Герасіменя: Спартсмен, які моўчкі скача, бегае і ў прамежках усхваляе ўладу — ідэальны для Беларусі

Былая алімпійская прызёрка па плаванні Аляксандра Герасіменя расказала «Новой газете» пра свой прыход у палітыку, сённяшнюю сітуацыю ў беларускім спорце і падзялілася думкамі адносна Федэрацыі плавання.

Аляксандра Герасіменя. Фота з адкрытых крыніц

Аляксандра Герасіменя. Фота з адкрытых крыніц

— Аляксандра, у Беларусі заўсёды былі спартсмены-апазіцыянеры (як, напрыклад, кікбаксёр Віталь Гуркоў) і спартсмены, якія з усіх сіл публічна падтрымліваюць рэжым (як біятланістка Дар'я Домрачава). Вы ж увесь час захоўвалі статус-кво: дыфірамбаў уладзе не спявалі, але былі цалкам ёю аблашчаны. Той выпадак, калі «залатой рыбкай» вас называлі ўсе беларусы незалежна ад палітычнай пазіцыі. Тым не менш, у жніўні 2020 года вы зрабілі выбар на карысць пратэсту. Ён вам цяжка даўся?

— Я б не сказала, што была такой зручнай і нямой спартсменкай і толькі ў 2020 годзе падала голас. Я заўсёды сваё слова гаварыла. Я адкрыта гаварыла, што не галасавала за Аляксандра Лукашэнку — мне ўляцела. Я гаварыла пра каштоўнасць бел-чырвона-белага сцяга — мне ўляцела. Крытыкавала чыноўнікаў — мне ўлятала. Але ў мяне быў пэўны статус, і скандалаў з маіх выказванняў дзяржава не раздзімала, так што ўсё неяк само сабой уціхамірвалася.

— А што значыць «уляцела»? У чым гэта праяўлялася?

— У тым, што выклікаў міністр спорту і пачынаў вучыць, як трэба сябе паводзіць і што гаварыць. Быў, памятаю, нават выпадак, калі спартыўная газета «Прессбол» 1 красавіка апублікавала жартоўны матэрыял пра тое, што я быццам бы выходжу замуж за пажарнага і з'язджаю, таму што мне тут усё надакучыла. Газета выйшла — і да нас у басейн прыязджае міністр і пачынае мне гаварыць: «Ты хоць разумееш, да каго гэтая газета прыйшла і хто гэта прачытаў?!» Я яму адказваю: «А ён што, жартаў не разумее? Вы дату бачылі?» Я тады страшна раззлавалася — за жарт мне ўляцела больш, чым за сур'ёзную крытыку.

Нават пасля Алімпійскіх гульняў (мне тады сказалі, што трэба на мерапрыемстве прыняць падарунак ад прэзідэнта і падзякаваць яму) я выйшла і стала расказваць пра праблемы плавання, пра старшыню Федэрацыі, які нікуды не падыходзіць і нічога не робіць. І нешта зрушылася з месца. Не магу сказаць, што перада мной стаяў сур'ёзны выбар. Вядома, я заўсёды разумела, што, калі буду крытыкаваць так актыўна, як Віталік Гуркоў, у мяне не будзе кар'еры. А я хацела трэніравацца. І трыгеру не было.

Акрамя таго, зразумейце: каб дасягнуць вынікаў у спорце, трэба максімальна абстрагавацца ад усяго — ад асабістых пытанняў, ад палітыкі, ад інфармацыйнай павесткі.


Спартсмены заўсёды знаходзяцца ў своеасаблівай бурбалцы. Ты свядома ў гэтую бурбалку залазіш і знаходзішся ўнутры, каб дасягнуць у спорце максімуму. Калі ў мяне былі спаборніцтвы, я наогул не заходзіла ў Інтэрнэт і не чытала навін, не адкрывала сацсеткі, каб наогул нішто не змагло вывесці мяне з раўнавагі.

І калі наступіў жнівень 2020 года, ён не стаў для мяне момантам выбару. З чаго выбіраць, калі ўсё відавочна? Пры гэтым я не з першага дня пачала жорстка выказвацца і ўдзельнічаць у руху спартсменаў, таму што ў той момант я знаходзілася не ў Беларусі і баялася, што мяне не ўпусцяць назад. Другі момант — гэта хлопцы і дзяўчаты, якія ў мяне працавалі і за якіх я несла адказнасць. Таму, перш чым пачаць актыўна дзейнічаць, я прыехала ў Беларусь, паразмаўляла з імі і патлумачыла сваю пазіцыю. Мяне зразумелі. З гэтага ўсё і пачалося.

— Калі вы былі «тварам краіны», ці не даводзілася вам чуць за мяжой, што ў Беларусі знікаюць апазіцыйныя палітыкі, няма выбараў і журналістаў забіваюць?

— Калі я заваявала першы алімпійскі медаль у Лондане, многія дзівіліся і казалі: што гэта за краіна такая? Пагардліва нават казалі. А калі я ўзяла другі медаль, ужо падыходзілі і віншавалі. Але каб нехта нешта пытаўся — такога не было. Ніхто са спартсменаў не цікавіцца сітуацыяй у іншай краіне.

— Атрымліваецца, калі спартсмен выказвае публічна грамадзянскую пазіцыю, гэта нетыпова, незвычайна і таму асабліва каштоўна?

— Так, вядома. Прапаганда дзесяцігоддзямі працавала пад лозунгам «спорт па-за палітыкай». І шмат у каго адбываецца падмена паняццяў. Ніхто не задумваецца, што гэты лозунг абсурдны і вар'яцкі, хаця б таму, што спартсмены, якія прадстаўляюць краіну, з'яўляюцца якраз-такі часткай гэтай самай палітыкі. А ва ўлады свая мэта: яны ўбіваюць спартсменам у галовы гэты лозунг, каб у тых і думак не ўзнікла яе крытыкаваць.

Спартсмен павінен маўчаць. А калі ён не проста моўчкі скача і бегае, але ў прамежках яшчэ і ўсхваляе ўладу — гэта ідэальны для Беларусі спартсмен.

І многія сур'ёзна думаюць, што маўчаць — гэта і значыць быць «па-за палітыкай». А потым проста звыкаюць маўчаць.


Памятаю, у нас было пасяджэнне, на якім выбіралі старшыню Федэрацыі плавання. Ну як выбіралі... Зразумела, што яго назначылі зверху, а мы павінны былі зымітаваць працэс галасавання, падняць карткі і з пачуццём выкананага абавязку пайсці на банкет. Я падумала: ну што за бздура? Выйшла і кажу: «Свет мяняецца, хуткасны рэжым зусім іншы, усё дынамічна, дык давайце выберам старшынёй маладога перспектыўнага чалавека, які зможа ўдыхнуць жыццё ў нашу федэрацыю!»

Усе як замахалі рукамі: «Ой, толькі не чапай ліха, няхай усё будзе, як патрабуюць, не лезь». Я гляджу на гэтых людзей, якія, у сваю чаргу, глядзяць на гадзіннік, каб хутчэй адбыць павіннасць і пайсці выпіваць, і разумею, што ніякага плавання ў нас у краіне не будзе. Бо ўсім усё па барабане. Яны ведаюць, што ёсць такое правіла гульні: прыйсці ў суботу, падняць зялёную картку па камандзе і пайсці нажрацца — і прывыклі так жыць. Гэта гарантыя іх спакою. Калі ёсць некалькі чалавек, гатовых запярэчыць, яны гэтага не зробяць, бо разумеюць: гэта нічога не зменіць.

— Якая зараз сітуацыя ў тых, хто падпісаў «ліст спартсменаў»?

— У рэжыму ўжо выпрацавалася сістэма «паўзучых» рэпрэсій. Нібыта і не пасадзілі чалавека, але паступова тым, хто неяк выяўляў сябе, пачынаюць псаваць жыццё: «абразаць» перавагі, якія былі, бонусы, пазбаўляць прэмій, абмяжоўваюць у зборах. І ў рэшце рэшт чалавек сыходзіць сам, калі яго пазбаўляюць магчымасцей рэалізацыі. Ці, дапусцім, трэнер: дзяцей, якіх ён трэніруе, перастаюць пускаць на спаборніцтвы, іх проста выкрэсліваюць з усіх спісаў. І чалавек пачынае адчуваць уласную віну: «Праз мяне пакутуюць ні ў чым не вінаватыя дзеці, якія хочуць трэніравацца і дамагацца вынікаў». І адклікае ўласны подпіс, каб не падстаўляць юных спартсменаў. Ды яшчэ і пастаянны псіхалагічны ціск.


Але калі разабрацца ў сітуацыі, то не можа чалавек вінаваціць сябе ў тым, што хтосьці праз яго пакутуе! Не праз спартсмена, які паставіў подпіс, а праз тое, што сістэма такая гаўнючая, праз тое, што ва ўладзе прыдуркі і вырадкі сядзяць, якія здзекуюцца з людзей і будуць працягваць здзекавацца.
Цалкам інтэрв'ю можна прачытаць па спасылцы.