«Гэта праява інфармацыйнай вайны, а не навуковае даследаванне»
Эксперты тлумачаць, чаму вынікам сенсацыйнага апытання ВЦИОМ пра ўвядзенне візаў для Беларусі нельга давяраць.
![elkin_politika_hranica_rossija_3640685.jpeg elkin_politika_hranica_rossija_3640685.jpeg](/img/v1/images/elkin_politika_hranica_rossija_3640685.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
78% расіян выказваюцца за ўвядзення візаў з Беларуссю, а 69% жадаюць прадаваць Беларусі газ па сусветных цэнах — такія сенсацыйныя дадзеныя апублікавала расійскае дзяржаўнае сацыялагічнае агенцтва ВЦИОМ. Гэтым лічбам цяжка давяраць — кажуць незалежныя беларускія сацыёлагі. Расійскі даследчы цэнтр задаваў пытанні, якія самі па сабе схілялі рэспандэнтаў да негатыўнага адказу. Чым з’яўляецца інфармацыя, распаўсюджанае расійскім дзяржаўным сацыялагічным цэнтрам: адлюстраваннем настрояў расіян ці інструментам інфармацыйнай вайны? У сітуацыі разбіраўся Аляксандр Папко.
Стаўленне грамадзянаў да галоўных праблемаў расійска-беларускіх адносінаў Усерасійскі цэнтр даследаванняў грамадскай думкі (ВЦИОМ) высвятляў падчас апытання, якое праводзілася 8 і 9 лютага. Як зазначана ў прэс-рэлізе дзяржаўнага даследчага цэнтра, па тэлефоне былі апытаныя 1200 чалавек. «Нягледзячы на сяброўства і партнёрства з Беларуссю, па пытаннях расіяне прадстаўлення скідак пры продажы энергарэсурсаў і захавання бязвізавага рэжыму расіяне выказваюцца даволі катэгарычна», — паведаміў ВЦИОМ.
Згодна з апытаннем, 69% расіян выступаюць супраць таго, каб прадаваць паліва па коштах ніжэйшых за рынкавыя Беларусі, якая «не заўсёды расплачваецца за расійскі газ своечасова». Пры гэтым, маўляў, ажно 78% расіян жадаюць адмены бязвізавага рэжыму з Беларуссю.
Сацыёлагі здаўна ведаюць, што адказы нават на вельмі блізкія па сэнсе пытанні могуць радыкальна адрознівацца з-за невялікай розніцы ў іх фармулёўцы. Сенсацыйнае даследаванне ВЦИОМ, з пункту гледжання метадалогіі, далёкае ад бездакорнасці. Адказ быў прадвызначаны самім пытаннем — каментуе доктар сацыялагічных навук, дырэктар Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Вардамацкі.
— Фармулёўка пытання мае хутчэй публіцыстычны, а не навуковы характар. Задаецца негатыўны эмацыйны тон адносна паводзінаў беларускага боку. Эмацыйна негатыўная падача пытання абумоўлівае негатыўныя адказы, — адзначаеАндрэй Вардамацкі.
Як было сфармуляванае пытанне? Прыводзім яго поўнасцю: «Ужо больш за 20 гадоў мяжа паміж Расіяй і Беларуссю існуе толькі фармальна. Паміж краінамі дзейнічае бязвізавы рэжым, пры перасячэнні мяжы не трэба нават паказваць пашпарт. Аднак месяц таму Беларусь адмяніла візы для грамадзянаў 80 краінаў, і цяпер гэтыя грамадзяне могуць уехаць у Расію праз Беларусь, не атрымліваючы расійскай візы. З якім з наступных пунктаў гледжання Вы ў большай ступені згодныя?»
Удзельнікам апытання ВЦИОМ даў варыянты адказу, якія таксама былі далёкія ад эмацыйнай нейтральнасці: «Нам трэба захаваць бязвізавы рэжым з Беларуссю, хай нават узрастае рызыка (падкрэслена — А.П.), што праз Беларусь у Расію прыедуць грамадзяне гэтых 80 краін, што не атрымалі належнай расійскай візы» і «Трэба адмяніць бязвізавы рэжым з Беларуссю. Расія не павінна пускаць на сваю тэрыторыю невядомых людзей, якія не атрымалі належнай расійскай візы».
Супрацоўнікі расійскага дзяржаўнага даследчага цэнтру не тлумачылі ўдзельнікам апытання, што бязвізавы ўезд у Беларусь дазволены толькі праз аэрапорт “Мінск”, дзе праводзіцца дакладны пашпартны кантроль. Яны не тлумачылі, што Беларусь і Расія маюць агульную базу дадзеных непажаданых асобаў і што бязвізавы ўезд уводзіцца толькі на 5 дзён.
Лёгка ўявіць, які адказ дасць чалавек з Уладзівастока, Пермі ці Хабараўска, якому патэлефануюць невядомыя сацыёлагі і скажуць, што праз адкрытую беларускую мяжу ў Расію бескантрольна хлынуць замежнікі з ажно 80 краінаў свету.
Прадстаўнікі ВЦИОМ растлумачылі фармулёўку свайго пытання неабходнасцю адрэагаваць на гарачую навіну. Сацыёлагі сыходзілі з узроўню ведаў расійскага грамадства пра ўвядзенне Беларуссю бязвізавага рэжыму і «тэставалі мадэльную сітуацыю» — тлумачыць кіраўнік дэпартаменту даследаванняў ВЦИОМ Сцяпан Львоў.
— У дадзеным выпадку мы павінныя былі выканаць пэўную ролю, якая на нас ускладзена. Мы тэстуем пэўныя мадэльныя сітуацыі. Мы не маглі ўключыць у апытанне ўсіх дэталяў, бо нашае даследаванне — гэта штодзённае апытанне «Спутник», праз якое праходзіць у сярэднім 5-6 тэмаў у дзень, — супакойваеСцяпан Львоў.
Кожны аспект грамадскай думкі вывучаецца не адным, а некалькімі пытаннямі — кажа незалежны сацыёлаг Аляксандр Сасноў. Калі ў прэс-рэлізе аўтары засяродзілі ўвагу толькі на адным пытанні і не падалі кантэксту, гэта магло быць зроблена ў маніпулятыўных мэтах — не выключае эксперт.
— Само пытанне можа даць тую ці іншую падказку рэспандэнту. Таму падчас даследаванняў трэба задаваць некалькі пытанняў, якія з розных бакоў дазволяць высветліць сытуацыю. А даследаванне пры дапамозе аднаго пытання — гэта можа быць і маніпуляцыя...— адзначаеАляксандар Сасноў.
На думку Аляксандра Саснова, лічбы ВЦИОМ ня сведчаць пра тое, што расійцы хочуць увесці візы з Беларуссю. Яны адлюстроўваюць страх перад некантраляванай міграцыяй — мяркуе эксперт.
Мы маем справу хутчэй з праявай інфармацыйнай вайны, чым навуковым даследаваннем — мяркуе палітолаг Юры Чавусаў. Расійскае кіраўніцтва ў апошнія гады патрабуе ад сваіх сатэлітаў усё большай лаяльнасці за ўсё меншыя грошы. Каб скараціць эканамічную падтрымку Беларусі, трэба пераканаць уласнае насельніцтва ў тым, што Лукашэнка і Беларусь не такія ўжо верныя саюзнікі — тлумачыць палітолаг.
— Ідэалогія Расіі змянілася. Гэта не тая ідэалогія, якая была выгодная Лукашэнку («мы аднаўляем Саюз»), а тая, якая зараз выгодная Расіі («мы аднаўляем Імперыю»). У палітыцы адбылася змена парадыгмы. Каб яна адбылася і ў грамадстве, трэба падобнага кшталту прэс-рэлізамі, артыкуламі, тэлеперадачамі змяніць пазіцыянаванне Беларусі, — тлумачыцьЮры Чавусаў.
Такім чынам, вынікі апытання ВЦИОМ нельга ўспрымаць усур’ёз. Расіяне наўрад ці жадаюць адгарадзіцца ад Беларусі мурам. З’яўленне такога апытання — чарговая праява напружання ў адносінах паміж Мінскам і Масквой і чарговы выбух на полі інфармацыйнай вайны.
Аляксандр Папко, www.radyjo.net