Эксперт: «Масква будзе вырашаць праблемы не беларускага народа. І нават не праблемы Лукашэнкі»

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі — пра пастку, у якую ўлады загналі і сябе, і ўсю краіну.

moskovskiy_kreml_7.jpg

— «Расія Беларусь ў бядзе не пакіне», — паабяцаў пасол РФ Лук'янаў 10 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску. Так, на ўзроўні рыторыкі Масква гарой за беларускага саюзніка (хоць і на гэтым узроўні ёсць нюансы), — піша Аляксандр Класкоўскі ў сваім тэлеграм-канале. — Але вось моцна ўкладвацца ў матэрыяльную падтрымку расійскі бок відавочна не спяшаецца.

Скупасцю такой падтрымкі Крэмль стымулюе партнёра быць згаворлівым, напрыклад, у пытанні ўзгаднення саюзных праграм (былых дарожных карт інтэграцыі).

Па словах Лук'янава, з 28 саюзных праграм застаецца няўзгодненай толькі адна — звязаная з энерганосьбітамі. Праграма ж, якая тычыцца падатковай сферы, у цэлым прынятая.

Увогуле, падобна на тое, што па падатковай частцы Крэмль беларускі бок даціснуў.

Гэты бок, мяркуючы па сюжэце доўгіх перамоваў, быў гатовы пайсці на ахвяру такога роду ў абмен на больш танны газ і кампенсацыю за падатковы манеўр у расійскай нафтанцы.

Але, як бачым, праграма, якая тычыцца энергарэсурсаў, яшчэ дыскутуецца, гэта значыць ніякіх гарантый для Мінска няма, у той час як па частцы падатковай сістэмы нейкія саступкі ён ужо, трэба разумець, зрабіў.

Інакш кажучы, Масква тут, падобна, перагульвае беларускі бок. І ў пытанні энергарэсурсаў козыры таксама ў яе руках.

Прычым у плане паглыблення інтэграцыі колькасць непазбежна пераходзіць у якасць. Па асобных напрамках, здаецца, ідзе гаворка толькі пра эканоміку, але ў суме атрымліваецца вялікая палітыка — палітыка інстытуцыйнай прывязкі Беларусі да РФ.

Заякарыўшы суседку праз саюзныя праграмы, Крамлю будзе прасцей ставіць пытанне і аб адзінай валюце, і аб наднацыянальных органах. Пры гэтым Маскве на руку паглыбленне ізаляцыі беларускага рэжыму.

Між тым прыціснутыя з двух бакоў беларускія ўлады, мяркуючы па шэрагу сімптомаў, зноў рыхтуюцца гандляваць палітычнымі вязнямі. Такі ход дапамагаў разблакаваць адносіны падчас ранейшых цыклаў сварак і замірэнняў з Захадам.

Але цяпер бакі зайшлі ў супрацьстаянні як ніколі далёка. У свежай рэзалюцыі Еўрапарламент падкрэсліў, што не прызнае Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі.

У сваю чаргу, яе ўлады відавочна баяцца спыніць рэпрэсіі, каб не акрыялі духам праціўнікі рэжыму, і ўжо тым больш не гатовыя да дэмакратызацыі, празрыстым канкурэнтным выбарам.

Увогуле, перспектывы, што завяжацца гандаль з Захадам, пакуль нікчэмныя. У дадатак Мінск не злазіць з пагроз: будзем ціснуць грамадзянскую супольнасць, выганім вашы кампаніі з краіны і т. п.

Масква ж гатовая і надалей паляпваць саюзніка па плячы: не бойся, не кінем. Але пры гэтым яна будзе вырашаць не праблемы беларускага народа і нават не праблемы Лукашэнкі (прозвішча прэзідэнта Беларусі для Крамля справа другая), а свае ўласныя вялікадзяржаўныя задачы.