Як да Месяца пехам
У Латвіі, якая з пачатку гэтага года старшынюе ў Савеце ЕС, існуюць амбітныя планы, якія датычныя Беларусі. Прынамсі, прадстаўнікі ейнага МЗС заявілі, што будуць дамагаца "безвізавага рэжыму" нашай краіны з Еўрасаюзам.
Афіцыйны часопіс Еўрасаюза "EUObserver" са спасылкай на кіраўніцтва МЗС Латвіі, якая з пачатку гэтага года старшынюе ў Савеце ЕС, агучыў амбітныя планы знешнепалітычнага ведамства гэтай краіны. Напрыклад, кіраўнік латвійскага МЗС Эдгарс Рынкевічс заявіў аб наяўнасці перспектыў у супрацоўніцтве з Беларуссю. Найперш гэта тычыцца перамоваў нават не пра спрашчэнне візавага рэжыму Беларусі і ЕС, а ўвогуле аб бязвізавым рэжыме для грамадзянаў Беларусі.
Заўважым, што перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму ЕС для беларусаў цягнуцца ўжо не першы год. А напрыканцы 2014-га Алена Купчына, намесніца міністра замежных спраў Беларусі, казала, што гэты працэс няпросты, і перамовы па лібералізацыі візавага рэжыму Беларусі з ЕС весці «дастаткова цяжка».
Паводле слоў дзяржсакратара МЗС Андрэйса Пілдзеговічса, ён спадзяецца ўбачыць у стасунках Беларусі «пэўны прагрэс» да саміта Усходняга партнёрства, які павінен прайсці ў маі гэтага года ў Рызе. У мінулым годзе тое ж спадзяванне выказваў Рынкевічс. «Мы абмяркоўвалі, што было б добра, калі б да рыжскага саміта Усходняга партнёрства была заключана дамова аб лібералізацыі візавага рэжыму паміж ЕС і Беларуссю», — цытавала Рынкевічса прэс-служба МЗС РБ.
Амбітныя планы Літвы — невыканальная місія. Па першае, супраць бязвізавага рэжыму будзе беларускі Памежны камітэт.
З Латвіяй у нас ёсць малы памежны рух, але далей справа не прасоўваецца. Пасол Польшчы Лёшак Шарэпка ўжо колькі год спрабуе «адкрыць» такі рух паміж ягонай краінай і «сінявокай». Беларускі бок гэтыя ініцыятывы тармозіць: маўляў, памежныя пункты не гатовыя да наплыву бадзягаў праз польска-беларускую мяжу. Трэба спачатку гэтыя пункты ўладкаваць як след, а ўладкоўваць іх можна бясконца. І менавіта на досвед МПР з Латвіяй спасылаюцца беларускія памежнікі.
А калі візавы рэжым увогуле будзе адменены? Бо гэта ж адкрытае перамяшчэнне праз мяжу не часткі насельніцтва краіны, якая жыве ў памежнай зоне, а для ўсіх! На думку беларускіх памежнікаў, мяжа проста «скавырнецца»!
Па-другое, паводле таго ж Пілдзеговічса, спрашчэнне візавага рэжыму ўвязваецца з праблемамі грамадзянскіх свабодаў у краіне. А канкрэтна — з вызваленнем палітычных вязняў. «Мы не будзем пераглядаць сваю пазіцыю па палітвязнях. Мы працягваем аказваць ціск на Беларусь для іх вызвалення. Тое ж тычыцца абароны правоў меншасцяў», — сказаў Пілдзеговічс. Ён адзначыў і важнасць таго, як пройдуць маючыя адбыцца восенню прэзідэнцкія выбары.
Латвія — не такая ўжо далёкая ад Беларусі краіна. Але за 20 год між намі паўстала проста цывілізацыйная прорва. Латышы, падаецца, ужо не разумеюць, што для беларускай улады значыць выпусціць на волю палітвязняў, і не калі-небудзь, а да мая.
Найперш гэта, канешне, тычыцца бескампраміснага экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча. Нават зараз, калі ён у вязніцы, за яго ўжо ствараюць ініцыятыўную групу на вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты. А што будзе, калі ён выйдзе да пачатку прэзідэнцкай кампаніі? Канешне, з непагашанай судзімасцю ён балатавацца ў прэзідэнты не зможа, але ягоны ўваход у каманду дадасць моцы любому апазіцыйнаму кандыдату. Статкевіч жа — не такі чалавек, каб падчас прэзідэнцкіх выбараў адседжвацца недзе па сваёй волі.
Пра важныя восеньскія прэзідэнцкія выбары і казаць не варта. Чагосьці такога, дзеля чаго б беларуская ўлада правяла выбары па стандартах ЕС, напэўна, не існуе ў свеце.
На што спадзяюцца латышы ў сваіх летуценнях пра вызваленне палітвязняў і выбары? На тое, што да чарговай «лібералізацыі» беларускую ўладу змусіць эканоміка. Паводле таго ж Пілдзеговічса, пасля нападу Расіі на Украіну Беларусь усё больш зацікаўлена ў паляпшэнні адносін з ЕС, перш за ўсё ў эканамічнай сферы.
Але ж гэта мы ўжо праходзілі. Беларуская ўлада дзеля грошай гатовая лібералізаваць усё, што можна, але не палітычную сферу. Яна падпішацца пад усё, што заўгодна, абы ёй далі грошай. Але нічога з падпісанага выконваць не будзе. Альбо выканае так, што лепш бы не выконвала.
Дзеля чаго ж Латвія ставіць перад сабою звышмэту, якую яна яўна не дасягне за ўсяго паўгады старшынства ў Савеце ЕС? Ёсць тут адна прычына. Латвійскі дыпламат Юрыс Пойканс, які займаецца супрацоўніцтвам з былымі рэспублікамі СССР у рамках Усходняга партнёрства, заявіў, што на саміце ў Рызе Беларусь у чарговы раз хоча быць прадстаўлена на вышэйшым узроўні. То бок, каб на гэты саміт паехаў Аляксандр Лукашэнка. Гэта было б лагічна, калі б ён, а не хто іншы, падпісаў бы дамову пра бязвізавы рэжым ці пагадненне па змякчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС.
Напэўна, Аляксандра Рыгоравіча ў афіцыйным статусе на саміце УП у Рызе бачыць не жадаюць. Верагодна, таму і выстаўленыя невыканальныя для беларускай улады ўмовы «візавай лібералізацыі». Зразумела, што палітвязняў ніхто вызваляць не будзе, а значыць, кіраўнік Беларусі «пралятае міма Рыгі». Латвія сваю задачу на нядопуску Лукашэнкі на прасторы ЕС выканае.
Але ж адначасна на няпэўны тэрмін адсоўваецца і пытанне спрашчэння візавага рэжыму Беларусі і ЕС. І зноў да такога спрашчэння беларускім грамадзянам, — як да Месяца пехам.