Еўрапарламент узгадніў праект рэзалюцыі па сітуацыі ў Беларусі

Еўрапарламэнт 6 кастрычніка ўзгадніў праект рэзалюцыі па сітуацыі ў Беларусі, у якой асудзіў рэпрэсіі і гвалт з боку беларускага рэжыму і выказаў падтрымку для беларусаў, якія змагаюцца мірным шляхам за свабодную і дэмакратычную краіну.

e1bd0f26_f80f_448a_9be6_315404200cef_w1023_r1_s.jpg


Як перадае Радыё Свабода, у прыватнасці, праект рэзалюцыі:

  • асуджае «рэпрэсіі супраць мірнага народу Беларусі, катаванні і жорсткае абыходжанне, падаўленне сродкаў масавай інфармацыі і інтэрнэту, а таксама збіццё, арышт і запалохванне журналістаў, блогераў і іншых незалежных галасоў у Беларусі»;
  • асуджае «палітычныя працэсы і жорсткія і несправядлівыя судовыя прысуды, нядаўна вынесеныя лідарам апазіцыі Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку»;
  • «асуджае расправу ўладаў над праваабарончым цэнтрам «Вясна» і заклікае «да неадкладнага і безумоўнага вызвалення і зняцця ўсіх абвінавачанняў супраць Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Марфы Рабковай, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленкі, Тацяны Ласіцы, Марыі Тарасенкі, Уладзімера Лабковіча і іншых супрацоўнікаў і валанцёраў “Вясны”»;
  • «асуджае рэпрэсіі і варожыя дзеянні ўладаў супраць прадстаўнікоў польскай меншасці і супраць польскамоўных школ у краіне; у сувязі з гэтым заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Анжалікі Борыс, журналіста Анджэя Пачобута і іншых палітвязняў»;
  • «заклікае да адназначнай падтрымкі беларускай дэмакратычнай апазіцыі ў арганізацыі свабодных і справядлівых выбараў пад міжнародным назіраннем»;
  • «лічыць захоп і вымушаную пасадку рэйсу Ryanair FR4978 у Мінску актам дзяржаўнага тэрарызму»;
  • заклікае Еўрапейскую Раду дамовіцца «аб комплексным і стратэгічным падыходзе да санкцый супраць беларускага рэжыму, які павінен уключаць пераход ад паэтапнага падыходу да больш рашучага санкцыйнага падыходу»;
  • «шкадуе, што ўведзеныя эканамічныя санкцыі толькі часткова паўплывалі на рэжым Лукашэнкі і не паўплывалі істотна на такія важныя галіны, як калій і нафтапрадукты; заклікае Еўрапейскую Раду да далейшага ўзмацнення мэтавых эканамічных санкцый ЕС, засяродзіўшы ўвагу на ключавых беларускіх эканамічных сектарах і дзяржаўных і прыватных кампаніях, якія падтрымліваюць і фінансуюць рэжым Лукашэнкі;
  • заклікае дзяржавы ЕС калектыўна абвясціць службовых асоб КДБ Беларусі на тэрыторыі Еўрасаюза персонай нон-грата»;
  • «прапануе дзяржавам-чальцам ЕС адклікаць для кансультацый сваіх амбасадараў з Мінска ў якасці палітычнага сігналу рэжыму Лукашэнкі і адмовіць у акрэдытацыі беларускіх дыпламатаў у ЕС»;
  • падкрэслівае «тэрміновасць выкрыцця падтрымкі Расіяй гвалту Лукашэнкі над жыхарамі Беларусі, а таксама яе ўдзелу ў гібрыдных дзеяннях рэжыму Лукашэнкі супраць ЕС, у тым ліку выкарыстання мігрантаў у палітычных мэтах»;
  • асуджае кантакты «паміж Лукашэнкам і Пуціным дзеля падрыхтоўкі дарожных мапаў для больш глыбокай інтэграцыі паміж Беларуссю і Расіяй, у тым ліку прагрэсіўнай мілітарызацыі Беларусі, і разглядае гэта як парушэнне суверэнітэту Беларусі»;
  • «высока ацэньвае сістэмную і паслядоўную працу беларускіх дэмакратычных сіл у Беларусі і ў эміграцыі, у прыватнасці лідара дэмакратычнай апазіцыі Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады і Нацыянальнага антыкрызіснага кіравання»;
  • «заклікае ЕС на аператыўным узроўні ўзаемадзейнічаць з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл Беларусі, каб завяршыць працу па прыняцці дарожнай мапы, накіраванай на рэалізацыю комплекснага плану эканамічнай падтрымкі будучай дэмакратычнай Беларусі ў памеры 3 млрд. еўра».
  • «заклікае разгледзець пытанне аб перадачы беларускай справы ў Міжнародны суд на падставе Чыкагаўскай канвенцыі, Манрэальскай канвенцыі і Канвенцыі супраць катаванняў, дапушчаных Беларуссю Лукашэнкі»;
  • «паўтарае свой заклік да стварэння мэтавай праграмы дапамогі ЕС для аказання дапамогі грамадзянскай супольнасці, незалежным СМІ, навуковым колам і беларускай апазіцыі ў эміграцыі, а таксама ахвярам палітычных рэпрэсій і гвалту з боку паліцыі і асобам, якія ўцякаюць ад рэпрэсіўнага рэжыму»;
  • заклікае дзяржавы-чальцоў ЕС «яшчэ больш палегчыць працэдуры атрымання віз і месцажыхарства для тых, хто ўцякае з Беларусі па палітычных матывах або для тых, каму патрабуецца медычнае лячэнне ў выніку наступстваў гвалту».

Галасаванне па праекту рэзалюцыі, пад якой падпісаліся чатыры дэпутацкія фракцыі Еўрапарламента, запланаванае на 7 кастрычніка.