Фрыдман: Для Лукашэнкі палітвязні — гэта рэсурс, які ён адкладае на свой чорны дзень

Хто дапаможа беларусам? У айчынных дэмсіл рэсурсаў для гэтага няма. А Еўропа не хоча «весці перамовы з тэрарыстамі»...

img_2815_logo_1_1.jpg

У Беларусі ўжо 1445 палітвязняў. І гэта толькі тыя, пра каго вядома і хто прызнаны праваабаронцамі. У рэальнасці лічба нашмат большая, нагадвае «Еўр*радыё». Адзінкі атрымалася ўратаваць з-за кратаў, але частка з іх — грамадзяне іншых краін: напрыклад, Наталля Хершэ — грамадзянка Швейцарыі ці Віталь Шкляраў з грамадзянствам ЗША. Адпаведна, дапамагалі ім гэтыя краіны. А хто дапаможа беларусам?

У дэмсіл рэсурсаў для гэтага няма. Правесці абмен палітзняволенымі на паслабленне заходніх санкцый, як гэта раней рабіў Лукашэнка, у бліжэйшы час не атрымаецца. Бо ў гэтым не зацікаўленыя ні Захад, ні сам Лукашэнка, лічыць гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Рэдактар «Еўр*радыё» Зміцер Лукашук спытаў у прадстаўнікоў МЗС Германіі, ці не плануе Германія штосьці зрабіць для вызвалення ганаровага прафесара нямецкага ўніверсітэта і палітзняволенай Марыі Калеснікавай. Тады ўжо было вядома, што яе стан у зняволенні пагоршыўся і прыйшлося рабіць аперацыю. Адказ быў сціслы: «Германія з тэрарыстамі перамоў не вядзе».

— Мы можам перафармуляваць пытанне. А што нямецкі бок можа зрабіць? — кажа Аляксандр Фрыдман. — [На пагаршэнне стану Калеснікавай] была рэакцыя з боку асабіста міністра замежных спраў Германіі Аналены Бербок. Яна прадэманстравала, што ў Германіі пра Калеснікаву не забылі. Праблема ў тым, што канкрэтныя магчымасці нешта зрабіць для Марыі Калеснікавай, я ўжо не кажу пра іншых палітзняволеных, вельмі абмежаваныя. Іх фактычна няма.

Затое на Захадзе ёсць грошы, а рэжыму іх не хапае. Мабыць, палітзняволеных можна выкупіць?

— Ёсць працяг гэтай тэорыі, што стратэгія рэжыму — узмацніць ціск, пагоршыць стан палітвязняў, каб узняць кошт. Каб Захад, кіруючыся маральным абавязкам і сваімі каштоўнасцямі, пагадзіўся даць Лукашэнку больш, чым ён у звычайнай сітуацыі мог бы за гэтых людзей атрымаць. Лукашэнка ведае, што палітвязні — гэта рэсурс.

Што тычыцца тэорыі пра тое, што [канкрэтныя] людзі могуць быць абменены на грошы, думаю, што грашовыя здзелкі на дадзены момант немагчымыя. Лукашэнка ў іх асабліва не зацікаўлены. Ён зацікаўлены ў нечым больш сур’ёзным. Гэта ў тым ліку і адмена санкцый. 

Для Лукашэнкі палітвязні — рэсурс на чорны дзень

 

Святлана Ціханоўская з фотаздымкам палітзняволенага мужа Сяргея

Святлана Ціханоўская з фотаздымкам палітзняволенага мужа Сяргея

Атрымліваецца, зацікаўленасць бакоў ёсць, але момант для такога абмену вельмі дрэнны.

— Лукашэнка не зацікаўлены ў паляпшэнні адносін з Захадам. Калі ён паспрабуе перамятнуцца на другі бок або проста палепшыць адносіны, вы ж ведаеце, як Расія на гэта паглядзіць. А ён фінансава абсалютна залежны ад Расіі, і ў дадзены момант на тэрыторыі Беларусі ўжо знаходзяцца расійскія войскі.

Іншая справа, калі ў Расіі сапраўды пачнуцца сур’ёзныя праблемы, ціск з боку Крамля аслабне і Лукашэнка будзе кроўна зацікаўлены ў Захадзе. Зацікаўлены ў тым, каб нейкім чынам яшчэ захавацца ў палітыцы, каб увогуле захаваць сваю свабоду ў выпадку паражэння Расіі. У гэты момант такія кантакты спраўды магчымыя. І мне падаецца, што для Лукашэнкі палітвязні — гэта рэсурс, які ён адкладае на свой чорны дзень. Што тычыцца Захаду, вельмі непрыемна казаць, але галоўнае пытанне, якое Захад сёння ў Беларусі цікавіць — ці будзе адкрыты дадатковы фронт у вайне супраць Украіны і ці могуць перакінуцца баявыя дзеянні на тэрыторыю Беларусі.

Ёсць і яшчэ адна праблема гандлю за асобнага чалавека ў абмен на нейкую суму грошай. Калі нават Лукашэнка і Захад змаглі б дамовіцца пра такое, то гэта прывядзе толькі да павелічэння палітвязняў у Беларусі, лічыць Фрыдман.

— Тут ізноў жа ўзнікае пытанне маральнага характару. Ці можна ісці на перамовы з такім рэжымам, а яшчэ і прапаноўваць грошы. Калі Лукашэнка і яго атачэнне зразумеюць, што такім чынам можна зарабіць, то праз месяц-два палітзняволеных у Беларусі будзе тры, пяць і больш тысяч, — рэзюмуе Фрыдман.