Як жывуць нашчадкі вялікіх палітыкаў сёння?

Нядаўна мы распавядалі пра нашчадкаў дыктатараў ХХ стагоддзя. Гэтым разам звернем увагу на больш дастойных сусветных палітыкаў. Чым і як сёння жывуць дзеці і ўнукі некаторых знакамітых асобаў мінулага?

Мазарын Пінжо

Мазарын Пінжо

Франсуа Мітэран, прэзідэнт Францыі

Мазарын Пінжо доўгі час заставалася невядомай грамадзкасьці. Справа ў тым, што яна была незаконнанароджанай дачкою прэзідэнта французскай рэспублікі. Факт у наш час не настолькі страшэнны, як раней, але скандал у любым выпадку забясьпечаны. Яе назвалі ў гонар бібліятэкі «Мазарыні», найстарэйшай у Францыі. Прэзідэнт і яго палюбоўніца любілі чытаць, хаця ня толькі.

Выйшаўшы з ценю, Мазарын заняла ўласную нішу. Яна не задаволелася быць проста «таемнай дачкой» прэзідэнта, яна пайшла па акадэмічным шляху, паглыбляючыся ў сьвет літаратуры і філязофіі. Спадарыня Пінжо піша раманы, эсэ і ўспаміны, якія адлюстроўваюць яе складанае разуменьне асобы, каханьня і таямніцаў. Зрэшты, крытыкі хутчэй зьнішчаюць яе раманы, чым захапляюцца імі.

Карл Адэнаўэр, канцлер Нямеччыны

Унук знакамітага немца Паўль Баўвэнс-Адэнаўэр пераняў партыйную эстафэту ад Карла і спрабуе свае сілы ў палітыцы. Хрысьціянска-Дэмакратычная партыя падтрымала яго ў якасьці дэпутата парлямэнту зямлі Паўночны Рэйн-Вэстфалія. На сёньня ён узначальвае партыйнае аб’яднаньне гэтыга рэгіёну.

Паўль сярод іншых 40 знакамітасьцяў Нямеччыны ў 2010 годзе падпісалі шырокавядомы ліст у падтрымку далейшай эксплюатацыі нямецкіх АЭС.

У эпоху аднапартыйкі Ангелы Мэркель нават нашчадку вялікага канцлера пасьляваеннага часу не было як змагацца за агульнанацыянальную падтрымку.

Патрык Адэнаўэр з жонкай

Патрык Адэнаўэр з жонкай

Іншы ўнук – Патрык Адэнаўэр замест таго, каб адправіцца ў прадказальны сьвет палітыкі, абраў іншую арэну: бізнэс. Патрык узначальвае Bauwens Group, адну з вядучых нямецкіх кампаній па нерухомасьці і разьвіцьці праектаў. Як прэзідэнт Асацыяцыі сямейных прадпрымальнікаў Нямеччыны Патрык выступае за стварэньне сямейнага бізнэсу, які зьяўляецца асновай нямецкай эканомікі.

Яго місія заключаецца не толькі ў эканамічным росквіце, але і ў захаваньні ўнікальнага характару прадпрыемстваў, у аснове якіх гісторыя, традыцыі і сям'я. Дзядуля быў бы задаволены.

Дуайт Эйзэнхаўэр і Рычард Ніксан, прэзідэнты ЗША

Мы не дарма напісалі дваіх рэспубліканцаў разам, справа ў тым, што іх нашчадкі вельмі шчыльна перапляліся. Жыла сабе дачка прэзідэнта Ніксана Джулі і пазнаёмілася з унукам прэзідэнта Эйзэнхаўэра Давідам. Такім чынам зьявілася на сьвет у 1978 годзе Джані Эйзэнхаўэр, у чыіх жылых цячэ шмат прэзідэнцкай крыві. Джані здрадзіла партыйнай спадчыне дзядоў і ўвайшла ў дэмакратычную партыю, актыўна падтрымлівала Барака Абаму ў 2012 годзе.

Джулі Ніксан і Давід Эйзэнхаўэр

Джулі Ніксан і Давід Эйзэнхаўэр

Джані абрала для сябе акторскую кар’еру. Збольшага яна выступае ў тэатры, дзе таксама спрабуе сябе ў якасьці рэжысэркі, атрымала шэраг тэатральных прэмій. На шырокім экране Джані Эйзэнхаўэр не так часта зьяўляецца, адным з вядомых фільмаў можна назваць «Мона Ліза ўсьміхаецца» 2001 года. У галоўнай ролі там здымалася Джулія Робэртс.

Унук Рычарда Ніксана – Крыстафэр Ніксан Кокс, у адрозьненьне ад сястры Джані, застаўся ў рэспубліканскай партыі, і больш за тое – час ад часу балятуецца на розныя пасады. У 2010 годзе ён не перамог у партыйных праймэрыз на выбарах у Кангрэс. Сёньня Крастафэр заўважаны ў розных ініцыятывах былога дзяржасакратара Майка Пампэа, таго самага, хто нядаўна наведваў Беларусь.

Уінстан Чэрчыль, прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі

Унук найлепшага брытанскага прэм’ера ў гісторыі знайшоў для сябе выдатную рэалізацыю: Нікалас Сомс пайшоў у палітыку. З 1983 па 2019 год Нікалас ад дзедавай кансэрватыўнай партыі быў у парлямэнце. У 2019 годзе ён публічна выступіў супраць прэм’ера Борыса Джонсана ў сувязі зь яго авантурнымі плянамі па працэсу выйхаду з ЭЗ. На гэта Джонсан адрэагаваў такім чынам, што калі б Нікалас Сомс вырашыў пераабірацца ў наступны раз, яму прыйшлося б сысьці з кансэрватыўнай партыі і быць у якасьці незалежнага кандыдата. Такога нахабства ўнук Чэрчыля не мог стрымаць і абвесьціў, што пераабірацца ня будзе.

З 2022 года ў якасьці лорда трапіў у вышэйшую палату – Палату Лордаў, дзе будзе засядаць пажыцьцёва.

Нікалас Сомс

Нікалас Сомс

Нікалас Сомс служыў радзіме і ў якасьці вайсковага міністра з 1994 па 1997 год. У 1970-х Нікалас служыў пры прынцы Чарльзе (сёньняшні кароль Карл ІІІ). З таго часу паміж двума маладымі людзьмі завязалася сяброўства. Унук Чэрчыля рашуча крытыкаваў прынцэсу Дыяну, яшчэ да таго, як гэта стала мэйнстрымам. На ўласным вясельлі ў 1981 годзе Сомс і яго абраньніцу віншавалі каралева Лізавета  ІІ, прынц Чарльз, які быў шаферам і іншыя чальцы каралеўскай сям’і.

Жак Шырак, прэзідэнт Францыі

Калі імя Шырака згадваецца на вуліцах Парыжа або ў залях французскіх установаў, амаль усе могуць спачатку ўзгадаць Жака Шырака, моцнага прэзідэнта, які кіраваў французскай палітыкай ад пасады мэра Парыжа да прэзідэнта нацыі. Тым не менш, усьлед за такой высокай фігурай, яго дачка, Клод Шырак, працягвае спадчыну знакамітага прозьвішча.

У адрозьненьне ад бацькі, Клод абрала іншы, але не менш уплывовы шлях: сьвет камунікацый. Клод стала асабістым дарадцам свайго бацькі па сувязях з грамадзкасьцю. Акрамя палітыкі, Клод рызыкнула заняцца бізнэсам. Яе досьвед у галіне камунікацыйных стратэгій стаў неацэнным для буйных карпарацый, асабліва ў якасьці дырэктаркі па камунікацыях Kering – кампаніі, якая валодае брэндамі Gucci, Bottega Veneta, Yves Saint Laurent і Alexander McQueen.

Глядзіце таксама

Але, мабыць, самым кранальным аспектам яе жыцьця зьяўляецца адданасьць памяці бацькі. Пасьля сьмерці Жака Шырака Клод адыграла ключавую ролю ў стварэньні Фонду Жака Шырака.

Джон Кэнэдзі, прэзідэнт ЗША

Адзіная жывая дачка застрэленага прэзідэнта Кэралайн Кэнэдзі сёньня служыць у якасьці амбасадара ЗША ў Аўстраліі. А яшчэ раней – на той жа пасадзе ў Японіі.

У літаратурным сьвеце Кэралайн адарыла чытачоў зборнікамі вершаў, разважаньнямі аб сваім прывілеяваным, але складаным выхаваньні і глыбокім разуменьнем інтымных момантаў сям'і Кенэдзі.

Ёй не было і 6 гадоў, калі Джона Кэнэдзі застрэліў, як мяркуецца, нядаўні жыхар горада-героя Менска Харві Освальд. Праз некалькі гадоў заб’юць яе дзядзю Робэрта на перадвыбарным мітынгу. Яшчэ праз пэўны час ўсё новыя і новыя чальцы знакамітай сям’і загінулі пры трагічных і часам няўцямных абставінах.

Джон Кэнэдзі з дачкой Кэралайн за некалькі месяцаў да забойства прэзідэнта

Джон Кэнэдзі з дачкой Кэралайн за некалькі месяцаў да забойства прэзідэнта

Складаныя фактары загартавалі гэтую кабету. Яе сын, адзіны ўнук Джона Кэнэдзі – Джэк Шлосбэрг у гэтым годзе распачаў кроўную атаку на патэнцыйнае вылучэньне ў прэзідэнты ад дэмакратаў свайго стрыечнага брата – Робэрта Кэнэдзі – малодшага (унука застрэленага Робэрта Кэнэдзі ў 1968). Шлосбэрг заявіў: «Я яго слухаў. Я яго ведаю. Я не маю разуменьня, чаму хтосьці думае, што ён павінен быць прэзідэнтам.

Джо Байдэн падзяляе бачаньне майго дзеда адносна Амэрыкі, што мы робім рэчы не таму, што гэта лёгка, а таму, што гэта цяжка, і ён знаходзіцца на стадыі таго, каб стаць найвялікшым прагрэсіўным прэзідэнтам, які ў нас калі-небудзь быў».

Што гэта – рэўнасьць да стрыечнага брата ці магчыма пачатак уласнай палітычнай кар’еры? Убачым пазьней.

Маргарэт Тэтчэр, прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі

Маргарэт зьмяніла сваю краіну, а дзеці пайшлі па іншых кірунках. Яе сын Марк нават быў уцягнуты ў спробу дзяржперавароту і асуджаны! Глянем бліжэй. Марк Тэтчэр, авантурны сын, жыў жыцьцём, якое чытаецца як прыгодніцкі раман. Бізнэсмен, плэйбой, аўтагоншчык — яго тытулы разнастайныя. У 1980-х Марка бачылі, як ён удзельнічаў у гонках на ралі Парыж-Дакар, у выніку чаго ён згубіўся (а потым быў знойдзены) у пустыні Сахара.

У 2005 годзе Марк Тэтчэр удзельнічаў у няўдалым дзяржаўным перавароце ў Экватарыяльнай Гвінэі, а ў Паўднёвай Афрыцы яго аштрафавалі і прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай.

Глядзіце таксама

Кэрал, дачка Маргарэт, з іншага боку, адправілася ў падарожжа, значна адрознае ад свайго брата-блізьнюка. З мікрафонам у руках яна стала журналістам. Акрамя гэтага Кэрал выступала і нават перамагала ў рэаліці-шоў «Я знакамітасьць... Выцягні мяне адсюль!»

Яна напісала кранальныя мэмуары пра сваю маці з пункту гледжаньня чалавека, які ведаў яе не толькі як прэм'ер-міністра, але як «маму».

Джавахарлал Нэру і Індзіра Гандзі, прэм’ер-міністры Індыі

Індыя, якая так імкнулася выйсьці з-пад кантролю манархічнай Вялікай Брытаніі, і якая такі здабыла незалежнасьць у 1944 годзе, незаўважна трапіла ў сетку амаль манархічнага кіраваньня.

Нэру стаў першым прэм’ерам незалежнай Індыі з 1947 па 1964 год (толькі сьмерць яго разлучыла з уладай). Яго дачка Індзіра Гандзі была прэм’ерам Індыі з 1980 па 1984 год (толькі сьмерць яе разлучыла з уладай). Яе сын Раджыў Гандзі стаў прэм’ер-міністрам адразу пасьля забойства маці, і кіраваў краінай з 1984 па 1989 (два гады падзялілі канец яго ўлады і забойства ў 1991 годзе). З 53 гадоў незалежнай Індыі ў ХХ стагодзьдзі тры пакаленьні адной сям’і кіравалі ёю 26.

Ну а сёньня на чале адной з галоўных індыйскіх партыяў – Індыйскага нацыянальнага Кангрэсу знаходзяцца двое дзяцей Раджыва Гандзі – Рахул Гандзі і Прыянка Гандзі. Менавіта Рахул Гандзі разглядаецца як імаверны прэм’ер-міністар пасьля наступных парлямэнцкіх выбараў.