Геапалітычны крок Літвы, які можа стаць вырашальным для Беларусі

Магчыма 10 верасня войдзе ў падручнікі, як дзень, які стаў паваротным у развіціі Беларусі. А важны геапалітычны крок нашай суседкі Літвы назавуць гістарычным і вырашальным.

laisves_kelias_vilnius_baltarusija_85063669_6fpij.jpg


Нагадаю, Сейм Літвы адзінагалосна (усе 91 парламентара) прыняў рэзалюцыю, якая прызнае Святлану Ціханоўскую нацыянальна абраным лідарам. А Лукашэнка названы нелегітымным кіраўніком. Сярод аўтараў рэзалюцыі — міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус, спікер Віктарас Пранцкеціс. Акрамя гэтага рэзалюцыя заклікае міжнародную супольнасць рэагаваць на падзеі ў Беларусі і перашкодзіць Расеі вызначыць палітычны кірунак Беларусі.

Што гэта значыць? Найперш, што цяпер, прынамсі для Літвы, не патрэбныя ніякія пасярэднікі для перамоваў з беларускім бокам. З Ціханоўскай Літва можа зараз дамаўляцца пра шмат якія рэчы, у тым ліку і пра будучую эканмічную дапамогу Беларусі. А яшчэ гэта азначае, што нашы балтыйскія суседзі ўяўна адчулі расійскую пагрозу ў тым ліку і для сваіх краін.

Вясной 2015 года ў інтэрв’ю НЧ Лінас Лінкявічус, разважаючы магчымыя пагрозы расейскага ўмяшальніцтва ў Літву па прыкладзе Украіны, выказаў меркаванне, што памылка ЕС і наогул міжнароднай супольнасці была ў тым, што яны фактычна моўчкі праглынулі захоп Расеяй часткі тэрыторыі Грузіі. Гэта, па словах Лінкявічуса, зрабіла магчымым напад на Украіну. Спадар міністр выказаў тады надзею, што больш ЕС такой памылкі не зробіць, і ў адносінах да Беларусі, калі такое спатрэбіцца, будзе дзейнічаць больш рашуча.

Літва сказала сваё слова. Хутчэй за ўсё на такі ж крок пойдуць Латвія і Эстоніі, а таксама Польшча. Магчыма Україна, а можа ўсё ж і Чэхія. Пытанне ў тым, ці будзе аналагічная рэзалюцыя прынятая на ўзроўні ЕС? Хочацца спадзявацца, што так. Бо не гледзячы на тое, што галоўная роля ў вырашэнні сённяшняга палітычнага калапсу будзе належаць беларускаму народу, яго трываласці і здольнасці не гледзячы ні на што выходзіць на пратэст, пазіцыя міжнароднай супольнасці можа значна аблегчыць нашу задачу.

Што дасць Белаусі прызнанне Ціханоўскай нацыянальна абраным лідарам на ўзроўні ЕС і ЗША? Найперш, з’явіцца суб’ект для будзь-якіх перамоваў з міжнароднымі структурамі. У тым ліку з МВФ і ЕБРР. Выразаная падтырмка, у тым ліку фінансавая, будзе дадатковым аргументам для размоваў з прадстаўнікамі розных устаноў і ведамстваў у Беларусі.

Акрамя таго, гэта выразна акрэсліць геапалітычную пазіцыю ЕС наконт Беларусі. Дасюль Еўропа ўсё ж вызнавала нас у сферы інтарэсаў Расеі. Прыняцце рэзалюцыі павінна будзе падштурхнуць і Расею перагледзіць свой курс адносна Беларусі ці пачаць дыпламатычную вайну з ЕС і ЗША.

Такім чынам, калі літоўская рэазалюцыя атрымае свой працяг у рэзалцыях ЕС і ЗША у Беларусі з’явіцца рэальны шанец пачаць будаўніцтва дэамакратычнай дзяржавы ўжо ў гэтым годзе. 
Чытайце таксама:

Дзверы ЕС для Беларусі адчынены