ЕС упершыню ўвядзе пошліну на збожжа з Расіі і Беларусі
Чакаецца, што абмежаванні на імпарт збожжа стануць першым падобным крокам у дачыненні да харчовай прадукцыі з Расіі з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.
Еўрасаюз рыхтуецца ўвесці пошліны на збожжа з Расіі і Беларусі ў памеры 95 еўра за тону, каб «улагодзіць фермераў і некаторыя дзяржавы — члены ЕС», піша DW са спасылкай на газету Financial Times. Адзначаецца, што такая мера стане першым абмежаваннем на імпарт харчовых тавараў пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну.
Выданне паказвае, што ўвядзенне пошлін у памеры 95 еўра за тону збожжа з РФ і Беларусі прывядзе да росту коштаў як мінімум на 50% і рэзка скароціць попыт. Пошліны ў памеры 50% будуць устаноўленыя таксама на насенне алейных культур і прадукты іх перапрацоўкі, распавялі суразмоўцы газеты. Рашэнне ў гэтай сувязі Еўракамісія можа прыняць ужо ў бліжэйшыя дні.
Магчымы ўплыў на глабальны харчовы рынак
FT нагадвае, што Брусель доўга не адважваўся пайсці на такі крок, нягледзячы на ціск з боку Польшчы і краін Балтыі праз боязь, што такія захады могуць расхістаць глабальны харчовы рынак і ўдарыць па краінах, якія развіваюцца.
У 2023 годзе аб'ём імпарту ў ЕС з Расіі збожжавых, насення алейных культур і прадуктаў іх перапрацоўкі склаў 4 млн тон. Гэта рэкордны ўзровень, які адпавядае 1% ад аб'ёму спажывання гэтых тавараў у Еўрасаюзе, піша FT. «Цяпер ЕС імпартуе з Расіі больш збожжавых, чым да пачатку ўварвання ва Украіну», — канстатуе выданне.
У лютым Латвія ўвяла аднабаковую забарону на імпарт многіх харчовых тавараў з Расіі і Беларусі, а Літва абвясціла аб строгіх праверках грузаў. Між тым камісар ЕС у сельскай гаспадарцы Януш Вайцяхоўскі, які раней сцвярджаў, што экспарт збожжа з Расіі ў Польшчу з'яўляецца «нязначным», пасля візіту ў пачатку сакавіка на радзіму, дзе актыўна пратэстуюць фермеры, змяніў сваё меркаванне і заявіў: «Калі Расія выкарыстоўвае прадукты харчавання як зброю, нам трэба рэагаваць».
Пратэсты польскіх фермераў
Польскія фермеры цягам некалькіх тыдняў праводзяць акцыі супраць імпарту сельскагаспадарчай прадукцыі з Украіны. Яны заяўляюць, у прыватнасці, што нясуць вялікія страты з-за рашэння Бруселя аб прыпыненні дзеяння ўсіх імпартных пошлін і квот на аграпрадукцыю з Украіны, чыя эканоміка аслабленая расійскай агрэсіяй.
З лістапада мінулага года польскія фермеры праз гэта блакуюць некалькі КПП на польска-ўкраінскай мяжы. Так, 17 сакавіка іх трактары спынілі рух праз аўтамабільны мост паміж пасёлкам Свецка і нямецкім горадам Франкфурт-на-Одэры, таксама фермерская тэхніка блакавала памежны пункт Губінек, размешчаны на поўдні Польшчы. Паводле звестак мясцовай паліцыі, блакада працягнецца да вечара 20 сакавіка.
15 сакавіка ў гутарцы з прэм'ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен адзначыла, што «ўзважвае магчымасць увесці абмежаванні на імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі з Расіі».
Пошліны на імпарт збожжа ці санкцыі?
Як адзначае FT, камісар ЕС па гандлі Валдзіс Дамброўскіс таксама, хутчэй за ўсё, абярэ павышэнне тарыфаў, а не санкцыі, паколькі для ўвядзення санкцый спатрэбілася б адабрэнне ўсіх дзяржаў ЕС. Да таго ж, у адсутнасць санкцый можна будзе захаваць транзіт расійскага збожжа ў Афрыку і Азію праз тэрыторыю ЕС.
«ЕС вырабляе больш за 300 млн тон збожжавых і алейных культур у год і з'яўляецца нета-экспарцёрам першых (гэта значыць аб'ём экспарту прадукцыі перавышае аб'ём імпарту), таму ў яго няма неабходнасці ў расійскім і беларускім імпарце», — гаворыцца ў публікацыі FT.
Адзначым, што ўвядзенне ЕС пошліны ў дачыненні да
імпарту беларускага збожжа мае хутчэй сімвалічны характар. Справы ў
лукашэнкаўскай гаспадарцы зараз такія, што аб продажы за мяжу гэтага прадукту
гаворкі не ідзе. Так, у кастрычніку мінулага года Саўмін працягнуў яшчэ на
паўгода абмежаванні на экспарт збожжа. Вывозіць яго можна толькі па разавых
квотах. Гэтая пастанова дзейнічае з сакавіка 2023 года. Пры гэтым увосень 2023
года паведамлялася, што Беларусь мае намер закупіць у Расіі 500 тысяч тон
збожжа. Так бы мовіць, самім не хапае — то які можа быць экспарт?