Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 6 снежня
Сабралі для вас самае галоўнае, што адбылося ў краіне за сённяшні дзень.
Вярхоўны суд РБ не задаволіў апеляцыю на прысуд палітзняволенай журналістцы TVP Ірыне Слаўнікавай.
Прысуд журналістцы застаўся ў сіле — 5 гадоў пазбаўлення волі.
Нагадаем, Ірыну Слаўнікаву абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання або ўдзеле ў ім (ч.1 арт. 361-1 КК), а таксама арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным у іх удзеле (ч. 1 арт. 342 КК).
Яшчэ адзін працэс над «рэйкавымі партызанамі» пачынаецца ў Гомелі.
Сёння ў Гомельскім абласным судзе распачынаецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да двух жыхароў Мазыра — 34-гадовага Сяргея Пляшкуна і 45-гадовага Юрыя Сельвіча. Справу будзе разглядаць суддзя Алег Харошка. Абвінавачанне мазыранам выстаўленае па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса.
За тапак «Стоп-таракан» на аўто затрымалі мінскага прадпрымальніка Івана Тышчанку.
У відэа затрымання сілавікі спачатку паказваюць фота аўтамабіля мужчыны з прымацаваным да яго тапкам. Паведамляецца, што на ім напісана «Стоп таракан». У відэа таксама прыводзіцца фота, дзе Іван нібыта ўдзельнічае ў адным з нядзельных маршаў і гаворыцца нешта няўцямнае пра сведчанні ўдзелу ў плане «Перамога».
Палітвязня Алега Яфрэменку перавялі ў калонію ў Горках.
У судзе Ленінскага раёна Магілёва 15 жніўня палітвязню Алегу Яфрэменку прысудзілі ў дадатак да чатырох з паловай гадоў калоніі яшчэ год у зняволенні. Яго абвінавацілі па ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).
Раней палітвязню ўжо ўзмацнялі рэжым — у верасні 2021 года з калоніі, дзе ён адбываў тэрмін за падсечку міліцыянту, Алега перавялі на турэмны рэжым.
Стала вядома, што з 18 лістапада Алег пачаў адбываць тэрмін у папраўчай калоніі № 9.
Сяргея Нялепку асудзілі да дзевяці гадоў калоніі паводле дзевяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Пракурор прасіў 16 гадоў!
16 лістапада суддзя Гродзенскага абласнога суда Віктар Сянько асудзіў 32-гадовага Сяргея Нялепку да дзевяці гадоў калоніі. Вядома, што пракурор прасіў асудзіць Нялепку да 16 гадоў пазбаўлення волі, але суддзя абмежаваўся 9 гадамі калоніі.
Сяргея ў сакавіку 2022 года затрымаў ГУБАЗіК па Гродзенскай вобласці. На камеру ён сказаў, што яго затрымалі за рэгістрацыю ў плане «Перамога», а таксама за ўдзел у «дэструктыўных чатах», у якіх мужчына нібыта «заклікаў да гвалту над праваахоўнікамі». У снежні КДБ унёс мужчыну ў «спіс тэрарыстаў», таму яму нельга дасылаць грашовыя пераводы.
Новыя «экстрэмісцкія матэрыялы».
Па заяве пракуратуры горада Мінска інфармацыйная прадукцыя Telegram-канала і Telegram-чата «Движение большинства», а таксама Telegram-бота «Движение большинства Бот» прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі»
Палітзняволенаму Валянціну Міцкевічу прысудзілі тры гады «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах.
У Фрунзенскім судзе Мінска асудзілі палітзняволенага Валянціна Міцкевіча) паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Суддзя Юлія Чыж прызначыла Валянціну 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпа («хатняя хімія»).
Валянціна затрымалі напрыканцы верасня 2022 года, праз два месяцы пасля сваёй жонкі, палітзняволенай Дзіяны Міцкевіч. За ўдзел у акцыях пратэсту яго змясцілі ў СІЗА.
Палітвязня Алега Яфрэменку перавялі ў калонію ў Горках.
У судзе Ленінскага раёна Магілёва 15 жніўня палітвязню Алегу Яфрэменку прысудзілі ў дадатак да чатырох з паловай гадоў калоніі яшчэ год у зняволенні. Яго абвінавацілі па ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Раней палітвязню ўжо ўзмацнялі рэжым — у верасні 2021 года з калоніі, дзе ён адбываў тэрмін за падсечку міліцыянту, Алега перавялі на турэмны рэжым.
Стала вядома, што з 18 лістапада Алег пачаў адбываць тэрмін у папраўчай калоніі № 9.
Звальняюць настаўніка вышэйшай катэгоры іМікалая Жуковіча, навукоўца, аўтара школьных падручнікаў.
У Бярозе не падаўжаюць кантракт настаўніку вышэйшай катэгорыі, навукоўцу, «выдатніку адукацыі», вялікаму аматару беларускай мовы і літаратуры, выкладчыку-метадысту, лектару курсаў перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў пры Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. Пушкіна Жуковічу Мікалаю Васільевічу, паведамляюць праваабаронцы.
Ён з’яўляецца аўтарам школьных падручнікаў па беларускай літаратуры для пачатковых і сярэдніх класаў.
Мікалай Жуковіч 26 гадоў працаваў дырэктарам першай школы горада Бярозы, выкладаў беларускую мову і літаратуру, займаўся навуковай дзейнасцю, быў аўтарам метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў, арганізоўваў сустрэчы з культурнымі дзеячамі для сваіх вучняў.
Мясцовыя жыхары звязваюць скасаванне працоўных зносін з настаўнікам з падзеямі жніўня 2020 года. Тады Мікалай Жуковіч адмовіўся ад ўдзелу ў фальсіфікацыі выбараў, а пасля і наогул адмовіўся весці групу настаўнікаў у Мінск на праўладны мітынг 16 жніўня 2020 года. Пасля гэтага ён пазбавіўся пасады дырэктара і заняў пасаду намесніка дырэктара. Паводле непацверджанай інфармацыі, аддзел адукацыі Бярозаўскага райвыканкама прыняў рашэнне не працягваць кантракт з дасведчаным настаўнікам.
У Гомелі вынеслі прысуд былой настаўніцы, якая фатаграфавала калону расійскай вайсковай тэхнікі
Справа палітзняволенай Ірыны Абдукерынай разглядалася Гомельскім абласным судом з 28 лістапада па 6 снежня ў закрытым судовым пасяджэнні. Судовы працэс вёў суддзя Руслан Царук.
Ірына — былая настаўніца англійскай мовы з Хойнікаў, якую затрымалі раніцай 5 красавіка на лецішчы. Падставай для затрымання стала нібыта тое, што Абдукерына запісала на тэлефон перамяшчэнне калоны расійскай вайсковай тэхнікі і пераслала запіс у тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн».
Суд прызнаў Абдукерыну вінаватай і пакараў яе пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на чатыры гады. Таксама асуджанай прызначаны штраф у памеры 100 базавых велічынь (3200 рублёў).