Юрась Зянковіч носіць зброю і хоча быць прэзідэнтам Беларусі

Беларускі юрыст Юрась Зянковіч эміграваў у ЗША 9 гадоў таму. Цяпер разам з жонкай валодае юрыдычнай фірмай з офісамі ў Дэнверы і Нью-Ёрку, спэцыялізуецца на эміграцыйным і бізнэс-праве. Сярод кліентаў — і беларусы, якія імкнуцца легалізавацца ў ЗША, і беларускія і ўкраінскія карпарацыі, якія вядуць справы з амерыканскімі партнёрамі.

juras_1.jpg

Робячы паспяховую кар’еру ў Амерыцы і зяўляючыся актыўным прадстаўніком беларускай дыяспары, Юрась не выключае, што вернецца ў Беларусь: для таго, каб стаць прэзідэнтам. Разумеючы, што такая пасада забірае шмат часу, Юрась і яго жонка Алена распрацавалі дамову, якая рэгламентуе, колькі часу ён будзе выдаткоўваць на грамадскае і на асабістае жыццё.

«Беларусы жывуць добра, але па звычцы працягваюць наракаць»

— Вы не былі ў Беларусі 9 гадоў. Заўважылі нейкія змены? Ці стаў Мінск больш развітым і еўрапейскім?

— Часта Мінск параўноўваюць з Вільняй, маўляў, цяпер не мае сэнсу ехаць у літоўскую сталіцу, бо ёсць чым заняцца і ў нас. Мне цяжка параўнаць Мінск і Вільню, бо да Вільні я пакуль не даехаў, але магу сказаць, што ў параўнанні з Кіевам Мінск нашмат больш развіты горад. Другое назіранне: беларусы жывуць значна лепш, чым суседзі. Але традыцыйна нашыя людзі скардзяцца на тое, як усё цяжка, а пры гэтым ва ўсіх ёсць кватэры, машыны, усе ездзяць у адпачынак. Я мушу сказаць, што беларусы жывуць зусім не кепска.

— У параўнанні з кім?

— Параўнанне — гэта заўсёды ўмоўнасць. Можна параўноўваць з дасканаласцю. Можна параўноўваць з Амерыкай. Але тады Амерыку можна параўнаць з Люксембургам, а Люксембург — з Манака. Я канстатую агулам — у Беларусі някепскі ўзровень жыцця. Зразумела, што кожны хоча жыць яшчэ лепш, але паводле майго вонкавага назірання ў Беларусі сітуацыя някепская, а дзесьці нават добрая.

— Маецца на ўвазе дабрабыт людзей?

— Змяніўся не толькі дабрабыт, але і людзі. Яны сталі больш разняволеныя, павялічылася прастора асабістай свабоды. Нельга казаць, што працягваецца зацісканне гаек, хутчэй наадварот, ідзе разняволенне людзей. Гэта датычыць нават і палітычнай сферы — даўно ў парламенце не было двух дэпутатаў ад апазіцыі. Як бы хто да гэтага не ставіўся, гэта прагрэс.

«Беларуская апазіцыя прайграла б і дэмакратычныя выбары»

— Пытанне пра палітыку. Партыя БНФ вылучала вас падчас апошніх выбараў у Палату прадстаўнікоў. Што здарылася пасля?

— Я адразу казаў, што гульні з Ярмошынай — гэта гульні ў напарсткі, у якой нельга перамагчы. На азартныя гульні я не марную больш за сто даляраў. Роўна столькі я і патраціў на гэтую кампанію, тым больш што выбарчая камісія адмовілася мяне рэгістраваць кандыдатам у дэпутаты з прычыны таго, што я стала не жыву ў Беларусі. Выбарчая камісія так зрабіла, нягледзячы на тое, што напярэдадні падачы дакументаў на рэгістрацыю я аформіў усе дакументы для сталага пражывання ў Беларусі. Таму я думаю, што гэта было палітычнае рашэнне.

— Усе гэтыя выбарчыя падзеі адбываліся бяз вас. Цяпер, праз месяц пасьля выбараў, вы ў Беларусі. Якія мэты прыезду?

— Гэта і прыватныя, і бізнэсовыя, і палітычныя справы. Гэты прыезд быў запланаваны яшчэ да выбарчай кампаніі на пэрыяд палітычнага зацішша. У Беларусі ў мяне шэраг сустрэч, як звязаных з бізнэс-справамі, так і палітычных. У прыватнасці, буду гаварыць з Юрасём Губарэвічам, Анатолем Лябедзькам, Анатолем Шумчанкам. 

Юрась Зянковіч і Анатоль Лябедзька

Юрась Зянковіч і Анатоль Лябедзька

— Як вы ацэньваеце вынікі выбараў?

— Я бачу, што людзі расчараваныя тым, што адбылося. Вынік быў досыць прагназаваным. Беларуская апазіцыя выбары прайграла б, нават калі б яны былі самымі сумленнымі і калі б быў самы празрысты падлік галасоў. Я бачу, што ў шэрагах беларускай апазіцыі вельмі моцны дэфіцыт ідэяў. Таксама вельмі моцна пануе карга-культ, які ў Беларусі выяўляецца ў чаканні добрага замежнага дзядзкі, які ўсё зробіць як мае быць.

«Прасцей стварыць новую апазіцыю, чым адбудоўваць старую»

Кажуць, што ў беларускім грамадстве няма традыцыі фінансаваць палітыку. Можа, таму і чакаюць замежнага дзядзку з грашыма?

— Я ў Мінску сустрэўся са старым сябрам і сказаў яму, што трэба фінансаваць Партыю БНФ. Ён адказаў, што «гэтым людзям ні капейкі не дасць, бо яны кепскія». Я прапанаваў яму памяняць кепскіх людзей на добрых. Ён сказаў, што будзе ахвяраваць на Партыю БНФ тады, калі там усё будзе добра. І так лічыць усё беларускае грамадзтва. Але якое права мае чалавек даваць ацэнкі, калі ён не фінансуе? Я лічу, што патрабаваць вынікаў можа толькі той, хто плоціць за гэтыя вынікі. Калі я не купляю тавару, я не маю права патрабаваць, каб ён быў якасны. Гэта нармальны бізнэсовы падыход. Тое самае ў палітыцы. Калі мы не фінансуем нашу палітыку, калі мы спадзяемся на Еўропу і Амерыку, калі мы чакаем дзядзку з грантам, які прафінансуе палітычную партыю, — значыць, гэты дзядзка з грантам будзе дыктаваць, што палітычная партыя будзе рабіць. Калі мы не ўкладаем у палітычныя партыі свае асабістыя грошы, то тады мы не маем права нічога патрабаваць ад палітычных лідэраў. Тады атрымліваецца, што мы адсоўваем сябе ад палітыкі, пазбаўляем сябе моцнага рычагу ўздзеяння на палітыкаў, якія фактычна робяць тое, што хочуць, таму што яны самі знаходзяць фінансаванне, якое не звязвае іх абавязкамі перад грамадствам.

Юрась Зянковіч (злева) на акцыі ў Злучаных Штатах.

Юрась Зянковіч (злева) на акцыі ў Злучаных Штатах.

— Ці недахоп фінансавання— гэта адзіная праблема беларускай апазіцыі?

— Яшчэ адна праблема, якая тычыцца не толькі апазіцыі, але і ўлады, — гэта кароткі гарызонт падзеяў. У нас апазіцыя плануе свае дзеянні да моманту прыходу да ўлады. Калі спытацца ў кандыдатаў у прэзідэнты, які будзе іх першы, другі, дзясяты ўказ, мы пабачым падвісанне сістэмы. На пытанне, дзе мы бачым Беларусь праз 15 гадоў, не адкажуць ні апазіцыйныя, ці праўладныя палітыкі. У нас няма стратэгічнага бачання, няма таго, што нашыя продкі называлі рацыяй стану — разуменне стратэгічнага інтарэсу дзяржавы, які не можа прыраўноўвацца да інтарэсу цяперашняга караля, палітычнай партыі ці яе старшыні. Кароль памрэ — дзяржава застанецца. Калі казаць пра апазіцыю, то яна не прасунулася далей, чым сярэдзіна 90-х гадоў. Таму прасцей стварыць новую апазіцыю, чым адбудоўваць старую. Давайце гаварыць шчыра, апазіцыі ў Беларусі няма, няма сілы, здольнай супрацьпаставіць сябе дзейнай уладзе.

«Амерыка — адзіны хаўруснік Беларусі»

— Дзе вы бачыце Беларусь пра 15 гадоў?

— Беларусь павінна ўдзельнічаць у праекце Міжмор’я, гэта адзіны рэальны праект, у межах якога Беларусь можа захаваць незалежнасць разам са сваімі суседзямі, якія маюць падобныя праблемы і інтарэсы. Ёсць разлікі Гарвардскага ўнівэрсітэта, паводле якіх супольная эканоміка Прыбалтыкі, Беларусі, Польшчы, Украіны, Чэхіі, Славаччыны і Вугоршчыны можа быць мацнейшай не толькі за эканоміку Расіі, але і за нямецкую эканоміку.

Юрась Зянковіч на акцыі ў Злучаных Штатах.

Юрась Зянковіч на акцыі ў Злучаных Штатах.

— Якія дачыненні мусяць быць у Беларусі з Амерыкай?

— Амерыка — гэта адзіны хаўруснік, які ў нас ёсць сёння. Яна далёка і не мае дастаткова рычагоў уплыву на нас. Разам з тым яна супраць той сацыялістычнай палітыкі, якую будуе сённе Брусель у Еўрапейскім звязе, яна супраць гегемоніі Нямеччыны і Францыі ў Еўропе. Амерыка хоча, каб у Еўропе было некалькі цэнтраў сілы.

«Хачу быць прэзідэнтам, бо не бачу іншага вартага чалавека»

— Некалькі месяцаў таму вы заяўлялі аб прэзідэнцкіх амбіцыях, маўляў, «не бачыце іншага чалавека, які б справіўся з гэтай задачай». Гэты намер застаецца?

— Усё так і застаецца. На сёння я не бачу іншага чалавека, які меў бы ідэі, як развіваць Беларусь у наступныя 20-30 гадоў. Калі такі кандыдат зявіцца, я гатовы весці з ім перамовы. Для мяне перспектыва вылучэнне на пасаду прэзідэнта — гэта хутчэй праблема, чым нейкая магчымасць. Я ведаю, што гады майго прэзідэнцтва будуць выкінутыя з майго асабістага жыцьця. Але ў нас з жонкай ёсць дамоўленасць, што я магу рабіць і колькі часу я магу на гэта выдаткаваць.

Юрась Зянковіч і яго жонка Алена

Юрась Зянковіч і яго жонка Алена

— Уявім, што вартага чалавека не знайшлося, і жонка дазволіла вам балатавацца. Што будзеце рабіць?

— У першую чаргу трэба адбудоўваць рэгіянальныя структуры палітычных партый. Я сустрэўся з людзьмі ў Мінску, наведаў Гарадзенскую і Магілёўскую вобласці і зразумеў, што выбарчую структуру трэба ладзіць з нуля. Ніводная палітычная партыя, ніводзін рух не ў стане аказаць падтрымку ніводнаму кандыдату і правесці выбарчую кампанію, каб змяніць гэтую ўладу. Я пайду ў кампанію толькі з рэальнай мэтай перамагаць, алімпійскі прынцып «галоўнае не перамога, а ўдзел» для мяне непрымальны.

«Лукашэнка за незалежнасць Беларусі, значыць, ён наш хаўруснік»

— Кандыдат у прэзідэнты мусіць быць адзіным ад усёй апазіцыі ці падтрыманы адной палітычнай сілай?

— Нават калі гэта будзе прадстаўнік ад улады, але калі ён будзе ведаць, куды трэба рухацца Беларусі, я яго падтрымаю. Для мяне не важная палітычная афарбоўка, бо цяпер няма схемы «апазіцыя — добрыя, улада — кепскія». Падзел праходзіць па лініі «за ці супраць незалежнасці». Я лічу, што існуе пагроза незалежнасці Беларусі, яна ідзе з Усходу. Хто б не быў нашым хаўруснікам дзеля захавання незалежнасці, мы мусім супрацоўнічаць. Сённе тактычна супала так, што нават інтарэсы Аляксандра Лукашэнкі супадаюць з беларускай незалежнасцю. Значыць, ён наш хаўруснік. Лепш хай будзе сукін сын Лукашэнка, чым Вова з Усходу. Таму што ў другім выпадку аб праекце «Беларусь» можна забыцца гадоў на 200. Я гатовы супрацоўнічаць з уладамі, з апазіцыяй — з усімі, хто мае ідэі для захавання незалежнасці Беларусі.

— Вы лічыце, што апазіцыі ў Беларусі фактычна няма. Разам з тым вы сябра Партыі БНФ, яна вылучала вас на выбарах...

— Партыя БНФ — адзіная ў Беларусі палітычная сіла, якая мае моцны ідэалагічны падмурак. Але тое, што адбываецца ўнутры партыі, мне катэгарычна не падабаецца. Мне здаецца, што БНФ, маючы моцны ідэалагічны мэсыдж, не здольны данесці яго грамадзтву. Чаму? Таму што няма структуры, няма фінансаў, людзі разбегліся — хто за мяжу, хто ў бізнэс, хто ў прыватнае жыццё. У нас няма партыі, калі людзі не плацяць партыйныя складкі. Кіраўніцтва мусіць ездзіць па іншых краінах, каб забясьпечыць арэнду сядзібы і функцыянаванне апарату. Але тады партыя становіцца несамастойнай, раз яна існуе за кошт іншых дзяржаў.

«Гатовы пісаць законапраекты для Анісім і Канапацкай»

— Як паўплываюць на стан апазіцыі ў Беларусі дзве новаабраныя дэпутаткі — Алена Анісім і Ганна Канапацкая?

— Тое, што яны прайшлі, — гульня ўладаў для Захаду. Далей усё залежыць ад іх саміх. Я прадэклараваў абедзвюм, што гатовы пісаць законапраекты, калі яны будуць уносіць іх у парламент.

«Свабодны толькі той чалавек, які мае зброю»

— Чаму вы з жонкай вырашылі жыць у штаце Каларада, а не на Манхэтане, дзе маеце юрыдычную кантору?

— Нам больш падабаецца стыль жыцьця на Сярэднім Захадзе. Нам падабаецца рахманасць, спакойнае жыццё, вялікая прастора, свабодныя людзі, кансерватыўны светапогляд, сямейныя каштоўнасці, свабоднае валоданне зброяй.

— У вас ёсць зброя?

— Можна сказаць так. Вось акурат чакаем дазвол на схаванае нашэнне зброі. Мы прайшлі спецыяльныя курсы, дзе навучыліся абыходзіцца з ёй, атрымалі неабходныя дакументы і неўзабаве атрымаем права абараняць сваю незалежнасць і жыццё ўласнымі сіламі. Мне гэта моцна імпануе, таму што так жа было і ў Рэчы Паспалітай — свабоднымі лічыліся толькі тыя людзі, якія носяць зброю.

Юрась Зянковіч, фота з асабістага архіву

Юрась Зянковіч, фота з асабістага архіву

— У рахманым штаце Каларада ёсць такая неабходнасць?

— Спакойна там, дзе злачынца ведае, што лепш не лезці. У штаце Каларада папулярныя шыльдачкі, дзе напісана, што ўладальнік гэтага дома ўзброены і гатовы абараняць сваю маёмасць, жыццё і свабоду са зброяй у руках.

— Ці заангажаваныя вы ў жыццё беларускай дыяспары?

— Безумоўна. Напрыклад, мы з жонкай нядаўна арганізоўвалі канцэрт гурту «Стары Ольса» ў Дэнверы. Пры гэтым Алена прыгатавала для гасцей стравы старажытнабеларускай кухні. Амерыканцы былі ў захапленні, а беларусы былі як беларусы — мала хто прыйшоў. Было крыху сорамна і непрыемна. І такая сітуацыя з беларускай дыяспарай назіраецца ва ўсёй Амерыцы. Але ёсць і шчаслівыя выключэнні — вельмі моцная дыяспара ў Лос-Анджэлесе, у Нью-Ёрку.

— З год таму вы з жонкай спрабавалі сарваць акцыю расійскіх актывістаў, якія раздавалі георгіеўскія стужкі ў Нью-Ёрку. Няўжо «русский мир» дакаціўся і туды?

— Што тачыцца «русского мира» ў Амерыцы, то гэта перабольшаныя чуткі. Не так там шмат расійцаў, каб яны маглі на нешта ўплываць. Але часам ствараюць карцінку дзеля выкарыстання на прапагандысцкіх каналах інфармацыі. Але жыхары Нью-Ёрку не заўважаюць гэтай прапаганды. Магчыма, выключэнне — гэта Брайтан-біч, які не ходзіць у Амерыку. Тое, што мы ўмяшаліся ў тую акцыю, было спробай контратролінгу каларадаў. Шчыра кажучы, жалю вартыя былі тыя людзі, якія раздавалі георгіеўскія стужкі. Гэта сацыяльнае дно — людзі, якія не знайшлі сябе ў Амерыцы, так і не вывучылі ангельскую мову, не здабылі прафесіі, зарабляюць капейкі. І такія людзі ходзяць і крычаць, што Пуцін — добры. І разам з тым вяртацца ў Расію не хочуць.

Паводле Радыё Свабода