Ярмошына прапанавала прызначыць прэзідэнцкія выбары на 9 жніўня

Палата прадстаўнікоў 8 траўня разглядае прызначэнне даты прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе — яны маюць прайсці ў жніўні, не пазней як за два месяцы да сканчэння цяперашніх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе «Свабода».

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, архіўнае фота www.svaboda.org

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, архіўнае фота www.svaboda.org


На пасяджэнні выступіла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына. Яна, як піша БелТА, прапаноўвала правесці выбары 9 жніўня. Паводле Ярмошынай, палітычнае кіраўніцтва краіны правяло кансультацыі з ЦВК, Палатай прадстаўнікоў, і, у прынцыпе, было выпрацавана адзіная думка аб правядзенні выбараў 9 жніўня.

Паводле Ярмошынай, на правядзенне двух тураў прэзідэнцкіх выбараў у бюджэце на 2020 год выдзелена 36 млн беларускіх рублёў (калі выбары пройдуць у адзін тур, частку грошай могуць зэканоміць).

Старшыня ЦВК раней адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзідэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцця гэтых захадаў ужо няма».

Акрамя Аляксандра Лукашэнкі, пра магчымы ўдзел у выбарах гаварылі і іншыя. Так, правацэнтрысты ладзяць праймерыз па выбары «адзінага кандыдата» — у якасці «кандыдатаў у кандыдаты» засталіся Юрась Губарэвіч, Вольга Кавалькова і Мікалай Казлоў. «Кандыдатаў пратэсту» збіраўся выстаўляць Мікола Статкевіч. Аб прэзідэнцкіх амбіцыях у абыход праймерыз заяўлялі сустаршыня «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч, кіраўнік БСДГ Сяргей Чэрачань, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч, блогер Сяргей Ціханоўскі.

У суседняй Польшчы тым часам прэзідэнцкія выбары, прызначаныя на 10 траўня, былі перанесеныя за тры дні да правядзення ў сувязі з пандэміяй каронавірусу. Ніжняя палата парламенту пераадолела вета верхняй і ўхваліла правядзенне выбараў па пошце.

 

Што трэба ведаць пра тэрміны прэзідэнцкіх выбараў 

Тлумачыць палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч. 

Паводле Канстытуцыі Беларусі, выбары прэзідэнта прызначаюцца Палатай прадстаўнікоў не пазней як за пяць месяцаў і праводзяцца не пазней як за два месяцы да сканчэння тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга прэзідэнта.

Цяперашнія паўнамоцтвы Лукашэнкі заканчваюцца 6 лістапада. Бо ягоная інаўгурацыя адбылася 6 лістапада 2015 года. І гэта значыць, што выбары павінны быць прызначаныя за пяць месяцаў, то бок не пазней за 6 чэрвеня 2020 года.

Выбары павінны адбыцца за два месяцы да заканчэння паўнамоцтваў, то-бок да 6 верасня. Але ж у законе прадугледжваецца, што можа быць і другі тур. У Канстытуцыі запісана, што паміж першым і другім турам павінна прайсці два тыдні. Атрымліваецца, што выбары трэба прызначаць не пазней як на 23 жніўня. Так патрабуе заканадаўства.

Але ж усім вядома, што на беларускіх выбарах другіх тураў не бывае. Звычайна дэпутаты зыходзяць з гэтага.

У Канстытуцыі запісана, што прэзідэнт выбіраецца на пяць гадоў. Але варта адзначыць, што першы прэзідэнцкі тэрмін Лукашэнкі склаў сем гадоў замест пяці (з 1994 па 2001). Паводле трактоўкі ўладамі пераходных палажэнняў Канстытуцыі ў рэдакцыі 1996 году, прэзідэнту фактычна дадаліся два гады.

Акрамя таго, выбары нельга прызначаць раней за тэрміны, прадугледжаныя Канстытуцыяй. Гэта магчыма толькі пры ўмове, калі дзейны прэзідэнт з нейкіх прычын датэрмінова спыняе свае паўнамоцтвы.

Тым ня менш гэтае палажэнне Канстытуцыі беларускія ўлады не аднойчы парушалі. Прэзідэнцкія выбары ў 2006 годзе прайшлі на чатыры месяцы раней за тэрмін, а выбары 2010 года — на 49 дзён раней за тэрмін. Значыць, улады трактуюць заканадаўства так, як самі хочуць і як ім выгадна.