«Ехаў дадому, а раніцай прачнуўся на цагельні ў Дагестане»
Калі ў беларусаў пачынаецца сезон працаўладкавання за мяжой і сямейна-шлюбных адносін з замежнікамі?
— За мяжу
беларусы едуць, у асноўным, у пошуках добрага жыцця, — кажа кіраўнік гарачай лініі па бяспечным
выездзе за мяжу праграмы «Ла страда» Ірына Варварына. — Яшчэ ніхто не агучваў іншыя прычыны: скажам, панылая прырода,
дрэннае надвор'е ці кепскае абслугоўванне... Для людзей важны эканамічны складнік.
За дзевяць месяцаў гэтага года амаль дзве тысячы абанентаў звязаліся са спецыялістамі праграмы «Ла страда». Працаўладкаванне — асноўная тэма кансультацый. Такіх зваротаў 38,3%.
Па дадзеных Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС, на працу за мяжу па дамовах і кантрактах са студзеня па чэрвень гэтага года выязджалі 3 825 чалавек. Колькі беларусаў адпраўляецца на працу за мяжу нелегальным шляхам, невядома.
Асноўны пункт прызначэння беларусаў — краіны блізкага замежжа (Расійская Федэрацыя — 15,7% і Украіна — 4,4%) ці Еўропы: Польшча — 12,9%, Германія — 6,2%, Італія — 4%, Чэхія — 3 %.
Абаненты пытаюцца, як зразумець, ці не хлусіць ім патэнцыйны працадаўца, ці просяць удакладніць ужо знойдзеную дзесьці інфармацыю. А некаторыя на момант званка наогул не ўяўляюць, з чаго пачаць пошукі працы за мяжой.
— Часта гэта не вельмі высокакваліфікаваныя спецыялісты. Яны не валодаюць замежнымі мовамі, не могуць прачытаць інфармацыю на сайтах іміграцыйных службаў, аб'явы з прапановамі аб рабоце, — тлумачыць Ірына Варварына.
Мужчын, як правіла, цікавяць вакансіі будаўнікоў, кіроўцаў, сантэхнікаў, рознарабочых — спецыяльнасці, дзе патрабуецца мінімальнае веданне мовы і максімальнае ўменне што-небудзь рабіць рукамі.
Часам на лінію звяртаюцца з нечаканымі пытаннямі.
— Аднойчы нас папрасілі распавесці, як працаваць вулічным музыкам у Германіі на легальных умовах. Сапраўды, для гэтага неабходна зарэгістравацца ў мэрыі, а не проста так стаяць і граць на вуліцы, — успамінае Ірына Варварына.
Жаночая аўдыторыя інфалініі імкнецца заняць працоўныя месцы ў сацыяльным сектары. Жанчыны старэй цікавяцца вакансіямі нянечак ды сядзелак.
Маладыя жанчыны шукаюць працу, дзе важную ролю адыгрываюць знешнія дадзеныя: артысткі, афіцыянткі, аніматары, танцоркі, адміністратары ў гатэлі.
У вясновы перыяд пачынаецца попыт на сезонныя працы.
— Гэта час, калі трэба паклапаціцца аб заробку. Такі варыянт прыцягвае асобную катэгорыю абанентаў, — тлумачыць Ірына Варварына. — Людзі не хочуць пакідаць краіну надоўга. Паўгода папрацаваў, а потым да наступнай вясны можна займацца чым заўгодна.
Ці не прадасць ён мяне ў рабства?
Пасля «сезону працаўладкавання» на лініі надыходзіць «сезон сямейна-шлюбных адносін». З канца жніўня да канца кастрычніка паступае досыць шмат запытаў аб тым, як праверыць ці не махляр замежны жаніх. Прычым нюансы заключэння шлюбу жанчын хвалююць ў большай ступені (15,7%), чым мужчын (2,3%).
— Мы гэта называем «званкі знаёмстваў», — распавядае Ірына. — Разам з заходнімі краінамі даволі часта беларускі плануюць з'ехаць і ва ўсходнія краіны. Яны раяцца з намі: якія рызыкі могуць быць? Як даведацца, жанаты ён ці не, і ці не прадасць у рабства?..
А вось пытанні аб скасаванні шлюбу і выплаце аліментаў — па-за сезоннасці. Нярэдка ўзнікаюць праблемы з орфі-шлюбамі. Пра гэты варыянт узаконьвання «сямейнай сувязі» ў мусульман ведаюць не ўсе або памыляюцца наконт юрыдычных наступстваў такога саюза.
Цырымонія праходзіць паважна, у прысутнасці сведак, маладыя атрымліваюць фірмовы бланк на арабскай мове...
На справе ўсё гэта аказваецца часова ўзаконеным сужыццем. Бо ва ўсходніх краінах сэкс па-за шлюбам забаронены. Жанчына ж ніякіх правоў не атрымлівае і нават не можа аформіць від на жыхарства ў краіне наканаванага, паколькі на падставе аформленых адносін жонкай не з'яўляецца.
— Мы раім заключаць шлюб з замежнікам у Беларусі, — рэкамендуе Ірына Варварына. — Так можна праверыць намеры жаніха. Ці гатовы ён дзеля вас пераадолець адлегласці і аформіць даволі шмат папер, а заадно і ўзяць у пасольстве сваёй краіны абавязковую для заключэння шлюбу даведку, якая пацвердзіць, што на дадзены момант ён не жанаты.
Заморская навука
Беларусы імкнуцца ў далёкія краіны і за ведамі. Сярод тых, што дазваніліся на інфалінію такіх парадку 4,6%. Самыя папулярныя адукацыйныя напрамкі: Італія, Польшча, Чэхія, Германія. У гэтых краінах, удакладняе Ірына Варварына, можна атрымаць адукацыю бясплатна пры ўмове аплаты семестравых збораў або за невялікую плату.
Абаненты, якія ўжо атрымалі дыплом беларускай ВНУ, імкнуцца даведацца аб адукацыйных праграмах і магчымасцях пацвердзіць свой дыплом за мяжой. Па словах спецыялістаў, падобнае пытанне заўсёды ў топе ад жадаючых пабудаваць медыцынскую кар'еру за мяжой.
— Моладзі невядома паняцце «жалезнай заслоны», так што перасоўвацца па свеце яны хочуць шмат і часта. А тэлефануюць нам звычайна занепакоеныя мамы, — кажа Ірына.
Звяртаюцца па кансультацыю бацькі не толькі студэнтаў, але і школьнікаў. У некаторых выпадках сям'я нават гатовая пераехаць, абы дзіця атрымлівала веды ў іншай краіне.
— Некалькі разоў да нас паступалі запыты аб навучанні школьнікаў у ЗША. Напрыклад, адна мама хацела, каб яе дзіця абавязкова хадзіла ў школу менавіта ў Амерыцы, — успамінае Ірына Варварына. — А неяк бабуля пыталася, ці можна адправіць унука ў моўны лагер у Эстоніі. І пры гэтым яе вельмі хвалявала, ці зможа яна жыць недалёка ад лагера.
З'ехаў на адпачынак і знік
Ад форс-мажораў у чужой краіне застрахавацца немагчыма. Сярод агульнай колькасці зваротаў на інфалінію складаныя і крызісныя сітуацыі за мяжой займаюць амаль 3%. За ўвесь час працы спецыялісты дапамаглі амаль 350 пацярпелым ад гандлю людзьмі.
Сёння часцей за ўсё праблемныя пытанні датычацца вышуку зніклых за мяжой, хатняга гвалту ў міжнацыянальных шлюбах, парушэння правоў мігрантаў, страты ці крадзяжу дакументаў, грошай, білетаў.
Здараецца так, што чалавек паехаў на адпачынак і знік. Два тыдні не выходзіць на сувязь. Што можна зрабіць у гэтай сітуацыі, пытаюцца сваякі або сябры зніклага. Кансультанты інфалініі падкажуць адпрацаваны алгарытм дзеянняў для такога выпадку.
Ірына Варварына папярэджвае:
— Можна без праблем папрацаваць за мяжой, атрымаць зарплату, але ў апошні момант патрапіць у непрыемную сітуацыю.
Кансультанты праграмы «Ла страда» добра памятаюць выпадак, калі мужчына ўжо вяртаўся дадому пасля працяглай працы ў Расійскай Федэрацыі, але на вакзале пазнаёміўся з кампаніяй. Выпілі. А раніцай ён прачнуўся на цагельні ў Дагестане.
Паводле Заўтра тваёй краіны