўсё гэта — працяг фашысцкага путчу. Аднак гэта неабходная, але недастатковая ўмова — адна з многіх неабходных, але недастатковых умоў патрэбных Украіне для таго, каб зноў стаць на ногі. Сітуацыя ў эканоміцы зусім жахлівая. Патрэбныя вырашэнні важнейшых канстытуцыйных пытанняў, парламенцкія выбары. І пасля гэтага варта паспрабаваць сфармаваць эфектыўны ўрад. Так што зроблены толькі першы крок — не больш за тое.

— Але ці можна казаць, што Украіна сур'ёзна прасунулася наперад?

— Я мяркую, яна крыху прасунулася наперад. Атрымалася змяніць дыскурс. Два месяцы таму ён складаўся ў тым, каб супрацьстаяць умяшанню Крамля і стварэнню Новаросіі, якая працягнулася ад Крыма да Адэсы. Цяпер відавочна, што большасці ўкраінцаў не падабалася, як кіравалася іх краіна. Але большасць украінцаў, незалежна ад таго, якую мову яны лічаць роднай, не жадаюць жыць у складзе Расеі, не жадаюць падзелу сваёй краіны.

Пацярпела паражэнне ідэя аб тым, што з-за моўных праблем Украіна з'яўляецца вырачанай краінай. Украінцам на працягу доўгага часу знаёмае ўзаемадзеянне са знешнім светам. Двухмоў'е тут натуральнае, і людзі размаўляюць з задавальненнем і на рускай, і на ўкраінскай. Моўны выбар з'яўляецца не больш чым адлюстраваннем сітуацыі ў той ці іншай сям'і.

Плынь падзей некалькі змянілася. Мне не здаецца, што Пуцін сур'ёзна пацярпеў ад санкцый. Але я думаю, што ідэя Новаросіі апынулася менш прывабнай, чым ён чакаў. Адна справа — паслаць маленькіх зялёных чалавечкаў і зладзіць хаос. Іншая справа — дамагчыся ад людзей падтрымкі ідэі сепаратызму.

— Расія ў апошнія тыдні некалькі змякчыла сваю пазіцыю. Як вы лічыце, гэта тактычнае адступленне?

— Як гэта часта ўжо бывала з Украінай, усё пайшло не зусім так, як хацеў Пуцін. Ужо не ў першы раз ён здзяйсняе памылкі. Ён рабіў вялікую стаўку на Януковіча, але гэта не спрацавала. Ён не зразумеў Майдан, ён думаў, што гэта проста бунт, не ўсвядоміў, што ён з'яўляецца сапраўдным выражэннем палітычнай пазіцыі. Па-мойму, ён усё яшчэ спрабуе ператварыць Украіну ў напаўразваленую дзяржаву. І ён можа дамагчыся ў гэтым поспеху. Ён нанёс велізарную шкоду ўкраінскай эканоміцы. У яго ў запасе «газавая карта». Ён раздзьмуў да пажару агонь этнічных і моўных супярэчнасцяў ва ўсходніх рэгіёнах, дзе загінулі людзі, а сем'і апынуліся абяздоленымі. Гэта, вядома, шмат у чым тактычнае адступленне. Але ён дамогся шмат чаго з таго, чаго ён хацеў, з яго ўменнем правакаваць хаос. Украіна ў жахлівым становішчы, а палітыка Захаду — даволі бяззубая.

— Якімі могуць быць далейшыя дзеянні Пуціна?

— Я мяркую, у першую чаргу ён будзе разыгрываць газавую карту. Ён можа сказаць , што Украіна павінна плаціць за газ поўны кошт, і, калі яна гэтага не зробіць, то пастаўкі газу перакрыюць. У такой сітуацыі Украіна павінна ці перакрыць пастаўкі ў Еўропу, ці перажыць яшчэ адзін вельмі моцны ўдар па сваёй і без таго хісткай эканоміцы. Так што, я падазраю, у гэтым і будуць заключацца яго (Пуціна) далейшыя дзеянні.

Сепаратысты ў Луганску і Данецку, так званая Новаросія застануцца праблемай. Расійская прапагандысцкая машына па-ранейшаму вельмі эфектыўная і — насуперак логіцы і фактам — яна працягне скажаць сутнасць падзей. Для Украіны застанецца вялікай праблемай, ці выкарыстоўваць сілу, каб вярнуць кантроль на суверэннай тэрыторыяй або дазволіць гэтым баявікам, галаварэзам і бандытам ствараць свае квазі-рэспублікі. Мы пакуль толькі ў пачатку шляху, так што ў Крамля ўсё яшчэ шмат магчымасцяў для таго, каб шкодзіць і ўмешвацца.

— Як зараз будзе развівацца сітуацыя?

— Трэба ўважліва сачыць за тым, што адбываецца ўнутры Расіі, як яна паводзіць сябе. Ці працягне Пуцін падтрымліваць хвалю нацыяналізму ў краіне? Ці пачынаюць расейцы сумнявацца ў афіцыйнай пазіцыі? Ці паспрабуе ён (Пуцін) здзейсніць падобнае ў іншых месцах? Я не здзіўлюся, калі ён дазволіць Украіне на некаторы час самой мучыцца з праблемамі, а сам пераключыць увагу на такія краіны як Малдова, ці Казахстан, ці Беларусь. Адна з галоўных рыс Пуціна — пастаяннае вывядзенне сітуацыі з раўнавагі. Словы не пацвярджаюцца справамі. Ён здзяйсняе тое, чаго ад яго не чакаюць. Мы спрабуем намаляваць рацыянальную карціну, якая адпавядае нашым уяўленням аб свеце. Але ў Пуціна зусім іншыя ўяўленні пра яго. Яму вельмі падабаецца выводзіць нас з сябе. Так што павінна здарыцца нешта такое, чаго мы ніяк не чакаем.