Трывога па ўсіх франтах!

Мы ўжо сто разоў пісалі, што асноўная хіба нашай улады — адарванасць ад жыцця і існаванне ў нейкім свеце аднарогаў і ружовых сланоў. На мінулым тыдні мы атрымалі чарговае таму пацвярджэнне.

_cihi_supraciu__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__logo_1.jpg


Калі ЕС уводзіў санкцыі супраць прадпрыемстваў Беларусі, асноўны аргумент нашай улады быў у тым, што «вы таксама ад іх пацерпіце, бо на нашых прадпрыемствах за мяжой працуюць вашы людзі». Еўрапейцаў гэта не спыніла. Цяпер набылі моц санкцыі ЗША. І прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка заявіў, што ў Беларусі гатовы комплекс мер у адказ на заходнія санкцыі.
«Мы ўсё ж такі спадзяёмся на тое, што разгарачаныя галовы астудзяцца і ўзважаць у тым ліку інтарэсы свайго бізнесу ў Беларусі. Бо калі прычыняюць шкоду нашым кампаніям, нашым прадпрыемствам, ці ж мы не маем права прычыніць шкоду заходнім кампаніям? Гэта мы адказваем. Нас вымушаюць», — заявіў Галоўчанка. І нагадаў, што ў Беларусі працуе вялікая колькасць замежных прадпрыемстваў, падкрэсліўшы пры гэтым, што многія з іх належаць краінам, якія займаюць «асабліва недружалюбную палітыку» ў дачыненні да ўлад Беларусі. У прыватнасці, ён назваў Польшчу, Літву, Латвію, Украіну і заклікаў палітыкаў падумаць пра лёсы сваіх бізнесаў.
Канешне, можна доўга разважаць пра эфектыўнасць «контрсанкцый» і пра тое, наколькі балюча яны ўдараць па тых, для каго яны прызначаныя. Але лепей узгадаць моднае цяпер слова «рэлакацыя». Таму што амаль на наступны дзень пасля слоў Галоўчанкі ў СМІ з’явілася навіна, што з Беларусі можа сысці «Stadler». І нават з канкрэтыкай: сусветны прамысловы гігант рыхтуецца перанесці вытворчае падраздзяленне ва Украіну.
Што такое «Stadler» для Беларусі? Па-першае, гэта ці не адзінае новае буйное прамысловае прадпрыемства, якое створана «з нуля» пры Лукашэнку — за ўсе 26 гадоў яго кіравання. За гэтыя чвэрць стагоддзя багата прадпрыемстваў было знішчана, а колькі збудавана? Прынамсі, апроч «Stadler», на розум нічога не прыходзіць. Такі вынік працы «крэпкіх хазяйственнікаў».
Па-другое, цяпер беларуская «дачка» «Stadler» дасягнула 20% сусветнага аб’ёму выпуску гэтай міжнароднай карпарацыі — гэта другі па маштабе завод швейцарскай групы. А цяпер уявіце, колькі гэтае прадпрыемства плаціць падаткаў у бюджэт.
Па-трэцяе, на заводзе ў Фаніпалі цяпер працуюць 1500 чалавек. Агульны аб’ём швейцарскіх інвестыцый у беларускі праект дасягнуў 100 мільёнаў еўра.
Варта адзначыць, што ў «Stadler» наконт гэтых чутак заявілі: «Перанос беларускага прадпрыемства не плануецца». Падавалася б, можна ўздыхнуць з палёгкай, але… Ці «планавалася» ў нас рэлакацыя айцішнікаў і бізнесоўцаў? Не, гэта стала рэакцыяй на дзеянні ўлад. І калі санкцыі прыціснуць «Stadler» і звонку, і знутры, пераезд завода ва Украіну можа адбыцца, так бы мовіць, пазапланава. А ў нас дадасца 1500 беспрацоўных.
Пры гэтым высокакваліфікаваныя працоўныя «Stadler» наўрад ці пойдуць працаваць на нейкі дзяржаўны вагонарамонтны завод. Праца на дзяржаву ўвогуле стала вельмі таксічнай. Пра гэта сведчаць, напрыклад, вакансіі на дзяржаўным тэлебачанні. На сайце Дзяржаўнай службы занятасці па стане на 6 чэрвеня размешчана 160 вакансій ад «Белтэлерадыёкампаніі»: ад аператара капіравальных машын і інжынера тэлевізійнага абсталявання да старшыні і галоўнага дырэктара. Пры тым заробак для старшыні — ад 800 рублёў, для дырэктара або намесніка — ад 750 рублёў. Прычым, у студзені БТ мела 103 вакансіі — цяпер жа іх у паўтара раза больш.
Тая ж сітуацыя ў іншых прапагандыстаў. Выдавецкі дом «Беларусь сёння» мае 20 вакансій. Гэта пры тым, што на дзяржаўныя СМІ ў гэтым годзе ў бюджэце закладзена 156 мільёнаў рублёў — 60 мільёнаў долараў па сённяшнім курсе. І гэта больш, чым агулам на культуру.
Відавочна, што нават такі «лёгкі хлеб» не прываблівае працоўных на БТ у прыватнасці і ў сферу прапаганды ў цэлым. Людзі разумеюць: трапіш туды — потым не адмыешся ні за якія грошы.
У чарговы раз «пацярпела скрышальную перамогу» і беларуская дыпламатыя. Славенія афіцыйна адклікала сваю згоду на працу беларускага Ганаровага консульства ў Любляне пад кіраўніцтвам Янеза Шкрабца.
Шкрабец быў ганаровым консулам Беларусі ў Славеніі з 2014 года. Яго кампанія «Riko» заключыла больш за 40 кантрактаў з найбуйнейшымі беларускімі дзяржпрадпрыемствамі на агульную суму больш за 310 мільёнаў еўра. Пры гэтым Ганаровы консул ні разу не выступіў з асуджэннем парушэнняў правоў беларусаў, хаця ад яго патрабавалі пазначыць сваю пазіцыю.
Мажліва, Шкрабец думаў як і многія: «Бізнес ёсць бізнес, грошы не пахнуць, я па-за палітыкай». А вось па-за палітыкай застацца не ўдалося.
Італьянскае выданне «Corriere della Sera» паведаміла, што Італія не дае агрэман на прызначэнне паслом цяперашняга прэс-сакратара МЗС РБ Анатоля Глаза. Узначаліць дыппрадстаўніцтва Беларусі ў Італіі прэс-сакратар беларускага МЗС Глаз можа толькі пасля ўхвалення прэзідэнтам краіны Серджыа Матарэла. Аднак у Рыме не спяшаюцца падпісаць адпаведны дазвол.
Ну і, канешне, чарговая «элегантная перамога», пра якую адмыслоўцы казалі ад таго моманту, калі толькі пачалі будаваць Беларускую АЭС. Аднак улады толькі цяпер уцямілі, што наяўныя ў Беларусі электрасеткі маюць недастатковую прапускную здольнасць для таго, каб выкарыстоўваць электраэнергію БелАЭС на ацяпленне і побытавыя патрэбы. А для выпраўлення гэтай хібы патрабуецца будаўніцтва альбо рэканструкцыя каля 2,7 тысячы кіламетраў электрасетак у год коштам прыкладна 1,5 мільярда рублёў.
Вось чаму б не было пра гэта падумаць, калі будавалі АЭС, а не цяпер, калі яе амаль запусцілі?
Атрымліваецца, што станцыя будзе працаваць «ухаластую»?
І яшчэ бяда прыйшла, адкуль не чакалі. Згодна з паведамленнем агенцтва «Argus», якое спецыялізуецца на навінах энергетычнага рынку, Расія да канца 2021 года збіраецца скараціць транзіт газу праз Беларусь. Гаворка ідзе пра скарачэнне «ў некалькі разоў». Звязана гэта з запускам «Паўночнага патоку–2».
Было ж зразумела, што некалі яго ўсё ж дабудуюць, праўда?