«На адной дысцыпліне сельскую гаспадарку не пабудуеш»
Пастаянныя нарады і «разносы» ў Лукашэнкі гучаць на адзін і той жа лад: давайце больш і лепш. Але ці здольна сённяшняя эканоміка на гэтае «больш і лепш»?
«Першага» хлебам не кармі, але дай паваяваць: калі не з «калектыўным Захадам», не з «беглымі», дык хоць з уласнымі вяскоўцамі.
Вось і ў Салігорску запатрабаваў ад аграрыяў падняць сельскую гаспадарку на новыя вышыні. Пытанне: а дзе мы цяпер?
У 2022 годзе на экспарце прадуктаў харчавання Беларусь зарабіла звыш $8 млрд, а за 8 месяцаў гэтага года — больш за $4 млрд.
«На першы погляд, прыстойна. Але гэта далёка не тыя лічбы, якія мы можам мець. Бо попыт на прадукты харчавання ў свеце, як усе вы ведаеце, велізарны, цэны растуць і будуць расці, адкрываюцца новыя рынкі. І сядзець склаўшы рукі ў такой унікальнай сітуацыі — проста злачынства», — абвясціў кіраўнік.
Чым жа вымяраецца гэтая прыстойнасць? За 2022-ты дадалі ўсяго 1% да ўзроўню папярэдняга (7,6 млн. тон). І, калі судзіць аб'ектыўна, нават гэты сціплы рост забяспечылі Брэсцкая, Гродзенская і Мінская вобласці.
Пагалоўе буйной рагатай жывёлы скарачаецца з года ў год: за пяць гадоў — больш чым на 100 тыс. галоў, у тым ліку ў 2022 годзе — на 22 тыс. Асноўная прычына — мор (2021 год — 102,8 тыс. галоў, 2022 год — 111 тыс. галоў). Летась рост гэтага паказчыка — у 69 раёнах па ўсіх абласцях краіны.
З такой «вышыні» і падаць не страшна.
Што ж насамрэч адбываецца ў сельскай гаспадарцы? Чаму трэба адмаўляцца ад экспарту прадуктаў харчавання?
Пра «вясковыя» праблемы «Свабодныя навіны» пагаварылі з кандыдатам эканамічных навук Пятром Мігурскім.
Давядзецца закупляць мінімум 2 млн. тон збожжа
— Вынікі працы за восем месяцаў выглядаюць не надта прыгожа. Збожжа сабралі 78% да ўзроўню мінулага года. У сельскай гаспадарцы дзейнічае закон мінімуму: ураджайнасць вызначае фактар, які знаходзіцца ў ніжэйшай кропцы — у нашым выпадку гэта вільгаць. Недахоп яе і паўплываў на сітуацыю ў цэлым. Мы пачалі размову з уборкі збожжавых, а ў думках трымаем будучую нарыхтоўку кармоў: там таксама не ўсё добра.
Улады ўзялі курс на імпарт збожжа: сёлета плануюць закупіць 500 тыс. тон, і, хутчэй за ўсё, у наступным годзе будзе тое самае. Але мільёна тон вельмі мала: калі патрабаваць ад аграрыяў станоўчай дынамікі ў вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі (а ў нас экспарт і вызначаецца жывёлагадоўчай галіной, малочна-таварнай вытворчасцю), то трэба закупляць збожжа ўдвая больш. І не саромецца з забеспячэннем рацыёну — тады можна думаць і пра экспарт.
Што ён прасядзе, гаварылі яшчэ год таму. Яшчэ тады пайшлі першыя сігналы: фізічны аб'ём экспарту беларускіх прадуктаў харчавання асеў. Сёння што мы маем? За 8 месяцаў вырабілі на 3% больш мяса, на 5% малака, але гэта не тыя лічбы, на якія трэба абапірацца. Я разумею, калі б прырост склаў 20-30%, а ў існуючыя 2-3% лёгка ўпісваюцца прыпіскі. Калі ўся сістэма зацыклена на плюс, гэта дае неабсяжны прастор для махінацый.
Вяртаемся да экспарту.
Выбачайце, хлопцы, ён мала каму патрэбны, таму што Расія сябе забяспечвае: і ялавічынай, і свінінай. Дарэчы, з 2012 года свініна ўжо цалкам ідзе на ўнутранае спажыванне. І справа нават не ў гэтым. На мясакамбінатах прастойваюць вытворчыя лініі па яе перапрацоўцы. У Магілёўскай вобласці абсталяванне занята толькі на 30-40%. Але мясцовы мясакамбінат пабудаваў свінагадоўчы комплекс у Слаўгарадскім раёне менавіта для таго, каб перапрацоўваць свініну ў сябе — справы трохі паправілі. А ў цэлым па рэспубліцы справы ахавыя.
У сусветнай структуры вытворчасці мяса 40% займае птушка, 40% — свініна і 20% — ялавічына. На Магілёўшчыне, напрыклад, доля птушкі дасягае 60%, а свініны — каля 10%. У нас дыспрапорцыя ў вытворчасці мяса, а трэба імкнуцца да сусветнага балансу — але не атрымліваецца.
Жыццё, напэўна, прымусіць перагледзець стаўленне да харчовага экспарту: аўчына вырабу не вартая. Навошта закупляць мільён тон збожжа, даіць кароў, перапрацоўваць малако, а затым везці ў Кітай або Афрыку? Нам проста здаецца, што Кітай — усёпаглынальная чорная дзірка: колькі ні прапануй — паглыне ўсё; так раней мы думалі і пра Расію: што ні вырабім — усё купіць. Ну не: птушкі сваёй там цяпер дастаткова, за апошняе паўгоддзе ўжо Беларусь закупіла ў суседкі 17 тысяч тон свініны.
Складваецца сітуацыя не на карысць нашага экспарту. Таму я і не разумею ўпартасці: давайце больш, давайце перапрацоўвайце! Летась атрымалі ад экспарту прадуктаў харчавання 8,3 млрд. долараў, а для яго забеспячэння закупілі імпарту прыблізна на 8 мільярдаў.
А дзе браць кадры?
Зараз недакамплект існуючых ферм складае 16 тысяч галоў. Адначасова паступіла распараджэнне пабудаваць у 2023-2024 гадах па 10 малочна-таварных ферм у кожнай вобласці. Так для каго ці для чаго яны?
У Магілёўскай вобласці гэты недакамплект пастаянны: і на свінакомплексах, і на фермах. Але калі яго ў прынцыпе можна ліквідаваць, то дзе ўзяць працоўныя кадры? Напрыклад, сітуацыя ў Гомельскай вобласці ледзь не катастрафічная. Прыйшла новая кіраўніца ў Добрушскім раёне, паказала сваё «я» — у выніку пазвальняліся трактарысты, пазвальняліся даяркі. А ёй усё роўна: маўляў, куды без мяне дзенецеся? Але людзі без вас не знікнуць, а што вы будзеце рабіць без людзей?
Вядома, перамясціць жывёлу ў новыя памяшканні няблага. Памятаю, калі прыехаў у Магілёўскую вобласць, кароў даілі ў вёдры, на кожную даярку прыпадала 25 жывёл; паставіў малакаправоды — літаральна за месяц вырашыліся шматлікія праблемы: нагрузка на даярку вырасла да 50 галоў (малако вёдрамі цягаць не трэба), у людзей з'явіліся выхадныя, лепш сталі клапаціцца пра свае групы (лепш карміць, лепш паіць). І пайшла заработная плата.
Пабудаваць 60 комплексаў у краіне — у прынцыпе, нядрэнна, але ў гэтай схеме чагосьці не хапае. А не хапае кадраў. П'юць у горадзе, а не ў вёсцы: у вёсцы піць няма каму, цвярозае ядро там сфарміравалася.
Патрабуюць новыя камбайны коштам па 500 тысяч рублёў? Калі ўраджайнасць па 70-100 цэнтнераў з гектара, то яны патрэбныя, а калі ў Глускім раёне — 13 цэнтнераў, у Касцюковіцкім — 17 цэнтнераў, у цэлым па Магілёўскай вобласці 25 цэнтнераў, а ў Гомельскай вобласці наогул 20 цэнтнераў? Якія сучасныя камбайны? Ды гэта здзек з эканомікі Беларусі. Наогул у краіне 32% гаспадарак не маюць сучаснай тэхнікі, але на іх чамусьці ніхто не звяртае ўвагі.
Пра што мы гаворым? Шклоўскі раён, які раней намалочваў 120-130 тысяч тон, сёлета мае 78 тысяч тон з ураджайнасцю 38 цэнтнераў з гектара і заняў першае месца. У Магілёўскай вобласці толькі тры раёны перавысілі ўзровень у 30 цэнтнераў з гектара — усе астатнія намалацілі менш.
А яны ўсё: дысцыпліна, давай дысцыпліну! На адной дысцыпліне сельскую гаспадарку не пабудуеш. Варта займацца прадукцыйнасцю жывёлы, тады не трэба будаваць палацы для кароў і праблемы з кармамі не абвострацца, ды і з кадрамі таксама.