Хто чыё люстэрка

На гэтым тыдні мы шмат пра што даведаліся. Найперш пра тое, што Палата прадстаўнікоў, нібыта абраная намі ўсяго месяц таму, сапраўды з’яўляецца адлюстраваннем дзяржавы і грамадства.

02_korrektglavnoe_mamont_zerkalo_002_408x315_custom.jpg


Вось, напрыклад, дэпутаты абіралі сабе кіраўніцтва. Старшынёй камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы прадказальна быў «абраны» былы пасол РБ у Аўстрыі і Харватыі Валер Варанецкі. Прадстаўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Анатоль Хішчанка вырашыў стаць яго намеснікам і вылучыў сваю кандыдатуру. Аднак высветлілася, што ўсе ўжо прызначаныя!

«Мы ж не галасавалі! Я таксама выставіў сваю кандыдатуру, але галасавання наогул не было!» — абурыўся Хішчанка.

Можна падумаць, што ён не ведае, як у Беларусі прахо­дзяць выбары! Як у краіне, так і ў парламенце. І, як звычайна, аказалася, што «канцоў не знойдзеш». Бо толькі што абраны старшыня камісіі з’ехаў у камандзіроўку. Новы парламент працуе лічаныя дні, а ў дэпутата — ужо камандзіроўка.

«Тады праводзьце яшчэ раз пасяджэнне камісіі і прагаласуйце», — параіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. І, каб не развіваць тэму, тэрмінова аб’явіў перапынак.

Адлюстраванне ў парламенце знайшлі не толькі хібы дзяржавы. У апазіцыйным асяродку шмат хто скардзіцца: каман­дзіраў і лідараў дастаткова, а вось шарагоўцаў ды «індзейцаў», каб праводзіць актыўную дзейнасць, амаль няма. Невядома, ці гэта прыўнеслі ў палату дзве апазіцыянеркі, ці так уплывае дзяржаўны працэс скарачэння дзяржапарату. У заканадаўчым органе налічваецца 14 камісій. У кожнай з іх ёсць старшыня і намеснікі. Напрыклад, у камісіі па прамысловасці намеснікаў аж чацвёра. У эканамічнай камісіі ёсць кіраўнік, тры яго намеснікі і толькі два «індзейцы», сярод якіх Ганна Канапацкая. На чатырох начальнікаў — два падначаленыя!

У выніку размеркавання пасадаў атрымалася, што агулам у палаце будуць працаваць 53 «начальнікі» (спікер і яго намеснік, 14 старшыняў камісій і 37 іх намеснікаў) і 57 простых дэпутатаў. На аднаго начальніка — адзін падначалены.

Калі казаць, што парламент з’яўляецца люстэркам грамадства, а дэпутаты выяўляюць волю народа, то гэта — наш яскравы народны адказ на ініцыятыву «дэбюракратызацыі».

Цікавая навіна прыйшла ад ААТ «Беларуськалій» — прадпрыемства будзе само збіраць аўтамабілі для перавозкі працаўнікоў пад зямлёй. Пра гэта паведаміў выконваючы абавязкі галоўнага інжынера прадпрыемства Андрэй Пятроўскі. Па словах прадстаўніка адміністрацыі, у гэтым годзе вырашана пытанне арганізацыі зборкі аўтамабіляў на базе РМЦ-4 сумесна з фірмай PAUS, якая будзе ажыццяўляць пастаўку аўтатранспартнай тэхнікі ў аб’ёме «незавершанай машыны».

Канешне ж, узнікае абавязковае пытанне: «А дзе ж МАЗ, МТЗ, аўтатрактарны факультэт БНТУ? А калі машына ездзіць не гарызантальна, а вертыкальна, няўжо задачу не вырашаць «Магілёўліфтмаш» альбо «Гомельліфт»?

Так, машыны PAUS, што ез­дзяць у шахтах, спецыфічныя. Калі паглядзець на іх у інтэрнэце, то пабачыш, што яны падобныя на мадэлі браніраваных машын беларускага ВПК «Барс» альбо «Ліс», якія выпускаюцца МЗКТ. Бо ездзяць у складаных і выбухованебяспечных умовах. Але ж пытанне застаецца: навошта нам нямецкі PAUS, няўжо МАЗ не здольны асвоіць выпуск гэтых машын? Ну, калі не выпуск, то хаця б зборку? «Беларускалій» можа, а МАЗ — не? Навошта нам тады такі МАЗ?

Навіна з яшчэ аднаго горада і прадпрыемства выклікае неадназначнае стаўленне. У Магілёве плануюць паста­віць помнік не чаму-небудзь, а ліфту. Такая задума ўзнікла ў мясцовых уладаў у сувязі са святкаваннем 50-годдзя ААТ «Магілёўліфтмаш».

Пакуль не вядома, што будзе прадстаўляць гэтая скульптурная форма, але ўжо дадзена распараджэнне знайсці для яе належнае месца. Усталяваць помнік ліфту, як лічаць у гарвыканкаме, — гэта не толькі прызнанне яго адным з брэндаў Магілёва, але і даніна павагі калектыву прадпрыемства, які на працягу паўстагоддзя забяспечвае яго паспяховае развіццё і дзейнасць.

Помнікі ставяць самі ведаеце дзе. Цікава, як успрыме гэтую ідэю калектыў прадпрыемства? І ці пакладуць да помніка вянок памяці?

Гэты манумент, падаецца, болей будзе нагадваць помнік усёй беларускай прамысловасці. А за прамысловасцю і сельскай гаспадаркай, цалкам можа быць, давядзецца ставіць помнікі іншыя. Напрыклад, суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. Гэтаму спрыяюць мясцовыя ўлады ў некаторых раёнах Беларусі.

На тыдні Хойніцкі і Буда-Кашалёўскі райвыканкамы забаранілі актывісту Гомельскага Цэнтра стратэгічнай цяжбы (ГЦСТ) Сяргею Касабуцкаму правесці на цэнтральных плошчах райцэнтраў пікеты, якія той заявіў на 20 і 21 кастрычніка з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да неабходнасці абароны незалежнасці і суверэнітэту Беларусі.

Прычыны адмовы — заяўнік не падаў дамовы на ахову мерапрыемстваў, іх медыцынскае абслугоўванне і вываз смецця. Акрамя таго, рашэннем чыноўнікаў месцам правядзення масавых мерапрыемстваў у райцэнтрах вызначаны месцы на ўскраінах, у той час як у заяўцы былі ўказаны цэнтральныя плошчы «на адлегласці, не бліжэй за 50 метраў ад будынкаў райвыканкамаў». Раней аналагічныя забароны былі атрыманы ў Карме і Добрушы.

Якую выснову з гэтага павінен зрабіць беларускі патрыёт? Прыкладна, такую: вываз смецця для ўладаў у Гомельскай вобласці значна больш каштоўны, чым незалежнасць і суверэнітэт. Ці не так?

Але лідарам цікавых навінаў усё адно застаецца Аляксандр Рыгоравіч. На сустрэчы з прэзідэнтам Татарстана Рустамам Мініханавым у Мінску ён прапанаваў прыцягнуць «Беларуснафту» для працы ў нафтавай галіне Татарстана. Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі тэмпы здабычы нафты падаюць, бо «ў свой час нафту выпампавалі і вывезлі з Беларусі».

За ўсю гісторыю «нафтавай Беларусі» рэкорд здабычы нафты склаў 8 мільёнаў тон (1975), а стабільная здабыча ўсталявалася ў 1984 годзе на ўзроўні 2 мільёнаў тон у год. Саудаўская Аравія, ЗША і Расія, узятыя паасобку, перавышаюць гадавую здабычу беларускай нафты за два дні.

Хто ж выпіў усю нашу нафту? Пытаннечка.