Герасіменя: Чым ты слабейшы, тым мацней хочаш укусіць
Чэмпіёнка свету па плаванні і алімпійская прызёрка Аляксандра Герасіменя ў інтэрв'ю «Deutsche Welle» расказала пра рэакцыю на свой прысуд і пра дзейнасць у эміграцыі.
Аляксандра Герасіменя. Фота з адкрытых крыніц
— 26 снежня вам вынеслі прысуд — 12 гадоў пазбаўлення волі. Як вы даведаліся пра гэта?
— Напісалі знаёмыя. Я не адразу зразумела, чаму мне пішуць: «Мы цябе падтрымліваем, усё будзе добра». Толькі праз час даслалі інфармацыю пра вынікі суду. Я адказала: «Добра, дзякуй».
— І што ў той дзень, 26 снежня, рабілі далей?
— Усё тое ж, што і планавала. У мяне быў звычайны працоўны дзень: я праводзіла заняткі з дзецьмі. Трэба было вырашыць нейкія хатнія пытанні. Вынікі суда ніяк не пасунулі мой расклад. Непрыемна? Так. Але не больш за тое.
— Ці маглі ўявіць, што агучаць менавіта такі тэрмін — 12 гадоў?
— Шчыра кажучы, я наогул не сачыла за ходам расследавання, паколькі ў цяперашняй улады няма легітымнасці і ніякіх паўнамоцтваў для таго, каб выносіць якія-небудзь прысуды або прымаць новыя законы.
Так, гэта адбылося: у мяне забралі маёмасць, далі тэрмін. Але я знаходжуся ў Варшаве, у мяне тут сваё жыццё, свой побыт. Кватэра, якую адабралі ў Беларусі, мне тут ніяк не дапаможа. Вынесены прысуд таксама ніяк на мяне не ўплывае. Стараюся проста не звяртаць увагі.
«Адыгралі ролю асабістыя крыўды і помста»
— Гэта быў першы «завочны прысуд» у Беларусі. Ці разважалі вы, чаму менавіта вам — прызёрцы Алімпійскіх гульняў?
— Думаю, ролю адыгралі асабістыя крыўды і помста. Мы — я маю на ўвазе Фонд спартыўнай салідарнасці і спартсменаў — былі тымі, хто ўдарыў вельмі балюча. Гэта было нечакана для ўлады. Страты, які быў нанесены рэжыму, істотныя і адчувальныя. У выніку ўсё вылілася ў крыўду на мяне.
Спорт у Беларусі быў цацкай, і ўсе дасягненні спартсменаў запісваліся на рахунак аднаго чалавека. Адпаведна, як мы асмеліліся выступіць супраць? Прысудам мне хацелі ў першую чаргу запалохаць іншых, каб маўчалі. Чым ты сам слабейшы, тым больш балюча хочаш ўкусіць іншага. Вялікія тэрміны даюць ад бяссілля.
«Наўрад ці я магла забыцца пра такія грошы»
— Некаторых здзівіла, што ў вас на рахунках у Беларусі дагэтуль засталося амаль 50 тысяч долараў. Як так выйшла?
— Шчыра кажучы, я сама не ведаю. Можа, хтосьці іх туды паклаў? Таму што, калі я з'язджала, ніякіх рахункаў у мяне не заставалася. Наўрад ці я магла забыцца пра такія грошы. Хутчэй за ўсё, проста агучылі суму, якая калісьці была ў мяне на рахунку. Я не ведаю.
— Кватэра, якую спрабуюць у вас канфіскаваць, належыць вам?
— Не, майму блізкаму сваяку. Але там прапісаны мой муж, дзіця і я. Паводле закону, не маюць права канфіскоўваць кватэру, дзе зарэгістраванае дзіця, прынамсі, да яго паўналецця. Але пра якія наогул законы ў краіне мы гаворым?
Кватэра калісьці належала мне. Я яе перааформіла на сваяка. Беларускія ўлады спрабуюць даказаць, што гэтая здзелка была фіктыўнай. Я ўвогуле не спадзяюся ні на якую справядлівасць у Беларусі. Гаварыць пра тое, што гэтае рашэнне можна аспрэчыць, бессэнсоўна. Як можна дамаўляцца са злодзеямі? Або з самазванцамі? Гэта людзі, якія прызвычаіліся жыць не па законе.
— Хто-небудзь з калег, хто зараз знаходзіцца ў Беларусі, падтрымаў вас хоць бы непублічна, калі вынеслі прысуд?
— Непублічна — так. Не ўсе людзі, якія выступаюць супраць рэжыму, з'ехалі. Хтосьці не можа сабе гэтага дазволіць, у кагосьці не хапіла смеласці, хтосьці застаецца ўнутры, каб сустрэць тых, хто з'ехаў. Гэтыя людзі ёсць.
— Ці верыце ў тое, што справядлівасць будзе адноўленая?
— Калі б я ня верыла, то ўжо даўно наладзіла свой побыт у іншай краіне і шукала магчымасці надоўга асесці ў ёй. Але я вельмі хачу дадому. Хачу зрабіць нешта, каб жах, які адбываецца ў Беларусі, больш ніколі не паўтарыўся. Хачу, каб людзі на дзяржслужбе адпавядалі сваёй кваліфікацыі. Я не магу зрабіць гэта адна, але здольная паўдзельнічаць у працэсе. Веру, што гэты момант наступіць. Так, ён зацягнуўся, але я ўпэўненая, што ў жыцці нішто не адбываецца проста так. У любым выпадку, беларускае грамадства да 2020 года адрозніваецца ад грамадства цяпер. Мы сталі больш свядома ставіцца да таго, што адбываецца ў краіне. Я думаю, у многіх сфармавалася грамадзянская пазіцыя, жаданне нешта мяняць.
Нагадаем, 26 снежня суддзя Святлана Бандарэнка прысудзіла 12 гадоў пазбаўлення волі экс-старшыні BSSF Аляксандры Герасіменя і выканаўчаму дырэктару фонда Аляксандру Апейкіну. Іх прызналі вінаватымі ў «закліках да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі» — нібыта яны «распаўсюджвалі ілжывыя звесткі пра падзеі ў Беларусі пасля выбараў-2020» са жніўня 2020 года па 20 траўня 2022 года. Таксама ім у віну ставілася тое, што яны патрабавалі санкцый супраць НАК Беларусі і іншых спартыўных арганізацый, настойвалі на пераносе міжнародных спаборніцтваў, у прыватнасці чэмпіянату свету па хакеі, заклікалі адмовіцца ад іх спансіравання.
Акрамя турэмнага тэрміну, у Аляксандры Герасіменя арыштавалі грошы на рахунках (больш за 48 тысяч долараў), машыну «Land Rover», мабільныя тэлефоны «Айфон» і «Самсунг», кватэру, машынамесца, лядоўню, акустычную сістэму і г. д.