Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі з заклікам да новых санкцый
Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі. За яе прагаласавалі 626 дэпутатаў, 16 былі супраць, 36 устрымаліся. Рэзалюцыя з’яўляецца толькі рэкамендацыйнай для кіраўніцтва Еўрасаюза, паведамляе «Свабода».

Сярод іншага, у праекце ўтрымліваюцца наступныя пункты:
· Інцыдэнт з прымусовай пасадкай самалёта «Ryanair» у Беларусі называюць «жахлівым актам», які парушае міжнародныя законы, і «актам дзяржаўнага тэрарызму».
· Заклікаюць неадкладна і без умоў вызваліць Рамана Пратасевіча і Соф’ю Сапега, а таксама іншых журналістаў і палітычных вязняў у Беларусі.
· Заклікаюць расследаваць інцыдэнт, у тым ліку магчымую ролю Расіі ў «тэрарыстычных актах, якія ўчыняе беларускі рэжым». Пры гэтым любы грамадзянін Расіі які наўпрост ці ўскосна ў гэтым удзельнічаў, мае трапіць пад санкцыі Еўрасаюза.
· Зноў пацвярджаюць непрызнанне Аляксандра Лукашэнкі і называюць яго рэжым «нелегітымным, незаконным і злачынным».
· Патрабуюць неадкладна спыніць гвалт і рэпрэсіі — у прыватнасці, незаконныя затрыманні, катаванні і крымінальны пераслед мірных грамадзян, «якія ад часу скрадзеных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года вымусілі больш за 14 тысяч беларусаў пакінуць краіну.
· Асуджаюць пераслед незалежных медыя і журналістаў і падкрэсліваюць права народа Беларусі на бесперашкодны доступ да інфармацыі.
· Асуджаюць рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў польскай меншасці і варожыя дзеянні супраць польскамоўнай адукацыі ў Беларусі.
· Далучаюцца да закліку запрасіць прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады і Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення на саміт «Вялікай сямёркі» і саміт Усходняга партнёрства, а таксама стварыць групы, прысвечаныя Беларусі, у парламентах усіх краін ЕС.
· Заклікаюць кіраўніцтва Еўрасаюза як найхутчэй прыняць чацвёрты пакет санкцый супраць адказных за выбарчыя фальсіфікацыі і рэпрэсіі, і пачаць працу над наступным пакетам санкцый.
· Заклікаюць, каб санкцыі былі пашыраныя на адказных за інцыдэнт з самалётам «Ryanair», а таксама на тых хто працуе на прапаганду, дэзінфармацыю і мову нянавісці рэжыму, у прыватнасці на Марата Маркава, чыю гутарку са зняволеным Раманам Пратасевічам паказалі на дзяржаўным канале АНТ.
· Заклікаюць кіраўніцтва і ўсе краіны Еўрасаюза адмовіцца ад любой фінансавай падтрымкі рэжыму і таму адмовіць у любых новых крэдытных лініях беларускім банкам і спыніць любыя інвестыцыі ў праекты ў Беларусі.
· Заклікаюць Еўракамісію зрабіць немагчымай пакупку еўрапейскімі фінансавымі інстытутамі бондаў ці іншых фінансавых інструментаў беларускага ўрада.
· Нагадваюць усім прыватным бізнесам з краін Еўрасаюза, якія дзейнічаюць у Беларусі, каб тыя памяталі пра свой абавязак паважаць правы чалавека, і заклікаюць іх устрымацца ад новых інвестыцый і публічна пратэставаць супраць рэпрэсій з боку ўлад у Беларусі.
· Заклікаюць да санкцый супраць тых беларускіх кампаній, якія падтрымліваюць рэжым ці звальняюць сваіх супрацоўнікаў за ўдзел у страйках ці пратэстах.
· Заклікаюць да сектаральных санкцый супраць нафтаперапрацоўчай і калійнай галіны, вытворчасці сталі і дрэваапрацоўчай галіны.
· Заклікаюць спыніць супрацоўніцтва з беларускімі банкамі ў дзяржаўнай уласнасці і абмежаваць крэдытныя лініі міжнародных банкаў сваім даччыным банкам у Беларусі.
· Заклікаюць разгледзець магчымасць часова адключыць Беларусь ад плацёжнай сістэмы SWIFT.
· Заклікаюць еўрапейскія кампаніі, у прыватнасці, «Siemens AG», адмовіцца ад супрацоўніцтва з уладамі Беларусі.
· Заклікаюць краіны ЕС узмацніць намаганні супраць кантрабанды цыгарэт з Беларусі ў Еўрасаюз.
· Заклікаюць прыпыніць удзел беларускіх федэрацый у міжнародных спартыўных арганізацыях і спартыўных мерапрыемствах, у тым ліку ў еўрапейскіх чэмпіянатах, чэмпіянатах свету і ў Алімпійскіх гульнях у Токіа.
· Заклікаюць УЕФА забраць правы на трансляцыю футбольнага чэмпіянату Еўропы ў «Белдзяржтэлерадыёкампаніі» і бясплатна перадаць іх тэлеканалу «Белсат».
· Заклікаюць правесці канферэнцыю высокага ўзроўню «Будучыня дэмакратычнай Беларусі».
4 чэрвеня Еўрапейскі саюз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЕС, а таксама доступ да аэрапортаў ЕС усім беларускіх авіякампаніям. У заяве Еўрапейскай рады тлумачылася, што гэтае рашэнне вынікае з ранейшых высноў, калі кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў ЕС «жорстка асудзілі незаконнае прымусовае прызямленне 23 траўня ў Мінску рэйса "Ryanair", што паставіла пад пагрозу авіяцыйную бяспеку». У высновах таксама асуджалася затрыманне журналіста Рамана Пратасевіча і Соф'і Сапега, якія ляцелі гэтым рэйсам.