«Гэтак жа і да думкі аб прыватызацыі калгасаў недалёка»

Эканаміст і блогер Аляксандр Кныровіч у чарговы раз расказвае пра крызісны стан беларускай сельскай гаспадаркі — які, дарэчы, на мінулым тыдні прызналі і самыя адказныя асобы ў РБ. Тым не менш выйсце з гэтага крызісу ёсць, і яго апрабавалі ўжо цяпер. Якое?

_belarus_selskaja_haspadarka_karovy_2023_fota_novy_czas_logo.jpg

Галоўны спецыяліст па ўсіх пытаннях, ад напісання школьных падручнікаў да вытворчасці піянін, паабяцаў разагнаць урад. Зноў.

Гэтым разам гэта самаеапошняезапошніх кітайскае папярэджанне прагучала на сходцы ў Салігорску, якая насіла кодавую назву «Рэспубліканскі семінар-нарада аб развіцці жывёлагадоўлі».

Як высветлілася, нягледзячы ніяк не худнеючыя твары беларускіх профільных чыноўнікаў, на іх незашпіленыя на шчыльных целах пінжакі, з развіццём самой галіны ўсё па-ранейшаму — не вельмі.

Каровы — не дояцца. Абяцалі выйсці да 2025 года на 6,5 тон ад каровы, пакуль атрымліваецца — 5,5 тон у год, што на 40% ніжэй, чым у суседняй Польшчы.

Каровы — не хочуць цяліцца.

Цытата: «Навукоўцы лічаць, што эфектыўнае ўзнаўленне можа быць пры нараджэнні 95 цялятаў на 100 кароў. І калі ў 1990 годзе ў Беларусі гэты паказчык трымаўся на ўзроўні 90 цялят, то ў апошнія гады мы атрымліваем толькі 72-75. Дый тых зберагчы не можам. Вось і зніжаецца пагалоўе».

Ну і мруць непатрыятычныя каровы. Хочуць хутчэй пакінуць гэты тленны свет. Кожны год — больш за 100 тысяч галоў памірае ад... Ну, калі верыць вусатаму дакладчыку, ад таго, што даяркі рукі не мыюць, і ад таго, што ветэрынарныя лекары чымсьці іншым занятыя...

Проста ўдумайцеся ў гэтую лічбу — не 100 кароў выпадкова памерлі за год, а 100 000!

Семінар доўжыўся некалькі гадзін, і аналагічнае становішча спраў раптам выявілася і ў птушкагадоўлі, дзе немагчыма абысціся без імпарту куранят (аказваецца), і ў свінагадоўлі, дзе справа пастаўлена, прама скажам, адкрыта па-свінску...

Выйсце наш каровін стратэг бачыць усё такі ж: дысцыпліна, кажа, ну і — рукі мыць трэба гэтым свінаркам і даярам.

Але! Ёсць там у іх, у профільных чыноўнікаў і ціхі галасок альтэрнатыўнага меркавання.

На мінулым тыдні новы міністр сельскай гаспадаркі таварыш Барташ падзяліўся вынікамі эксперыменту, у адпаведнасці з якім некаторым кіраўнікам адстаючых калгасаў было прапанавана атрымаць ва ўласнасць 25% +1 акцыю іх жа прадпрыемстваў, калі яны дамогуцца паляпшэння паказчыкаў.

Смельчакоў знайшлося шасцёра і... Менавіта ў іх прыбытковасць раптам вырасла ў 1,5 разы!

Падаецца, свежапрызначаны міністр адразу зрабіў невялікае навуковае адкрыццё: калі людзям лепш плаціць і матываваць, то яны і працуюць лепш.

Страшна ўявіць, да чаго можна дайсці, калі прасунуцца крыху далей па гэтай лагічнай сцежцы... Гэтак жа і да думкі аб прыватызацыі калгасаў недалёка.

Глядзіце таксама